піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.

2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.

3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.

4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.

5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.

•••

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. прыпа́ў, ‑па́ла; зак.

1. Нізка нахіліцца, апусціцца да чаго‑н. Малое дрэўца к зямлі прыпала, у траву схавала свае лісточкі. А. Вольскі. Глядзяць сіратою лугі, Пажоўклі, аселі стагі, Да долу прыпалі. Колас.

2. Прыціснуцца да каго‑, чаго‑н. Косця прыпаў да зямлі: спераду чуваць быў глухі шум, — відаць, туды пайшоў абоз. Якімовіч. [Гумоўскі] прыпаў да шыбіны, але ў начным мораку і яго востры зрок не ўбачыў нікога. Броўка. [Марыя Сяргееўна] нахілілася — Саша абняла яе, прыпала тварам да яе пляча і ціха заплакала. Шамякін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Супасці з чым‑н. у часе; прыйсціся. Якраз Вольчыны вакацыі з братнім водпускам разам прыпалі. Калюга. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi. Чорны. Маё дзяцінства прыпала якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукатаў першы трактар. Навуменка.

4. што. Дастацца, выпасці каму‑н. На працадзень прыпала па 3 кіло збожжа, 6 кіло бульбы, 6 кіло фуражу і рубель грашамі. Лужанін.

5. безас. Здарыцца, аказацца. А назаўтра так прыпала, што Багдан Пятровіч тэрмінова павінен быў з’ездзіць у Далінічы. Краўчанка.

прыпасці́, ‑пасу́, ‑пасе́ш, ‑пасе́; ‑пасём, ‑пасяце́; пр. прыпа́с, ‑ла́, ‑ло́; зак., што.

Разм. Зрабіць прыпасы чаго‑н.; захаваць, падрыхтаваць на які‑н. выпадак, для якой‑н. мэты; назапасіць, прызапасіць. Падаў я кашміроўку маладзіцы. — Даўно на памяць дзеля вас прыпас. Вітка. — А я не толькі скасіў, — задаволена засмяяўся Анісім, — але і ласунак табе прыпас. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свядо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва свядомасць (у 2 знач.). Чалавек — істота свядомая.

2. Звязаны з развіццём свядомасці (у 2 знач.); разумны, асэнсаваны. Вялікі Кастрычнік узняў шырокія працоўныя масы да свядомага палітычнага жыцця, да будаўніцтва новай, сацыялістычнай культуры. Хведаровіч. Усё сваё свядомае жыццё, звыш 50 год, таварыш Калінін прысвяціў рэвалюцыйнай барацьбе за інтарэсы рабочых і сялян. «Беларусь». [Яругін], семнаццацігадовы чалавек, можа, першы раз у свядомым жыцці сваім нароўні з дарослымі дзяліў такую бяду, і адчуванне гэтай роўнасць з іншымі абвастрала суровую рэальнасць навакольнага свету. Карамазаў. // Які прытрымліваецца сістэмы пэўных поглядаў. Свядомы матэрыяліст. Свядомы марксіст. □ Скарына з’явіўся свядомым выразнікам сацыяльна-палітычных імкненняў перадавых слаёў беларускага народа да яднання з брацкімі народамі Расіі і Украіны. Алексютовіч.

3. Здольны мысліць і разважаць; перакананы ў правільнасці сваіх поглядаў, дзеянняў. Свядомы рабочы не толькі выканае, але і перавыканае гэтую норму. Лынькоў. [Чарнавус:] Я цешыўся, як.. [дачка] расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам. Крапіва. Былі і такія [настаўнікі], што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі. Колас. // Які вызначаецца свядомасцю, звязаны са свядомасцю. Свядомая дысцыпліна. □ Нішто так не ўзвышае асобу, як актыўная жыццёвая пазіцыя, свядомыя адносіны да грамадскага абавязку. «Звязда».

4. Які дзейнічае, наступае наўмысна, знарок. [Кісель:] — Нібы мы наўмысля так зрабілі, нібы мы свядомыя неахайнікі? Паслядовіч. // Зроблены з пэўным намерам, наўмысна. Гэта [выказванне Галынскага] было ўжо зусім свядомым выпадам супраць Пілацеева. Галавач. Месцамі аўтар «Хронікі Быхаўца» зрабіў свядомую перагрупоўку матэрыялу. Чамярыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),

англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц. бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, Г.​Дубянецкая, Е.​Лось, М.​Лужанін, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1963;

Лірыка. Мн., 1989;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1987;

На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.

