ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр.Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах.Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.М.Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.М.Астроўскага, І.А.Ганчарова, А.К.Талстога, І.С.Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́К (Леанід Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-рфілал.н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АНБеларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),
атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.
Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,
група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям.весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.
Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЖА́НКА (Aruncus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АНБеларусі, уведзены ў культуру.
Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА (Валерый Станіслававіч) (н. 9.8.1938, в. Гайдукова Слабада Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз. геаграфіі. Д-ргеагр.н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963). З 1964 выкладае ў БДУ. Навук. працы па геагр. прагназаванні, меліярацыйна-геагр. раянаванні тэр.Беларусі, маніторынгавых геагр. даследаваннях. Адзін з заснавальнікаў меліярац.-інжынернай геаграфіі. Распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі. Аўтар падручніка па меліярац. геаграфіі. Прэзідэнт Бел.геагр.т-ва (з 1983).
Тв.:
Географические основы мелиорации. Мн., 1974;
Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978;
Основы географического прогнозирования. Мн., 1985 (разам з В.М.Шырокавым, А.М.Трафімавым);
Рациональное природопользование Белорусского Поозерья. Мн., 1993 (у сааўт.).