ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.​Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд I арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда I чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд I арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял. кн. ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.​Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.​Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам I і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап. Рэфармацыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́ННІ ГАНАРО́ВЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

форма ўзнагароды, прызнання заслуг і заахвочвання выдатных дзеячаў працы, навукі, мастацтва, ваен. справы і інш. Першыя ў БССР ганаровыя званні ўведзены ў 1927. Да 1995 існавалі ганаровыя званні: нар. артыст БССР (1927), нар. мастак БССР (1944), нар. паэт БССР [1956, ганаровыя званні нар. паэтаў прысвоены Я.​Купалу (1925) і Я.​Коласу (1926) паводле пастаноў СНК БССР), нар. пісьменнік БССР (1956), нар. настаўнік Беларусі (1988), нар. ўрач Беларусі (1988), засл. аграном БССР (1953), засл. артыст БССР (1928), засл. архітэктар БССР (1968), засл. будаўнік БССР (1960), засл. вет. ўрач БССР (1949), засл. вынаходнік БССР (1959), засл. геолаг-разведчык БССР (1968), засл. дзеяч культуры БССР (1957), засл. дзеяч мастацтваў БССР (1940), засл. дзеяч навукі БССР (1940), засл. дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1940), засл. дзеяч фіз. культуры БССР (1967), засл. заатэхнік БССР (1949), засл. землеўпарадчык БССР (1968), засл. лесавод БССР (1963), засл. майстар прафес.-тэхн. адукацыі БССР (1956), засл. меліяратар БССР (1963), засл. механізатар сельскай гаспадаркі БССР (1961), засл. настаўнік БССР (1940), засл. настаўнік прафес.-тэхн. адукацыі БССР (1956), засл. работнік быт. абслугоўвання насельніцтва БССР (1970), засл. работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР (1966), засл. рацыяналізатар БССР (1959), засл. рыбавод БССР (1979), засл. сувязіст БССР (1965), засл. ўрач БССР (1940), засл. шафёр БССР (1968), засл. эканаміст БССР (1970), засл. энергетык БССР (1970), засл. юрыст БССР (1966), засл. тэхнолаг БССР (1985), засл. канструктар БССР (1985) (гл. адпаведныя артыкулы са спісамі ўзнагароджаных). Устанаўленне, прысваенне і пазбаўленне ганаровых званняў у гэты перыяд адносілася да кампетэнцыі Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Існавалі таксама ганаровыя званні ў асобных галінах нар. гаспадаркі. Для мастацкіх калектываў былі ўстаноўлены ганаровыя званні: нар. тэатр, нар. хор, засл. капэла, засл. аркестр, засл. хор. Гар. саветы прысвойвалі званне ганаровага грамадзяніна горада.

Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995 з наступнымі дапаўненнямі ўведзены З.г. Р.Б.: Герой Беларусі (вышэйшае ганаровае званне і ступень адзнакі), нар. паэт Беларусі, нар. пісьменнік Беларусі, нар. артыст Беларусі, нар. мастак Беларусі, засл. настаўнік Рэспублікі Беларусь, засл. ўрач Рэспублікі Беларусь, засл. работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь, засл. работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, засл. лесавод Рэспублікі Беларусь, засл. будаўнік Рэспублікі Беларусь, засл. архітэктар Рэспублікі Беларусь, засл. работнік транспарту Рэспублікі Беларусь, засл. сувязіст Рэспублікі Беларусь, засл. дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, засл. работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, засл. работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, засл. артыст Рэспублікі Беларусь, засл. дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, засл. дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, засл. эканаміст Рэспублікі Беларусь, засл. юрыст Рэспублікі Беларусь, засл. работнік органаў унутр. спраў Рэспублікі Беларусь, засл. работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь, засл. работнік сац. абароны Рэспублікі Беларусь, засл. спецыяліст Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, засл. работнік фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь, засл. трэнер Рэспублікі Беларусь, засл. майстар спорту Рэспублікі Беларусь, засл. вынаходнік Рэспублікі Беларусь, засл. рацыяналізатар Рэспублікі Беларусь, засл. пагранічнік Рэспублікі Беларусь, засл. супрацоўнік органаў дзярж. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Устанаўленне З.г. Р.Б., іх прысваенне або пазбаўленне ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (гл. адпаведныя артыкулы са спісамі ўзнагароджаных).

С.​У.​Скаруліс.

т. 7, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМКЕ́ВІЧ (Рамуальд Аляксандравіч) (7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),

бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.​Рыпінскага, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Кіркора, А.​Ельскага, Лучыну, К.​Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.​Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.​Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.​Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.​Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.​Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.​Стафаніка і франц. А.​Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.

Тв.:

Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;

Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;

Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;

Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;

400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;

Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;

Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;

Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;

Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;

Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;

Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;

Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТО́ЎНАСЦЬ,

станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.

Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт. груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш).

Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.

Літ.:

Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;

Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;

Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;

Маслоу А. Психология бытия: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСЛАВІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г. аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав. нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв. Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.​І.​Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.​Ф.​Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн. чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч. дзярж. (граф М.​П.​Ігнацьеў, кн. У.​А.​Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.​Дз.Скобелеў, Р.​А.​Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.​Ф.​Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.​М.​Каяловіч і іх прыхільнікі І.​А.​Катовіч, П.М.Жуковіч, В.​В.​Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-ва слав. узаемнасці на чале з М.​А.​Хамяковым, У.​Л.​Маклаковым, Б.​А.​Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;

Павленко О.В. Панславизм // Славяноведение. 1998. № 6.

В.​М.​Чарапіца, В.​М.​Міхееў.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

універсальная, агульнадаступная навук. б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.​В.​Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л. Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял. франц. хронікі з мініяцюрамі С.​Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.​М.​Гарчакова, І.​І.​Талстога, А.​В.​Суворава, М.​І.​Кутузава), вучоных (П.​П.​Пякарскага, Р.​П.​Кавалеўскага, А.​А.​Шахматава), літаратараў (Г.​Р.​Дзяржавіна, М.​Ю.​Лермантава, І.​А.​Крылова, М.​В.​Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.​П.​Мусаргскага, М.​І.​Глінкі, М.​А.​Балакірава, Дз.​С.​Бартнянскага, М.​А.​Рымскага-Корсакава, І.​Я.​Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.​Фірковіча, лісты і творы Дж.​Байрана, А.​Бальзака, І.​Гётэ, В.​Гюго, Л.​Бетховена, Ж.​Бізэ, Ф.​Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.​В.​Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кі навук. прац. Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел. літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.​І.​Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.​Ф.​Ратча, І.​П.​Карнілава, П.​М.​Бацюшкава, П.​А.​Гільтэбранта, З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баяровіча, М.​С.​Куторгі, Л.​І.​Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.​А.​Касовіч, бібліятэказнаўцы І.​Д.​Іваноўскі, В.​І.​Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.​Я.​Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),

аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б. СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін ў рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам. к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш. міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.

Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн. прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Ўзбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.

Літ.:

Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;

Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.

