1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго‑н. Гэта ямы — сховішчы бульбы на зіму. Тут ніколі нішто не расло.Пташнікаў.[Будка] проста служыць сховішчам для рознага пуцейскага інструменту.Навуменка.// Асобае памяшканне ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і пад.; гэтыя ўстановы як цэнтр сабраных каштоўнасцей. Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя.Мележ.[Павел] папрасіў бібліятэкарку не заносіць у сховішча падшыўкі.Шыцік.
2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Лес вабіў да сябе, абяцаючы прытулак, сховішча і бяспеку.Новікаў.Тут, у непралазных гушчарах, знаходзяць сабе сховішча самыя лютыя і шкодныя драпежнікі.Краўчанка.
3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н.; схованка. Якую цёплую спагаду адчула Міхаліна, узяўшы на дрывотні .. [лётчыка] за руку, каб у цемені правесці ў патаемнае сховішча.Пальчэўскі.Дзед Андрэй зрабіў для палітрука надзейнае сховішча.Федасеенка.А кроках у дваццаці было сховішча зброі.Гурскі.
4. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў і пад. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе.Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяша́ць1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1.што і без дап. Размешваць, перамешваць што‑н., боўтаючы, пераварочваючы лыжкай, мешалкай і пад. Мяшаць кашу. □ — Узяла датаўкла б проса, чым дарэмна бегаць па хатах, — мяшала .. [маці] рукой у ступе напалавіну стоўчанае проса і адначасова адчытвала дачку.Васілевіч.Бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам.С. Александровіч.
2.што. Змешваць, злучаць у адно што‑н. разнароднае. Мяшаць цэмент з пяском. Мяшаць салому з канюшынай.//што і без дап., каму. Замешваць корм для жывёлы. Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла і раптам ухапілася мяшаць свінням зелле.Мележ.— Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку.Крапіва.//што. Перамешваючы, парушаць парадак. Мяшаць карты.
3.перан.; каго. Разм. Уцягваць, умешваць, ублытваць у што‑н. — А ты мяне, калі ласка, — сказаў.. [Міхась], — у гэтую кампанію не мяшай. Я кроў праліваў за Савецкую ўладу.Брыль.
4.што і без дап.Разм. Пераворваць паўторна. Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку.Баранавых.Аралі свой папар Амяльян і Рыгор, а там яшчэ далей іх мяшаў ворыва Вінцэсь.Нікановіч.
мяша́ць2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і перашкаджаць. Маці адвярнулася і прашаптала: — Нелюдзь... Яму ўсё мяшае...Сачанка.А мамка заўсёды мяне адганяе, калі я да стала падбіраюся. Не мяшай, кажа.Даніленка.
•••
Не мяшае (не мяшала б) — трэба; трэба было б. Ядзя кіўнула на Янушка. — Гэта таму не мяшала б даць добрую праборку, хто кожны дзень п’яны.Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Разм.
1. Папасці, пацэліць. Агата, як ўтрапёная, бегала па хаце, нацягвала на сябе кофту, але не магла патрапіць у рукавы.Сабаленка.[Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву.Пташнікаў.
2. Апынуцца дзе‑н., трапіць куды‑н. Калі каму трэба патрапіць на самы бераг да рачных трамваяў, трэба пераходзіць па спецыяльных жалезных мастках, перакінутых праз вуліцу.Лынькоў.— Ну і дзіва! Як гэта ты [Анэтка] патрапіла да нас?Хадкевіч.
3. Дагадзіць, унаравіць каму‑н. — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. — Можа, не патраплю я вам?Скрыган.[Чарнавус:] — Я так і на сходзе сказаў: старасць! Не магу я ўжо цяпер паспець усюды, патрапіць усім...Кулакоўскі.
4. Змагчы, здолець зрабіць што‑н., даказаць што‑н. Я б патрапіў сказаць, Што і я чалавек, Што і мне гараваць Надаела ўвесь век.Купала.Путрамант падкрэслівае, што Танк першы ў заходнебеларускай літаратуры патрапіў глыбока ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасці.Шырма.Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.Колас.[Раіна:] «Заруба маніць вам, Бо толькі я патраплю адшукаць Дарогу ў лагер, ведаючы там І дрэва кожнае і кожны пень».Танк.
