О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.​К.​Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.​Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.​С.​Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.​С.​Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.​М.​Шынкевіч (гісторыя), Г.​К.​Гаранскі, Ю.​І.​Драгун, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

з (перад некаторымі спалучэннямі зычных — са), прыназ.

I. з Р.

1. Ужыв. пры абазначэнні напрамку дзеяння адкуль-н., крыніцы, месца, адкуль выходзіць што-н.

Выйсці з хаты.

Прывесці з вёскі.

Выпіска з пастановы.

Стральба з гармат.

2. Ужыв. пры абазначэнні месца, прадмета, ад якога аддзяляецца, адыходзіць што-н.

Зваліцца са страхі.

Зняць з паліцы.

Скінуць з плячэй.

Пайсці з працы.

3. Ужыв. пры абазначэнні месца, сферы дзеяння, адкуль зыходзіць што-н., адкуль прыходзіць хто-н.

Шум з вуліцы.

Вярнуцца з вакзала.

Уваход з завулка.

4. Ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета паводле іх паходжання, прабывання дзе-н.

Пісьмо з бацькаўшчыны.

Рабочы з ліцейнага завода.

5. Ужыв. пры абазначэнні месцазнаходжання прадмета ці асобы, што ўтвараюць дзеянне.

Страляць з гары.

Удар з тылу.

Зайсці з другога боку вёскі.

6. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, з’явы, часу, асобы і пад., ад якіх пачынаецца, узнікае што-н.

Акінуць поглядам з галавы да ног.

З маленства.

Пачнём з вас.

Заняты з раніцы.

7. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, які падвяргаецца чаму-н. або які служыць адзінкай адліку.

Пошліна з тавару.

З яго ўзялі тры рублі.

Сабраць па пяцьдзясят цэнтнераў пшаніцы з гектара.

8. Ужыв. для абазначэння прадмета, які служыць узорам, арыгіналам, крыніцай чаго-н.

Пісаць партрэт з каго-н. Копія з карціны.

Пераклад з беларускай мовы.

9. Ужыв. пры ўказанні на дастатковасць чаго-н. для каго-н.

Хопіць з вас гэтага.

10. Абазначае выдзяленне часткі якога-н. цэлага.

Адно з двух.

11. Ужыв. пры абазначэнні з’яў, прадметаў і пад., пры дапамозе якіх што-н. робіцца.

Стараецца з усіх сіл.

Дапамагаць з апошняга.

12. Абазначае ўласцівасць чаго-н. па саставе, матэрыяле.

Дом з цэглы.

Абед з трох страў.

13. Абазначае змяненне, ператварэнне чаго-н. у што-н.

З пасёлка ўзнік горад.

14. На аснове чаго-н.

З дазволу.

З чыйго-н. адабрэння.

15. З прычыны, у выніку чаго-н.

Заспяваць з радасці.

Заплакаць з гора.

Сказаць са злосці.

16. Пры дапамозе чаго-н., якім-н. чынам.

Узяць з бою.

Карміць з лыжачкі.

II. з В. Прыблізна, амаль.

Пражыць з паўгода.

Рыбіна важыла з кілаграм.

Ростам з мяне.

III. з Т.

1. Указвае на сумеснасць, удзел у адным і тым жа дзеянні або стане дзвюх ці больш асоб, прадметаў, а таксама на суправаджэнне адной асобы ці прадмета іншымі пры ажыццяўленні якога-н. дзеяння, пры якім-н. стане.

Я з табой.

Мы з ім.

Брат з сястрой.

Узяць з сабой.

Раіцца з сябрамі.

Згадзіцца з кім-н. Пазнаёміць з прыяцелем.

2. Указвае на злучэнне, змацаванне аднаго і другога, а таксама на сумежнасць, блізкасць.

Межавацца з Літвой.

Звязаць адзін пакунак з другім.

Злучыць падстанцыю з гарадской тэлефоннай сеткай.

3. Указвае на наяўнасць чаго-н. у чым-н., валоданне чым-н.

Пірог з грыбамі.

Хлеб з малаком.

Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.

Дзяўчына з кнігай у руках.

4. Ужыв. пры абазначэнні з’явы або стану, якім суправаджаецца якое-н. дзеянне.

Слухаць з усмешкай.

Чакаць з нецярпеннем.

Пабегла з крыкам.

Знайсці з цяжкасцю.

Вайсковыя часці адыходзілі з боем.

5. Ужыв. пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне.

Адправіць пакет з пасыльным.

Змагацца са зброяй у руках.

6. Указвае на асобу ці прадмет, на якія распаўсюджваецца дзеянне, стан.

Справіцца з цяжкасцямі.

Сабрацца з сіламі.

Няўважліва абысціся з наведвальнікам.

З ім здарылася бяда.

Марудзіць з адказам.

Як справы з дысертацыяй? У яе дрэнна з сэрцам.

7. Ужыв. пры наступленні чаго-н.

З часам усё наладзіцца.

З надыходам вясны прырода ажывае.

З гадамі густы мяняюцца.

Усё перайначылася з яго прыездам.

8. Ужыв. пры абазначэнні мэты дзеяння.

Звярнуцца з просьбай.

Прыйсці з рапартам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

take [teɪk] v. (took, taken)

1. браць, прыма́ць;

take a bath купа́цца;

take a bus сяда́ць у аўто́бус;

take tea піць чай, піць гарба́ту;

take shel ter хава́цца

2. вадзі́ць, вазі́ць, насі́ць;

ta ke smb. home право́дзіць каго́-н. дадо́му

3. патрабава́ць; Іt takes a lot of time. Гэта займае шмат часу.

4. запі́сваць; ме́раць, вымяра́ць;

take one’s temperature ме́раць тэмперату́ру

5. лічы́ць, разуме́ць, меркава́ць, ду́маць;

I take it you agree. Я лічу, што ты згодзен.

♦

be taken ill захварэ́ць;

take advantage of smth. скарысто́ўваць што-н., выкарысто́ўваць што-н.;

take a chance скарыста́ць наго́ду;

take a cold прастудзі́цца;

take after smb. быць падо́бным да каго́-н.;

take an interest (in) заціка́віцца (у);

take a seat сяда́ць;

take a walk прагу́львацца;

take care (of) клапаці́цца;

take for granted прыма́ць за чы́стую мане́ту;

take it easy не турбу́йся;

take it from me (that)… infml паве́р мне, што..;

take notes (of) запі́сваць;

take notice (of) заўважа́ць;

take offence кры́ўдзіцца;

take part браць удзе́л;

take place адбыва́цца;

take smth. as it comes прыма́ць што-н. як яно́ ёсць;

take steps/measures прыма́ць ме́ры, рабі́ць за́хады;

take the floor браць сло́ва, выступа́ць

take aback [ˌteɪkəˈbæk] phr. v.

1. здзіўля́ць, збянтэ́жваць

2. заспе́ць зняна́цку

take apart [ˌteɪkəˈpɑ:t] phr. v. разбіра́ць на ча́сткі

take away [ˌteɪkəˈweɪ] phr. v.

1. math. адніма́ць

2. BrE браць гара́чую е́жу навы́нас (з рэстарана)

take back [ˌteɪkˈbæk] phr. v. браць наза́д (слова)

take down [ˌteɪkˈdaʊn] phr. v.

1. зніма́ць, здыма́ць (са сцяны, з паліцы і да т.п.)

2. запі́сваць

take in [ˌteɪkˈɪn] phr. v.

1. дава́ць прыту́лак

2. уключа́ць; змяшча́ць

3. разуме́ць, засво́йваць

4. падма́нваць, ашу́кваць

take off [ˌteɪkˈɒf] phr. v.

1. зніма́ць, здыма́ць (адзенне)

2. рабі́ць скі́дку

3. капі́раваць, імітава́ць

4. узлята́ць (пра самалёт)

take on [ˌteɪkˈɒn] phr. v.

1. найма́ць (на працу)

2. браць на сябе́ (адказнасць)

take out [ˌteɪkˈaʊt] phr. v.

