сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.
Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́З, пухоўка (Typha),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУШКАВЫЯ.
астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).
Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАНО́ГІЯракападобныя
(Isopoda),
атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн.г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.
Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ РАЁН,
на ПнУ Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3 тыс.км². Нас. 50,1 тыс.чал. (1995). Сярэдняя шчыльн. 16,7 чал/км². Цэнтр — г.Барысаў, 305 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Аздзяціцкі, Бродаўскі, Весялоўскі, Вяляціцкі, Глівінскі, Забашавіцкі, Зачысценскі, Зембінскі, Іканскі, Карсакавіцкі, Кішчынаслабодскі, Лошніцкі, Майсееўшчынскі, Мётчанскі, Мсціжскі, Навасёлкаўскі, Неманіцкі, Перасадскі, Прыгарадны, Траянаўскі, Хаўхоліцкі, Чарневіцкі.
Тэр. раёна займае паўн.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўд.ч. Верхнебярэзінскай нізіны і ПнУ Мінскага ўзвышша. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 260 м (каля в. Дзядзілавічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 647 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 дзён. Гал. рака — Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Пліса, Рова (справа), Сха, Мужанка, Бобр (злева). На Пнвоз. Палік. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 54% тэрыторыі; вял. масівы на Пн і З; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Агульная пл. балотаў 12 тыс.га, балотныя масівы — Цна, Карма, Лісінскае і інш. У межах раёна — паўд.ч.Бярэзінскага біясфернага запаведніка і біял. заказнік Чэрнеўскі.
Пад с.-г. ўгоддзямі 102,7 тыс.га, з іх асушаных 23,5 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 21 калгас і 8 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства, пашыраны пасевы збожжавых, кармавых культур, бульбы і гародніны. Птушкагадоўля. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), металаапр. і харч. (крухмал, кансервы) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Орша і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі на Плешчаніцы, Беразіно, Бягомль. Суднаходства па Бярэзіне. У раёне 27 сярэдніх, 8 базавых, 10 пачатковых і 1 спарт. школы, 37 дашкольных устаноў, 52 бібліятэкі, 43 клубныя ўстановы, 2 паліклінікі, 4 амбулаторыі, раённая і 9 сельскіх участковых бальніц. Помнікі прыроды: геал. разрэз Мурава, Барысаўскае лесанасаджэнне. Помнікі архітэктуры: цэрквы 2-й пал. 19 ст. ў вёсках Бытча і Зембін, касцёл пач. 19 ст. ў в. Зембін, царква 19 — пач. 20 ст. ў в. Зорычы. Мемар. комплекс у гонар перамогі рус. войскаў над Напалеонам пры пераправе цераз р. Бярэзіна ў 1812 (каля в. Брылі). Выдаецца газ. «Адзінства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,
дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс.га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс.га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс.га (па 17%).
Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд.пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс.га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс.га), Бяльмонт (каля 12 тыс.га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.
На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на З Гродзенскай вобл.; зах.ч.Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс.км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб.выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.
У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах.ч.Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.
Гродзенскае ўзвышша каля в. Копцеўка Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ФАР, скрыня,
драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел.сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г.вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).
Я.М.Сахута, А.Ю.Лозка.
Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.