•••
Патрапіць у тон (пад густ) — сказаць ці зрабіць што‑н. дарэчы, прыемнае каму‑н. Анатоль адказваў скупа, быццам баяўся не патрапіць .. [Рыгору] у тон.Асіпенка.Захоча Богут, зробіць ласку, Адно патрап яму пад густ.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме.Сачанка.// Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам.Чорны.// Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне.Кулакоўскі.Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч.Ваданосаў.[Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш?Васілевіч.// Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку.Брыль.Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона.Колас.[Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы.Лынькоў.[Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш.Калюга.
2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе.Гурскі.Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі.Гарэцкі.// Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца.Асіпенка.Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх.Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны г. Мінск, 118 сельскіх і 24 гар. раёны (на раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры і г. Бабруйск), 109 гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання, 101 пасёлак гар. тыпу, 1439 сельскіх Саветаў. Адм.-тэр. падзел замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У 6—8 ст. на Беларусі існавалі тэр.паліт. аб’яднанні — племянныя саюзы («княжанні») крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 9—10 ст. яны ўвайшлі ў стараж.-рус. дзяржаву — Кіеўскую Русь. Першыя звесткі пра падзел тэр. сучаснай Беларусі на адм.-тэр. адзінкі адносяцца да 11—12 ст.Асн. адзінкамі кіравання былі княжацкія вотчыны, якія складаліся з адзінак ніжэйшага ўзроўню — валасцей. Буйныя вотчыны, што знаходзіліся ў калектыўным валоданні і кіраванні асобных галін роду Рурыкавічаў, звычайна называліся землямі. Адна ці некалькі валасцей, часова вызначаных у кіраванне прадстаўніку княжацкай сям’і, утваралі ўдзел або ўдзельнае княства. У залежнасці ад колькасці князёў колькасць і склад удзелаў мяняліся. Ад Кіеўскай Русі першай у пач. 11 ст. адасобілася Полацкае княства — вотчына нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча (7—1001). У 2-й пал. 11 — пач. 12 ст. з яе вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы. Па меры разрастання роду полацкіх князёў некат. з удзелаў (Менскі, Друцкі, Віцебскі) ператварыліся ў самастойныя вотчыны. Рэшту тэр. Беларусі ахоплівалі Кіеўская, Смаленская і Чарнігаўская землі, замацаваныя на Любецкім княжацкім сойме 1097 за рознымі галінамі нашчадкаў Яраслава Мудрага. Са складу Кіеўскай зямлі адасобіліся Гарадзенскае княства (вотчына памерлага ў 1141 Усевалада Давыдавіча, потым яго сыноў), воласць «Дрыгавічы» з гарадамі Клецк і Слуцк (у 1140-я г. адышла да чарнігаўскіх князёў, далейшы лёс яе не прасочваецца), Тураўскае княства (у 1150-я г. стала вотчынай Юрыя Яраславіча, пазней як удзелы вядомы Пінск, Дубровіца і інш.). Да Валынскай зямлі, канчаткова вылучанай з Кіеўскай як вотчына Ізяслава Мсціславіча (памёр у 1154), адносілася паўд.-зах. частка Беларусі з Берасцем і Кобрынам. Да 2-й пал. 12 ст. ў складзе ўласна Кіеўскай зямлі засталіся бел. гарады Мазыр і Брагін. Да Смаленскай зямлі належала ўсх. частка Беларусі з Мсціславам і Крычавам, да Чарнігаўскай — паўд.-ўсх. частка з Гомелем і Рэчыцай. Некат. з гэтых гарадоў эпізадычна станавіліся цэнтрамі ўдзелаў. Воласці, не вылучаныя ва ўдзел, кіраваліся баярамі-намеснікамі.