1. выма́ць; вырыва́ць

2. браць, пазыча́ць (у бібліятэцы)

3. выво́дзіць (на шпацыр)

4. AmE браць гара́чую е́жу навы́нас (з рэстарана)

take up [ˌteɪkˈʌp] phr. v.

1. прыма́ць (выклік)

2. забіра́ць (пасажыраў)

3. падкаро́чваць (вопратку)

4. звярта́цца да каго́-н. (з пытаннем, прапановай)

5. бра́цца за што-н., пачына́ць спра́ву;

When did you take up teaching? Калі ты пачаў настаўнічаць?

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калбу́н ’пячкур. Gobio’ (Жд. 2). Укр. дыял. колб ’пячкур’, кобл і інш., рус. дыял. колб, колба ’тс’ (паўдн., паводле розных крыніц), колбень ’тс’, польск. дыял. koubʼeń, koubla (паўдн.-усх.) і інш., падрабязней агляд лексікі ў Герда, Лекс. балтызмы, 10, дзе ён лічыць формы тыпу kolb трансфармацыяй, запазычанай з літар. мовы лексемы (якой адпавядае бел. келб, гл. падрабязней гэтае слова). Такое меркаванне лагічнае, аднак не выключае іншай версіі. Рус. лексему разглядаў яшчэ Міклашыч, 154, які параўнаў яе з алб. kulp‑bi ’прэснаводная рыба’; супраць Бернекер, 1, 659, Фасмер, 2, 286, які адзначыў, што алб. слова магло быць запазычана з слав. моў. Гэта неверагодна з пункту гледжання лінгвагеаграфіі, паколькі ў паўднёвых славян лексема не зафіксавана, аднак па гэтай жа прычыне албанская паралель не здаецца надзейнай. Брукнер (227) адзначаў, што апрача польск. і ўсх.-слав. моў іншыя слав. мовы гэтага слова не ведаюць, аднак лексема з’яўляецца старой, што даказваецца быццам бы яе роднасцю да kielbasa. Не вельмі зразумела, якую семантыку меў на ўвазе Брукнер (фармальнае падабенства тут сапраўды ёсць), апрача таго. слова каўбаса вельмі няяснае, таму версія Брукнера не была прынята як малапераканаўчая. Паводде Безлая, SR, 5–7, 1954, 136, пячкур суадносіцца з слав. *kъlb ’глыбокае месца ў рацэ’ (польск. kołban з’яўляецца ўкраінізмам, гл. Слаўскі, 2, 365, дзе спасылкі на літ-py), версія недастаткова абгрунтаваная, але цікавая і каштоўная, галоўным чынам, таму, што ўкр. ковбирь, якое прыводзіць Безлай, магчымы дэрыват ад усх.-слав. колб‑, вытворныя ад якога азначаюць розныя булавападобныя і шарападобныя прадметы. Семантыцы апошніх цалкам адпавядае і матывацыя назвы калбун, калі яны сапраўды адносяцца да вытворных ад колб‑. Трубачоў (Дополнения, 2, 286) лічыць, што рус. колбь, польск. kiełb, прасл. *kъlbь маглі быць запазычаны з гоц. *kalba‑ ’цяля’ і падмацоўвае такую версію сінонімам бычок для Gobio’. Тут ёсць недакладнасці, на галоўныя з якіх звярнуў увагу Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95. Мартынаў (там жа) адзначае складанасць адносін паміж гэтымі слав. назвамі, што выцякае з арэала іх пашырэння, і лічыць, што версія Герда датычыцца толькі некаторых вытворных, сапраўды балтыйскага паходжання (гл. падрабязней пад келб), а слав. *kъlbъ узыходзіць да гоц. *kulbo. Гоцкая лексема на засведчана. Аднак мяркуецца, што яна суадносіцца з ням. Kolbe — назвай некаторых булавападобных рыб, якая хутчэй за ўсё адпавядае Kolbe ’булава, паліца’ — дакладная семантычная паралель усх.-слав. колб‑, дэрываты ад якога азначаюць ’шарападобнае патаўшчэнне; абрубак дрэва і да т. п.’ Калі такая матывацыя натуральная для ням. назвы рыб, няма прычыны лічыць яе немагчымай для слав. колб; пры гэтым утварэнне слова на слав. глебе больш верагоднае ў параўнанні з версіяй аб запазычанні лексемы з неадзначанай гоцкай крыніцы. Семантыка слав. дэрыватаў ад колб‑ ’драўляная цурка’, ’патаўшчэнне на канцы падоўжаных прадметаў’, ’мясісты, тоўсты кончык носа’, ’абрубак дрэва’ і да т. п. як быццам пацвярджае наша меркаванне, аб геаграфіі гэтых дэрыватаў і паходжанні гл. пад каўбух. Аднак арэал пашырэння назваў пячкура ў слав. мовах не выключае магчымасці запазычання слова з германскай крыніцы, на што ўскосна ўказвае лінгвагеаграфія польск. слова, параўн. геаграфію ў Герда, там жа. Слаўскага, 2, 143, пашырэнне слоў на іншай тэрыторыі (поўдзень еўрапейскай часткі РСФСР), магчыма, што толькі ўкр. (у бел. формы з ‑е‑ запазычаныя, а статус разглядаемага слова не вельмі ясны па прычыне адзінай фіксацыі) гэтага не выключае. Менавіта гэта падазроная геаграфія (паўдн.-усх. польскія формы, аб якіх пісаў Герд, відавочна, украінскія; паўн. і паўн.-усх. польская лексіка, і кашубская ў тым ліку, магла б разумецца як балтыйская, аднак, паводле Фрэнкеля, 236, літ. слова з’яўляецца паланізмам) ставіць пад сумненне таксама думку Слаўскага, 2, 143, аб дыялектным прасл. паўн.-слав. *kl̥bjь, старажытнасць якога даводзіцца ўсё тым жа алб. kulp‑bi. Параўн. з літаратуры яшчэ Махэк, ZslPh. 19, 58–59 (дзе балтыйская і слав. сінаніміка і меркаванні аб роднаснасці слав. назваў і літ. kilbùkas ’пячкур’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́х 1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х 2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х 3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух 2 і кажух 4. Этымалагічна кажух 3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух 1.

