1. Разразаць (матэрыю, шкуру, футра і пад.) на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што‑н. Кроіць аўчыну. Кроіць бляху. □ Не спіць яшчэ мая старая маці: Мне на кашулю кроіць палатно.Зарыцкі.// Выразаць па мерцы часткі чаго‑н. Кроіць сукенку. Кроіць касцюм.
2.без дап. Займацца кройкай. Сам кравец спачатку кроіў, заглядаў на ўсе драбніцы. А цяпер сваёй рукою хлопец кроіць, не баіцца...Дубоўка.
3. Адразаць часткі, кавалкі ад цэлага або разразаць на кавалкі чым‑н. вострым. Кроіць лыка. □ Гаспадар, не спускаючы вачэй з Вэні, кроіў хлеб.Чорны.//перан. Разрываць, разразаць цемру, цішыню і пад. (пра яркае святло, гукі). Начныя агні паблісквалі то прыветнымі светлячкамі, то кроілі цемру.. снапамі сваіх фар.Паслядовіч.
4.перан.Разм. Прычыняць каму‑н. душэўны боль. Глыбокая.. крыўда кроіць яму сэрца.Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кручо́к, ‑чка, м.
1.Памянш.да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.
2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок.// Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы.Асіпенка.
3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі.Брыль.
4.перан.Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту.Бядуля.
5.Неадабр. Тое, што і кручкатвор.
6.Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.Ярош.// Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы.// Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар.Каваленка.
2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва.Аўрамчык.
3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай».Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шабло́н, ‑а і ‑у, м.
1.‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. □ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў.Харкевіч.// Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. □ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран.«Маладосць».
2.‑у; перан.Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце.Сіўцоў.Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў.Бугаёў.
3.‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.
[Ням. Schablone.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш.навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,
інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
В.М.Ляўко.
Віцебская кераміка. Уверсе: гаршчок, 14 ст. (злева); гляк, 15 ст.Унізе: паліваная пасудзіна для спецый, 16 ст. (злева); фрагмент размаляванай паліванай міскі, 16—17 ст. (у цэнтры); паліваная чарніліца, 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове алюмінію з дабаўкамі іншых элементаў (медзі, магнію, цынку, крэмнію, марганцу, літыю, кадмію, цырконію, хрому). Адметныя малой шчыльнасцю (да 3∙103кг/м³), высокімі мех. ўласцівасцямі, каразійнай устойлівасцю, высокай цепла- і электраправоднасцю, трываласцю і пластычнасцю пры нізкіх т-рах. Лёгка апрацоўваюцца рэзаннем і зварваюцца кантактнай зваркай (некаторыя плаўленнем), на вырабы з іх лёгка наносяцца ахоўныя і дэкар. пакрыцці.
Разнастайнасць уласцівасцяў алюмініевых сплаваў звязана з увядзеннем пэўных прысадак, якія ўтвараюць з алюмініем цвёрдыя растворы і інтэрметаліды і з’яўляюцца ўмацавальнай фазай сплаваў. Найб. пашыраны сплавы Al—Cu—Mg (дзюралюміны), Al—Mg (магналіі), Al—Si (сілуміны), Al—Mg—Si (авіялі), высокатрывалыя Al—Zn—Mg—Cu, крыягенныя і гарачатрывалыя Al—Cu—Mn, сплавы з нізкай шчыльнасцю Al—Mg—Li, Al—Cu—Li, Al—Cu—Mg—Li, парашковыя і грануляваныя. Алюмініевыя сплавы падзяляюцца на дэфармавальныя, ліцейныя і спечаныя. З дэфармавальных пракатваннем, прасаваннем, коўкай ці штампоўкай, валачэннем атрымліваюць пліты, лісты, профілі, пруткі, накоўкі, дрот. З ліцейных алюмініевых сплаваў вырабляюць фасонныя адліўкі метадамі ліцця ў земляныя, коркавыя ці метал. кокільныя) формы, а таксама ліцця пад ціскам. Спечаныя алюмініевыя сплавы атрымліваюць метадамі парашковай металургіі. Алюмініевыя сплавы выкарыстоўваюць у авіяц. прам-сці, судна- і прыладабудаванні, аўтамаб., электратэхн. вытв-сці, буд-ве, у вытв-сці быт. вырабаў.