У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст.тэр. Беларусі ўвайшла ў Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Большасць стараж. валасцей захаваліся як адм. адзінкі і былі часткова пераразмеркаваны ва ўдзелы Гедзімінавічаў (Гродзенскае, Віцебскае, Заслаўскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Полацкае, Слуцкае княствы) ці вотчыны мясц. княжацкіх дынастый (Гарадзецкае, Друцкае, Лукомскае); некат. значныя воласці (Берасцейская, Барысаўская, Ваўкавыская, Лагойская, Менская, Слонімская і інш.) кіраваліся намеснікамі вял. князя ВКЛ. У выніку падзелу ў 1345 ВКЛ паміж Альгердам і Кейстутам на Віленскую і Троцкую паловы (пад адной вярх. уладай) Альгерду, а потым яго нашчадкам падпарадкоўваліся Вільня, Віцебск, Лагойск, Менск, Полацк, Слуцк, пазней Кобрын і Мсціслаў. У Троцкую палову Кейстута і яго нашчадкаў увайшлі Берасце, Ваўкавыск, Гародня, Камянец, Новагародак, Слонім. Былое Свіслацкае княства з Бабруйскай і Любашанскай валасцямі было падзелена паміж Віленскай і Троцкай паловамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.вял.кн. Вітаўт скасаваў удзелы ў Віцебску, Кіеве, Новагародку, Полацку і замяніў мясц. князёў сваімі намеснікамі. Віцебская, Кіеўская і Полацкая землі атрымалі адм.-тэр. і судовую аўтаномію, якая праіснавала да сярэдзіны 16 ст. (Кіеўскае княства было часова адноўлена з 1440 да 1470).
У 15—1-й пал. 16 ст.тэр. Беларусі падзялялася на судова-адм. акругі (княствы і намесніцтвы), межы якіх не былі вызначаны заканадаўча, а існавалі як гістарычна склаліся ў мінулым. Усяго было каля 20 княстваў і намесніцтваў, якія з’яўляліся асн.адм.-тэр. адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласці, што паступова распадаліся ў працэсе падаравання зямель феадалам, Пад уплывам Польшчы на працягу 15 ст. намесніцтвы пачалі называцца паветамі, не раздадзеныя ў прыватную ўласнасць воласці — староствамі ці дзяржавамі. Акрамя таго, захоўваўся традыцыйны падзел ВКЛ на Віленскую і Троцкую часткі (з 1413 сталі называцца ваяводствамі). У ваен. і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае (Давыд-Гарадоцкае), Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародскае, Слонімскае намесніцтвы падпарадкоўваліся намесніку (з 1413 ваяводу) троцкаму; Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае княствы, Ашмянскае, Крэўскае, Лагойскае, Лідскае намесніцтвы — ваяводу віленскаму. Полацкая зямля з Лукомскім княствам, Віцебская з Аболецкім, Аршанскім і, магчыма, Магілёўскім намесніцтвамі, Кіеўская з Мазырскім намесніцтвам утваралі асобныя ваен. і судовыя акругі. З 2-й пал. 15 ст. Азярышчанская і Усвяцкая воласці Віцебскай зямлі, шэраг т. зв. «рускіх» валасцей у Падняпроўі кіраваліся намеснікамі вял. князя, а Абольцы, Заслаўе, Лагойск да пач. 16 ст. фактычна страцілі статус намесніцтваў і ператварыліся ў прыватнаўласніцкія або дзярж. маёнткі. Адметнай рысай Друцкага і Лукомскага княстваў было тое, што яны належалі моцна разгалінаваным княжацкім родам як сумеснае іх уладанне. Пасля згасання мясц. дынастый у Гарадзецкім (Давыд-Гарадоцкім), Клецкім, Кобрынскім, Пінскім княствах яны былі падараваны ў 1521—24 каралеве Боне, што фактычна ператварыла іх у адзіную адм. акругу. Пасля адыходу ў 1500 Чарнігаўскага ўдзельнага княства да Расіі ў ВКЛ застаўся Рэчыцкі павет, далучаны да Віленскага ваяводства. Любецкая і Гомельская вол., вернутыя ВКЛ у 1508 і 1537, далучаны адпаведна да Кіеўскага і Віленскага ваяв. У 1529 намесніцтвам стала Мсціслаўскае княства. У 1504 статус ваяводства атрымала Полацкае намесніцтва, у 1507 — Новагародскае, у 1508 — Віцебскае.
У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 колькасць ваяводстваў была павялічана, а паветаў паменшана. Межы многіх з іх значна змяніліся. Быў канчаткова скасаваны асобы статус княстваў. Друцкае і Лукомскае княствы ўліліся ў Аршанскі павет, Слуцкае — у Новагародскі (фактычна яно працягвала існаваць у складзе Новагародскага пав. як суцэльная феад. вотчына). Паводле гэтай рэформы тэр. Беларусі была падзе-, лена на ваяводствы: Берасцейскае (Берасцейскі і Пінскі пав.), Віленскае (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі і Лідскі пав.), Віцебскае (Аршанскі і Віцебскі пав.), Менскае (Менскі, Рэчыцкі, з 1569 і Мазырскі пав.), Мсціслаўскае (без паветаў), Новагародскае (Ваўкавыскі, Новагародскі і Слонімскі пав.), Полацкае (без паветаў) і Троцкае (Гарадзенскі пав.). Падзел ВКЛ на паветы (16 з іх на тэр. Беларусі) быў замацаваны Статутам ВКЛ 1588 і захаваўся да канца 18 ст.Паўд.-ўсх. ўскраек сучаснай тэр. Беларусі з Брагінам і Хойнікамі пасля 1569 застаўся ў Кіеўскім ваяводстве Польскага Каралеўства. У 1618—54 да ВКЛ адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав., да якога з 1646 належала Лоеўскае староства на тэр. Беларусі (з 1667 гэта староства — у складзе Рэчыцкага пав.).
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка Беларусі далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Магілёўскую і Пскоўскую губерні, якія падзяляліся на правінцыі: Аршанскую, Віцебскую, Магілёўскую, Полацкую і Рагачоўскую. 22.7.1773 быў абвешчаны падзел правінцый на паветы (рус. — уезды), але без вызначэння іх межаў. У 1777 Магілёўская губ. была нанова падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі, Беліцкі, Клімавіцкі, Копыскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі. З Пскоўскай губ. вылучана Полацкая губ., у якую ўвайшлі бел. паветы: Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Полацкі, Суражскі. У 1778—96 Магілёўская і Полацкая губ. называліся намесніцтвамі. На тэр. Беларусі, што засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, паводле Канстытуцыі 1791 былі ўтвораны новыя паветы: Завілейскі (цэнтр Паставы), Эйшышкскі, Слуцкі (Случарэцкі), Кобрынскі, Запінскі (цэнтр Столін). Скасаванне гэтай канстытуцыі прывяло і да скасавання новаўтвораных паветаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у склад Расіі ўключана цэнтр. частка Беларусі. З яе была ўтворана Мінская губ. (у 1795—96 намесніцтва), у якую ўвайшлі 13 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Давыд-Гарадоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Нясвіжскі, Пастаўскі, Пінскі, Слуцкі. Паўд. частка б. Полацкага ваяв. далучана да Полацкай губ. (намесніцтва) як Лепельскі пав. Невял. тэрыторыі, што прылягалі да мяжы падзелу 1772, былі далучаны да Полацкага, Сенненскага, Копыскага, Магілёўскага, Старабыхаўскага і Рагачоўскага пав. Частка паўд.-ўсх. тэрыторыі была ўключана ў Чарнігаўскую губ., дзе ў кастр. 1796 адноўлены Рэчыцкі пав. На тэр. Рэчы Паспалітай Гродзенскі пав. быў пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у склад Рас. імперыі ўключана зах. частка Беларусі, на якой утвораны Віленская і Слонімская губ. Слонімская губ. мела 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. У Віленскую губ. ўвайшлі 3 бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі і Завілейскі; частку сучаснай Беларусі ахопліваў і Віленскі пав. 12.12.1796 Слонімская і Віленская губ. аб’яднаны ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні, Рэчыцкі пав. перададзены з Чарнігаўскай у Маларасійскую губ., Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы аб’яднаны ў Беларускую губерню (цэнтр Віцебск); з 24 паветаў скасавана 7. У Менскай губ. скасаваны Давыд-Гарадоцкі, Докшыцкі, Нясвіжскі і Пастаўскі пав.; у жн. 1797 далучаны Рэчыцкі пав.
