УЛА́САЎ Аляксандр Васілевіч (1.11.1900, с.Вял. Коша Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 25.9.1962),
расійскі архітэктар. Акад. (1947), прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1955—56). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1931 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Усерас.т-ва (у 1929—32 Усесаюзнага аб’яднання) пралетарскіх архітэктараў. З 1944 гал.архітэктар Кіева, у 1950—55 — Масквы. Асн. работы: у Маскве — Крымскі мост (1936—38, інж. Б.Канстанцінаў), комплекс стадыёна ў Лужніках (1955, у аўт. калектыве; Ленінская прэмія 1959), генплан і асобныя ч. ансамбля Цэнтр. парку культуры і адпачынку імя М.Горкага (1935—41); забудова вул. Крашчацік у Кіеве (план 1945—47, у аўт. калектыве; Дзярж. прэмія СССР 1950).
Літ.:
Астафьева-Длугач М.И. А.Власов // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ЕЎ Сяргей Паўлавіч (н. 5.1.1944, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.архітэктар. Засл.архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1967). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект» (з 1999 нам. дырэктара па архітэктуры). Асн. работы (у сааўт.): генпланы гарадоў Гомель (1974—77), Мазыр (1975—78), Рэчыца (1978—80); планіроўка і забудова мікрараёнаў №5 (1977), 5А (1990) і пасёлка Крынічны (1978) у Мазыры, мікрараёнаў №16, 17, 19, 20, 53, 59 у Гомелі (усе 1980—90-я г.); праекты дэталёвай планіроўкі цэнтраў Гомеля (1979) і Мазыра (1982), жылых раёнаў «Паўднёвы» (1983) і «Валатава» (1985) у Гомелі. Аўтар праектаў рэканструкцый Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага, дзіцячага сквера па вул. Савецкай, плошчы Перамогі ў Гомелі, парку ў г. Шклоў Магілёўскай вобл. (усе 1990—2000-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́СЛАЎ Уладзімір Васілевіч (1857—1921),
рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1893). Вывучаў і прапагандаваў помнікі стараж.-рус. архітэктуры. На Беларусі рэстаўрыраваў Камянецкую вежу (1903), выканаў праект рэстаўрацыі Віцебскай Ільінскай царквы. Займаўся вывучэннем і кансервацыяй Лідскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЭ́ЦКІ Б.Л., бел.архітэктар канца 18—1-й пал. 19 ст. У 1827 пабудаваў Сноўскі палацава-паркавы ансамбль. Стварыў шэраг праектаў пабудоў для сядзібы ў в. Беніца Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. і ў г. Пружаны Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУЭ́Л, Манвел,
армянскі архітэктар 10 ст. Прыдворны дойлід цара Гагіка Арцруні. Стваральнік комплексу збудаванняў на в-ве Ахтамар (цяпер тэр. Турцыі) — палаца, прыстані, абарончых умацаванняў (не захаваліся) і арм. царквы св. Крыжа (915—921), аздобленай фрэскамі і разьбой па камені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДЭ́ЦІ (Pedetti) Маўрыцыо (1719, Караска, каля г. Мілан, Італія — 14.3.1799),
італьянскі архітэктар. У 1748—52 працаваў у Нясвіжы ў кн. Радзівілаў. Пабудаваў капліцу ў двары Нясвіжскага касцёла езуітаў, удзельнічаў у буд-ве невял. палаца «Кансаляцыя» ў Альбінскім палацава-паркавым ансамблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЬЕ́, Пусэ (Poussier) Іосіф (?—6.8.1821), архітэктар. Па паходжанні француз. Займаў пасаду віленскага губ. будаўнічага. У 1817—18 рэстаўрыраваў будынкі Віленскага ун-та. Паміж 1802 і 1821 пабудаваў (з арх. М.Шульцам) Залескі палацава-паркавы ансамбль для кампазітара М.К.Агінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ Яўген Львовіч (н. 24.5.1920, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна),
бел.архітэктар. Засл.архітэктар Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1961). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1949). У 1962—72 нам.гал. архітэктара Мінска. У 1973—85 у БелНДІПгорадабудаўніцтва. З 1960 адначасова выкладчык БПА. Асн. работы ў Мінску: будынак Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі (1956), праект планіроўкі і забудовы жылога раёна Чыжоўка (1964, у сааўт.).’ Адзін з аўтараў генпланаў (1965, 1980, 1983) і праекта дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска (1974), раённай планіроўкі Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абл. (1977), схемы рассялення Беларусі (1981). Аўтар прац па архітэктуры і горадабудаўніцтве.
Тв.:
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.);
Что такое архитектура. Мн., 1978;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Общественные центры городских населенных мест БССР (Опыт формирования, пробл. и направления развития). Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАЎ Міхаіл Паўлавіч (11.11. 1893, Масква — 1.2.1968),
расійскі архітэктар, педагог. Акад.АН Беларусі (1950), праф. (1948). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918), Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1924). У 1934—41 і з 1948 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Работы ў Мінску: забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны (1945—54, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), адм. будынак на праспекце Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945—47), будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і пл. Кастрычніцкай, жылыя дамы і мост цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны, стадыён «Дынама» (усе 1946—54, у сааўт.). Сярод інш. работ: будынкі электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобл. (1926) і Кіеве (1929), праект планіроўкі і забудовы г. Астрахань (Расія; 1930).
Літ.:
Габрусь Т. Галоўны магістральны архітэктар // Мастацтва. 1993. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРО́СІМАЎ Павел Васілевіч (14.12.1900, с. Свабода Курскай вобл. — 21.3.1961),
архітэктар. Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1923—25). Адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1955—61). Адзін з аўтараў будынкаў СМ Украіны ў Кіеве (1934—39), Маскоўскага ун-та (Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш.