жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).
Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл.Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.
Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;
Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШЭ́ННЕ, ірыгацыя,
падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаўмеліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).
Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн.га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн.га. Вял. плошчы (больш за 265 млн.га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.
На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс.га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс.км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс.шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл.Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.
Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.
Літ.:
Агрохимия. М., 1982;
Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін з асн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам.пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам.вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.
Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.Ц.Калашнікава, кулямёт В.А.Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-ммавіяц. пушка «Вулкан»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА «МІНСК»,
серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.
Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаўэканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч. сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л.ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.
М.П.Савік.
Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,
навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).
З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.
На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАЦЫКЛЕ́ТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхн.відаў спорту. Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўж. 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўж. 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да М.с. адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне. М.с. найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Швецыі і інш.Міжнар. федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904.
Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 у Вялікабрытаніі. там жа ў 1913 — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 у Паўд. Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. З пач. 1920-х г. арганізаваны іпадромныя і з 1930-х г. — трэкавыя гонкі на лёдзе. Першыя афіц. мотагонкі ў Расіі адбыліся ў 1898, у СССР — у 1924. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).
На Беларусі М.с. пашыраны з 1930. Федэрацыя мотаспорту, мотакросу і велакросу Беларусі існуе з 1992, Федэрацыя матацыклістаў Беларусі — з 1997. Спартсмены Беларусі — чэмпіёны СССР — Э.Лявонаў (1960), А.Лук’янчык (1963), Л.Варановіч (1964), Г.Гладкі (1970). Праводзяцца чэмпіянаты Беларусі, мотакросы на прызы імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца, Герояў Савецкага Саюза Дз.І.Гарбунова, М.Ф.Гастэлы, К.С.Заслонава, Дз.М.Карбышава, М.П.Шмырова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЕ МО́РА,
бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.