У выніку ўдасканалення адм.-тэр. падзелу 9.9.1801 на тэр. Беларусі існавала 5 губерняў: Магілёўская [уключала 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (з 1852 Гомельскі), Копыскі (да 1861), Клімавіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (з 1852 Быхаўскі), Чавускі, Чэрыкаўскі]; Віцебская (12 паветаў, з іх бел. Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі і Суражскі); Мінская (10 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Мазырскі, Менскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі); Гродзенская (8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі); Віленская [11 паветаў, з іх бел. Ашмянскі, Браслаўскі (цэнтр — г. Відзы, у 1834 пераўтвораны ў Новааляксандраўскі) і Завілейскі (з 1842 Свянцянскі)]. 18.12.1842 некат паветы пераразмеркаваны: у Віленскую губ. перададзены Вілейскі, Дзісенскі і Лідскі пав., у Мінскую — Навагрудскі пав., у Гродзенскую — Беластоцкая вобласць (Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі пав.), у Ковенскую губ. — Новааляксандраўскі пав. З 1861 паветы падзяляліся на воласці; у Магілёўскай губ. з частак Аршанскага і скасаванага Копыскага ўтвораны Горацкі пав. У 1866 скасаваны Суражскі пав. Віцебскай губ., пасля чаго колькасць паветаў не мянялася да 1919. У 19 ст. на тэр. Беларусі ўтвараліся надзвычайныя адм.-тэр. адзінкі — генерал-губернатарствы.
У ліст. 1917 Віцебская. Магілёўская і неакупіраваныя герм. войскамі паветы Менскай і Віленскай губ. аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сувязі з новым герм. наступленнем у лют. 1918 цэнтр Заходняй вобласці перанесены ў Смаленск, у яе склад уключаны Смаленская губ. і неакупіраваная частка Беларусі на У ад р. Дняпро. У вер. 1918 Заходняя вобласць перайменавана ў Заходнюю камуну. У занятым немцамі Мінску 25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і бел. паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ. Фактычна ўлада належала герм. адміністрацыі, якая не прызнала БНР. Уся паўд. частка Беларусі (да Палескай чыгункі) была перададзена ў склад прызнанай немцамі Укр.Нар. Рэспублікі.
Пасля аднаўлення сав. улады на большай частцы Беларусі 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) у межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і зах. паветы Смаленскай губ. ўключаны ў склад РСФСР, астатняя частка БССР, не занятая палякамі, — у склад Літоўска-Беларускай ССР, якая пасля ўступлення польскіх войск у Менск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У РСФСР у крас. 1919 Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую губ. (у яе ўключаны і Рэчыцкі пав. Мінскай губ.); Сенненскі (з крас. 1919) і Аршанскі (з ліст. 1920) пав. далучаны да Віцебскай губ.; Мсціслаўскі (з крас. 1919) — да Смаленскай губ. На тэрыторыі, занятай палякамі, 12.5.1919 было ўтворана Грамадзянскае кіраванне крэсаў усходніх. Замест губерняў былі створаны акругі. У Брэсцкую акр. ўвайшлі 6 бел. паветаў (Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Пінскі, Пружанскі і Слонімскі), у Віленскую — 6 (Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Лідскі, Навагрудскі, Свянцянскі). У лют. 1919 з часткі Навагрудскага і Слуцкага пав. утвораны Баранавіцкі пав. Па меры прасоўвання польскіх войск была дадаткова створана Мінская акр. У кастр. 1919 у Віленскую акр. ўвайшлі Браслаўскі і Дзісенскі (цэнтр — г. Глыбокае) пав., у Брэсцкую — Мазырскі пав. (цэнтр — г. Жыткавічы). У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена ў складзе Менскай (без Рэчыцкага пав.) і часткі бел. паветаў Гродзенскай і Віленскай губ. Сталіцай БССР стаў Менск (з 1939 Мінск). Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Ашмянскі, Лідскі, большасць Гродзенскага, бел. часткі Новааляксандраўскага і Свянцянскага пав. адышлі да Літвы.
У выніку паўторнага польскага наступлення ў кастр.—снеж. 1920 была занята зах. частка Беларусі, а ў Віленскім краі створана падкантрольная Польшчы т.зв. Сярэдняя Літва. На занятых палякамі землях быў уведзены новы павятовы падзел, 4.2.1921 утвораны Навагрудскае і Палескае ваяв.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18.3.1921 Заходняя Беларусь засталася ў складзе Польшчы. Там існавалі ваяводствы: Беластоцкае [уключала бел. паветы Ваўкавыскі, Гродзенскі, часткова Аўгустоўскі, Белавежскі (у 1922 далучаны да Бельскага) і Саколкаўскі]; Навагрудскае (Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі пав.); Палескае (Брэст-Літоўскі, Драгічынскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі пав.). У лют. 1922 да Польшчы была далучана Віленская акруга, у склад якой уваходзілі бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі, Дунілавіцкі, Вілейскі, часткова Свянцянскі і Віленска-Троцкі. У 1925 акруга пераўтворана ў Віленскае ваяв., пры гэтым Дунілавіцкі пав. перайменаваны ў Пастаўскі, з часткі Вілейскага ўтвораны Маладзечанскі пав. У крас. 1929 з часткі Лідскага і Гродзенскага пав. створаны Шчучынскі пав. і ўключаны ў Навагрудскае ваяв. Паветы падзяляліся на гміны. Многія гміны ў 1920-я г. перадаваліся з павета ў павет, з 1930 межы паветаў заставаліся нязменнымі.
У складзе БССР засталіся 6 паветаў б. Мінскай губ.: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1923 Чэрвеньскі), Мазырскі, Менскі і Слуцкі. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад Саюза ССР. У Віцебскай губ. ў лют. 1923 скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав., з Лепельскага і часткі Сенненскага ўтвораны Бачэйкаўскі пав. У Гомельскай губ. ў маі 1922 скасаваны Чавускі, у лют. 1923 — Быхаўскі пав., у ліп. 1922 большая частка Горацкага пав. перададзена Смаленскай губ., у снеж. 1923 Клімавіцкі і Чэрыкаўскі пав. аб’яднаны ў Калінінскі пав. з цэнтрам у г. Клімавічы. У сак. 1924 у выніку 1-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты некат. паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у якіх пераважала бел. насельніцтва (у новых межах): Аршанскі, Віцебскі, Горацкі, Калінінскі, Бачэйкаўскі, Магілёўскі, Полацкі, каля палавіны Мсціслаўскага і 7 валасцей Рэчыцкага. Віцебская губ. была скасавана.
17.7.1924 на тэр. Беларусі скасаваны стары і прыняты новы адм.-тэр. падзел — акругі, раёны і сельсаветы, склад якіх зацверджаны ЦВК і СНКБССР 2.1.1925. Утворана 10 акруг — Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Менская, Полацкая і Слуцкая, якія аб’ядноўвалі 100 раёнаў і 1202 сельсаветы. У снеж. 1926 у выніку 2-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты Гомельскі пав. і рэшта Рэчыцкага. 8.12.1926 яны перайменаваны ў акругі, а 18 валасцей гэтых паветаў — у раёны. Гомельская губ. была скасавана. 9.6.1927 скасаваны Барысаўская, Калінінская, Рэчыцкая і Слуцкая акр., іх раёны размеркаваны па суседніх акругах. 26.7.1930 скасаваны апошнія 8 акруг, на тэр. Беларусі застаўся толькі раённы падзел. Колькасць раёнаў у БССР мянялася: 4.8.1927 скасаваны 16 раёнаў, 8.7.1931 — яшчэ 23 раёны. 15.2.1935 адноўлены 15 раёнаў. 21.6.1935 раёны БССР, размешчаныя ўздоўж дзярж. граніцы з Польшчай, былі аб’яднаны ў 4 акругі: Лепельскую (4 раёны), Мазырскую (9 раёнаў), Полацкую (5 раёнаў) і Слуцкую (6 раёнаў).
