вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.Скарына, С.Будны, А.Волан, А.Доўгірд, М.Пачобут-Адляніцкі, К.Семяновіч, А.Скарульскі, К.Нарбут, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Шадурскі і інш.
Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыяі г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл.Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец.навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.
Літ.:
Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;
Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;
Полани М. Личностное знание: Пер. с англ.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар.патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял.гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях«з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст.бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст.гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл.гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс.чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БСТВА,
найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш.Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст.н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл.Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш.еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.
Літ.:
Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;
Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм.Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл.Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл.Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар.права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
1. Застацца без каго‑, чаго‑н. Лізавета Назараўна канчаткова страціла субяседнікаў.Корбан.Сяргей працуе бухгалтарам у сваім калгасе. Ён на фронце страціў нагу.Чарнышэвіч.Я ўсё кахаў цябе, Таіса, і мне цяжка было адчуваць, што назаўсёды страціў цябе.Скрыган.// Панесці страты (пра тых, хто загінуў, памёр). Страціла Радзіма мая столькі сыноў, колькі ў лесе дубкоў.Грачанікаў.Васіль Чаравака страціў бацьку, маці і замужнюю маладую сястру.Пестрак.// Панесці страты ў жывой сіле, тэхніцы ў час вайны, бою. У баі страцілі пятнаццаць чалавек./ Пра кроў. [Кастусь] ранен у бок і напэўна страціў многа крыві.Чорны.
2. Марна, без карысці патраціць што‑н. дарагое, каштоўнае (час, грошы і пад.). — А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — у каторы раз схіліўся Косця над чарцяжом.Шыцік.[Чалавек:] — Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу.Чорны.Кратаў скронь пасівелую, Сумаваў, не таю: Ах, шкада, што даспелую Восень страціў сваю.Бялевіч.
3. Перастаць мець што‑н., валодаць чым‑н.; не захаваць, не зберагчы што‑н. У целе — дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу.Шамякін.[Хлопцы] ж страцілі апошнія сілы ў змаганні за вызваленне.Маўр./ Пра пачуцці, сімпатыі і пад. На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста і ўжо страціла ранейшую прыхільнасць да Веры.Кулакоўскі./ Пра прывілеі, правы і пад. Гурын страціў права на літасць.Машара.
4. Застацца часткова або поўнасцю без якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад. Страціць надзею. Страціць вартасць. Страціць кантакт. □ Пан Вашамірскі болей іншых страціў гумар.Бядуля.Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер.Лынькоў.Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы.Лужанін.Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару.Гамолка.У вайну мы [Ваня і Жэня] страцілі ўсякую сувязь, і, калі сказаць праўду, зусім забыліся адно на аднаго.Васілевіч.// Выйсці з ранейшага становішча; змяніць размяшчэнне, позу. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой.Колас.[Васпаваты чалавек] наважыўся ўдарыць Станіслава ў твар, але пахіснуўся, п’янае тулава страціла раўнавагу — ён грузка чмякнуўся аб падлогу.Мікуліч.
5. Збіцца, згубіць (пра дарогу, сцежку і пад.). Немцы не адважыліся ісці за .. [партызанамі] ці можа страцілі след.Мележ.
6.Абл. Загубіць, знішчыць. Надумаліся паны са свету .. [музыку] страціць.Якімовіч.
•••
Страціць ласкуукаго — перастаць быць у пашане, у павазе.
Страціць прытомнасць — самлець, абамлець.
Страціць розум — здурнець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс.чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.
Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс.чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв.к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦКРСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн.прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал.паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв.к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б) адмаўляла правабел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.
Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.
Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ.М., 1993;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;
Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;
Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;
Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;
Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989;
Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.
Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар.права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.