*Кажу́х 4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух 4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух 1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казлы́ 1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел. козлы, балг. козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл 1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.

Казлы́ 2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел. казёл, польск. kozieł ’кроква’, укр. гуц. кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр. усх.-палес. козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл 1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел. усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл 2.

Казлы́ 3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.

Казлы́ 4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы 1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал. козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.

Казлы́ 5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы 1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.

*Казлы́ 6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл 1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.

Казлы́ 7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл 1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.

Казлы́ 8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр. гуц. кізли, польск. kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж. kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл 1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.

Казлы́ 9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл 1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.

Казлы́ 10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл 1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.

Казлы́ 11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).

Казлы́ 12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз. драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел. козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ. óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус. пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв. kozláti ’ванітаваць’ і славен. kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус. дыял. драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел. маг. дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв. kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),

дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс. км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс. км²) у бас. р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3,8 млн. чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г. Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).

Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).

Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).

Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл. Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л. Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл. Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).

У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл. нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс. чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.

Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац. маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).

У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.​Біеліч, Н.​Гваздзенавіч, скульптар С.​Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.​Бацарыч, В.​Дзімітрыевіч, І.​Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя да 1918), М.​С.​Даўгяла (гісторыя з 1918).

Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. І.​Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЕ́ННЕ,

штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).

Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш. еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст. бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел. нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел. нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц. нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.

Літ.:

Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;

Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;

Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.

М.​Ф.​Раманюк.

Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.
Да арт. Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).
Да арт. Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.​Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.​Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.​Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).
Да арт. Адзенне. К.​Русецкі. Жняя. 1845.
Да арт. Адзенне. І.​Рэпін. Беларус. 1892.

Да арт. Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.

Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).
Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).
Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)