А.​В.​Шарапа.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МАНАЎ (Канстанцін) (Кірыла) Міхайлавіч (28.11.1915, С.-Пецярбург — 28.8.1979),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1938). У Вял. Айч. вайну ваен. карэспандэнт газ. «Красная звезда», удзельнік абароны Магілёва. У 1938, 1950—53 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1946—50, 1954—58 — час. «Новый мир». У 1946—54 нам. ген. сакратара, у 1954—59 і 1967 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1934. Асэнсаванне тэмы патрыятызму ў зб. вершаў «Сапраўдныя людзі» (1938), гіст. паэмах «Пераможца» (1937), «Лядовае пабоішча» (1938), «Сувораў» (1939), п’есе «Хлопец з нашага горада» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942). Пра гераізм народа ў барацьбе з фашызмам у зб-ках «Лірычны дзённік», «З табою і без цябе», «Франтавыя вершы» (усе 1942), п’есах «Рускія людзі» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943) і «Так і будзе» (1944), аповесці «Дні і ночы» (1943—44, Дзярж. прэмія СССР 1946). Нарысы і артыкулы С. блізкія да маст. апавяданняў. Падзеям вайны прысвечаны раман «Таварышы па зброі» (1952), трылогія «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца» і «Апошняе лета» (1959—71, Ленінская прэмія 1974), аповесць «З запісак Лапаціна» (1965). З твораў пра лёс асобных герояў створана шырокая панарама вайны, летапіс гісторыі народа ў змаганні з фашызмам. Праблемы барацьбы за мір, за прадухіленне новай вайны ў п’есах «Рускае пытанне» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Пад каштанамі Прагі» (нап. 1946), «Чужы цень» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), кнізе вершаў «Сябры і ворагі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949). Выступаў як публіцыст, літ. крытык, перакладчык. Успаміны «Вачыма чалавека майго пакалення: Роздумы пра І.​В.​Сталіна» (апубл. 1988) — лірыка-філас. аповед пра жыццё чалавека і лёс краіны. Па сцэнарыях С. пастаўлены фільмы: «Хлопец з нашага горада» (1942), «Чакай мяне» (1943), «Дні і ночы» (1943—44), «Бессмяротны гарнізон» (1956), «Нармандыя — Нёман» (1960, з Ш.​Спаакам і Э.​Трыяле), «Жывыя і мёртвыя» (сер. 1—2, 1964) і інш. У лірыцы, раманах, нарысах, дзённікавых запісах «Розныя дні вайны» (1975) С. шырока адлюстравана Беларусь. Першыя два рэпартажы з фронту зрабіў каля Барысава і Оршы (чэрв. 1941), трэці — «Гарачы дзень» — пад Магілёвам (прысвечаны яго абаронцам), дзе на Буйніцкім полі знішчылі 39 ням. танкаў. Абаронцы Магілёва і інш. населеных пунктаў Беларусі — прататыпы многіх вобразаў твораў С., у т. л. верша «Ты памятаеш, Алёша, дарогі Смаленшчыны...». У пасляваен. гады С. часта прыязджаў на Беларусь — у Магілёў (неаднаразова), Брэст, Чавусы, Крычаў і інш. гарады. На рус. мову пераклаў паэму В.​Таўлая «Таварыш». На бел. мову вершы С. перакладалі М.​Аўрамчык, С.​Дзяргай, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, М.​Ракітны, Я.​Семяжон, К.​Цвірка, У.​Шахавец, аповесць «Дні і ночы» — А.​Кудравец. На сцэнах бел. т-раў ставіліся яго п’есы «Хлопец з нашага горада», «Рускія людзі», «Чацьвёрты» і інш. На Буйніцкім полі ўстаноўлены мемарыяльны знак С.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1979—87;

Бел. пер. — Дні і ночы. Мн., 1979.

Літ.:

Вишневская И.Л. Константин Симонов: Очерк творчества. М., 1966;

Лазарев Л. Военная проза Константина Симонова. М., 1975: Константин Симонов в воспоминаниях современников. М., 1984.

К.​Р.​Хромчанка.

К.М.Сіманаў.

т. 14, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17—19 ст.,

войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл. Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл. Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м. Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл. Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.

Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл. Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл. Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.​У.​Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс. чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.​Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.

У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.

Літ.:

Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;

Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;

Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;

Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;

Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;

100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;

Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;

Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;

Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг. Мн.;

М. 2000.

т. 13, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,

узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.

Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш. Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.​М.​Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.​Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст. Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн. узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.

Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.

16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял. бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач. сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за ​2/3 тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр. ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л. партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».

1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-т ваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.

У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр. БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.

Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.

Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв. «Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.

У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач. чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс. чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн. кав. корпус К.​М.​Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.

Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.​Ф.​Шубін, Я.​Ф.​Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл. Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс. чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.​С.​Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах. ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах. ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр. БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс. чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл. Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст. Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс. км² з насельніцтвам за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.

Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.​Ф.​Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.

У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн. чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн. чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд. руб. золатам, прамысл. вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​А.​Селіванаў, М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.
Да арт. Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.​І.​Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)