Літ.:

Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;

Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;

Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;

Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;

Моруа А. Байрон. Мн., 1990.

Дж.Байран.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Вітольд Каятанавіч) (29 2.1872, б. сядзіба Крынкі, Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 18.6.1957),

бел. і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рус. пейзажнага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Нар. мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы акад. АН БССР (1947), правадз. чл. АН СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1889—96) у С.Каровіна, М.Неўрава, І.Пранішнікава, В.Паленава. Зазнаў уплыў І.Левітана. Чл. Т-ва перасоўных выставак (з 1904), т-ва імя А.​Куінджы (з 1909). Адзін з арганізатараў і чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Пісаў пераважна лірычныя пейзажы. Тонкая кампазіцыйная пабудова, складаная нюансіроўка каляровых суадносін шаравата-серабрыстых і ліловых тонаў — аснова іх эмацыянальнай выразнасці. Найб. вядомыя раннія палотны: «З ваколіц Пяцігорска» (1892), «Вясна ідзе» (1899), «Вечныя снягі» (1901), «Веснавы дзень» (1902), «У канцы зімы» (1907), «Восень» (1908), «Красавіцкі дзень» (1908), «У час цішыні» (1909, залаты медаль у Мюнхене), «Зімовы сон», «Вясна ідзе» (абедзве 1911), «Ізумруд вясны» (1915), «Ціхая восень» (1916—17), «Перад вясной» (1919, бронзавы медаль у Барселоне) і інш. Найб. вядомыя лірычныя пейзажы 1920—30-х г.: «Лясная рэчка зімой», «Веснавыя воды», «Аголеныя бярозкі», «Лёд пайшоў», «Задуменныя дні восені», «Пачатак восені», «Бэз цвіце»; 1940—50-х г.: «Лотаць зацвіла», «Прыцемкі юнага мая», «Май зазелянеў», «Дні майскіх навальніц», «Блакітнай вясной», «Вясна ідзе» і інш. Б.-Б. непераўзыдзены майстар веснавога пейзажа (больш як 200 карцін). Значнае месца ў яго творчасці займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л.​М.​Талстой («Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу», 1928), А.​С.​Пушкін («Міхайлаўскае. Домік няні», «Святагорскі манастыр», «Трыгорскае», усе 1935—36; «Асеннія дні. Алея Керн», 1952). У гады Айч. вайны стварыў палотны патрыят. гучання: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў», пейзажы сядзібы П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне (усе 1942), серыю арх. пейзажаў для выстаўкі «Шэдэўры рускага драўлянага дойлідства» (1944). У 1947 жыў пад Мінскам, напісаў цыкл карцін, у якіх паказаў своеасаблівасць прыроды бел зямлі: «Зноў расцвіла вясна», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі». Аўтар успамінаў, артыкулаў па методыцы выкладання. У г.п. Бялынічы адкрыты Бялыніцкі мастацкі музей яго імя, у Магілёве — маст. музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (аддзел Нац. маст. музея Беларусі). У 1996 у Магілёве адбыўся першы міжнар. пленэр па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Тв.:

Из записок художника // Из творческого опыта. М., 1958. Вып. 4.

Літ.:

Жидков Г. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: [Альбом]. М., 1953;

Тарасов Л. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: Народный художник РСФСР и БССР. М.; Л., 1949;

Туроўнікаў М. В.​К.​Бялыніцкі-Біруля. Мн., 1959;

Карамазаў В. Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1991.

А.​К.​Рэсіна.

В.К.Бялыніцкі-Біруля. Работа мастака А.​Бархаткова. 1945.
В.К.Бялыніцкі-Біруля. Зялёны май. 1947.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч

(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.​Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.​В.​Сабалеўскі.

У.І.Галубок. Партрэт мастака Я.​Ціхановіча. 1985.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ (Henry),

імя многіх каралёў Англіі ў 11—16 ст.

Генрых I (1068, г. Селбі, Вялікабрытанія — 1.12.1135), малодшы сын караля Вільгельма І Заваёўніка, кароль [у 1100—35].

Генрых II Плантагенет (5.3.1133, г. Ле-Ман, Францыя — 6.7.1189), кароль [у 1154—89], першы з дынастыі Плантагенетаў. Яму належалі і шматлікія ўладанні ў Францыі. Каралём стаў пасля доўгай феад. смуты (1135—53). У барацьбе за ўмацаванне цэнтралізаванай феад. дзяржавы апіраўся на рыцарства, гарады, вярхі вольнага сялянства, усталяваў мір у дзяржаве і дамогся роспуску баронскіх наёмных атрадаў. Пры ім закладзены асновы англ. суд.-адм. сістэмы, пачалося заваяванне Ірландыі.

Генрых III (1.10.1207, г. Уінчэстэр, Вялікабрытанія — 16.11.1272), кароль [у 1216—72]. Сын Іаана Беззямельнага з дынастыі Плантагенетаў. Спробы Генрыха III кіраваць краінай, апіраючыся на замежных феадалаў-авантурыстаў і рым. курыю, выклікалі незадаволенасць баронаў, якіх падтрымалі гараджане, дробнае рыцарства, заможнае сялянства. Гэта процістаянне прывяло да грамадз. вайны (1263—67), у ходзе якой Сімон дэ Манфор у 1264 разбіў каралеўскія войскі і ўзяў Генрыха III у палон. Пасля разгрому апазіцыі і гібелі Манфора Генрых III у 1266 адноўлены ў правах. Пры ім у Англіі ўпершыню скліканы парламент.

Генрых IV (крас. 1366?, замак Болінгброк, Вялікабрытанія — 20.3.1413), кароль [у 1399—1413], заснавальнік дынастыі Ланкастэраў. Стаў каралём у выніку мяцяжу магнатаў Паўн. Англіі супраць Рычарда II. Значна пашырыў правы парламента.

Генрых V (16.9.1387, г. Монмут, Вялікабрытанія — 31.8.1422), кароль [у 1413—22]. Сын Генрыха IV з дынастыі Ланкастэраў. Імкнуўся прымірыцца з феад. знаццю. Аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453, разграміў французаў пры Азенкуры, захапіў Пн Францыі з Парыжам, прызнаны нашчадкам франц. караля Карла VI і рэгентам Францыі.

Генрых VI (6.12.1421, г. Віндзар, Вялікабрытанія — 21.5.1471), кароль [у 1422—61 і 1470—71]. Сын Генрыха V з дынастыі Ланкастэраў. У 1461, у ходзе Пунсовай і Белай руж вайны, скінуты каралём Эдуардам IV Йоркам. Пасля часовай рэстаўрацыі (3.10.1470—11.4.1471) другі раз скінуты з трона і забіты ў Таўэры.

Генрых VII (28.1.1457, г. Пембрук, Вялікабрытанія — 21. 4.1509), кароль [у 1485—1509]. Заснавальнік дынастыі Цюдараў. Уступіў на трон як кандыдат Ланкастэраў пасля перамогі над Рычардам III у бітве пры Босварце (22.8.1485), якой скончылася вайна Пунсовай і Белай руж. Правёў шэраг мерапрыемстваў па абмежаванні магутнасці феад. знаці. У інтарэсах буржуазіі, што нараджалася, спрыяў развіццю суднаходства і знешняга гандлю. У час яго праўлення закладзены асновы англ. абсалютызму.

Генрых VIII (28.6.1491, г. Грынвіч, Вялікабрытанія — 28.1.1547), кароль [у 1509—47]. З дынастыі Цюдараў, адзін з яркіх прадстаўнікоў англ. абсалютызму. У час праўлення Генрыха VIII у Англіі праведзена рэфармацыя, якую ён разглядаў як важны сродак умацавання абсалютызму і казны. Штуршком да яе правядзення паслужыла выступленне папы рымскага супраць скасавання шлюбу Генрыха VIII з Кацярынай Арагонскай і ўступлення ў шлюб з Ганнай Болейн. Пасля разрыву з папам узначаліў англіканскую царкву. У 1536 і 1539 выдаў акты пра секулярызацыю манастырскіх зямель, якія пераходзілі да новага дваранства і буржуазіі, а таксама жорсткія законы супраць сялян, сагнаных з зямель у выніку агароджванняў. У той жа час абмяжоўваў агароджванні, спрабуючы затармазіць развіццё капіталіст. адносін у вёсцы.

Да арт. Генрых (каралі Англіі). Генрых VIII.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)