15.1.1938 у БССР уведзены абласны падзел. 20.2.1938 усе 90 раёнаў рэспублікі, якія існавалі на той час, былі размеркаваны паміж 5 абласцямі: у Віцебскую вобл. уключана 20 раёнаў, Гомельскую — 14, Магілёўскую — 21, Менскую — 20, Палескую — 15 раёнаў. Акругі як адм. адзінкі былі скасаваны. Пастановай урада 27.9.1938 гарады ў рэспубліцы падзелены на гарады абласнога (11) і раённага (14) падпарадкавання. Акрамя таго, замест б. мястэчак былі ўзаконены 52 гар. і 14 рабочых пасёлкаў. Астатнія паселішчы (вёскі і б. мястэчкі) лічыліся сельскімі. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (ліст. 1939) на гэтай тэрыторыі ўтворана 5 абласцей і 101 раён: Баранавіцкая вобл. — 26 раёнаў, Беластоцкая — 24, Брэсцкая — 18, Вілейская — 22 і Пінская — 11 раёнаў. Віленскі край з г. Вільня ў кастр. 1939 перададзены Літве. У ліст. 1940 у сувязі з перадачай у склад Літ. ССР тэрыторыі з большасцю літ. насельніцтва 3 раёны Беларусі скасаваны (Гадуцішкаўскі, Парэцкі, Свянцянскі).
У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. частка Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. частка ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь (з цэнтрам у Мінску) у складзе рэйхскамісарыята «Остланд».
Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей перададзены ў склад Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана. 20.9.1944 у БССР утвораны 3 новыя вобласці: Бабруйская, Гродзенская і Полацкая; Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую. 8.1.1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская, Полацкая, 20.1.1960 — Маладзечанская вобл. На працягу 1956—62 на тэр. Беларусі праводзілася ўзбуйненне раёнаў: у 1956 скасавана 11 раёнаў, 1957—3, 1959—14, 1960—15, 1961—1, у 1962—54 раёны, у выніку ў рэспубліцы засталося 77 раёнаў. У 1965 былі адноўлены 23 раёны, у 1966—17. 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н Магілёўскай вобл.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892;
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройство БССР. Мн., 1966;
Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975;
Белорусская ССР: Адм -террит деление: На 1 янв. 1986 г. 7 изд. Мн., 1986;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
це́ла, ‑а, н.
1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы. Газападобнае цела. □ Метэарыты — цвёрдыя целы касмічнага паходжання.«Маладосць».//Спец. Частка прасторы, абмежаваная з усіх бакоў: тое, што мае даўжыню, шырыню і глыбіню. Прызма, шар — геаметрычныя целы.
2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах і праяўленнях. Часткі цела. □ Маладое цела жывучае.Даніленка.Мокры да касцей Сымон.. скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхнуць, цела білі дрыжыкі.Чарнышэвіч.[Пракоп] выцягнуўся на ўсю даўжыню свайго стомленага і абцяжэлага пасля ёмкага абеду цела.Колас.// Труп, мярцвяк. Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет.Гурскі.// Ужываецца для абазначэння матэрыяльнага пачатку ў чалавека ў процілегласць духоўнаму, псіхічнаму. Усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.Маўр.
3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі. [Лясніцкі] стаяў голы і старанна націраў цела сухім палатняным ручніком.Шамякін.Дужае і стройнае цела [аленя] на стройных нагах нібы скамянела.В. Вольскі.Яшчэ пад купінай лядок, а на купіне ўжо гняздзечка кнігаўка зрабіла, яечкі сваім целам грэе.Бялевіч.//перан. Пра ствол дрэва, расліны. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывое цела, яблыня, як ад спалоху, уздрыгвала.Карпаў.[Салдацкая каска] глыбока ўвайшла ў цела дубка, і знізу дрэўца было нібы пераціснута.Паўлаў./увобразнымужыв.Якую ж чорную навалу перанесла ты, родная Беларусь! Як знявечылі тваё святое цела кіпцюры крыважэрных драпежнікаў, што наляцелі з Захаду!Хадкевіч.Гляньце! Наліваецца злектрычнай крывёю Магутнае цела Маёй краіны.Хведаровіч.
4.Спец. Асноўная масіўная частка чаго‑н. Цела самалёта. □ Цяжка пульсуе магутнае цела паравога катла.Шынклер.
•••
Абсалютна чорнае цела — цела, якое поўнасцю паглынае праменне, што падае на яго.
Іншароднае цела — а) прадмет, які трапіў звонку ў арганізм; б) аб кім‑, чым‑н. чужым, пабочным, што застаецца адасобленым. У іншым выпадку ўсё можа скончыцца антымастацкай практыкай, і лепшыя ўзоры духоўных здабыткаў іншых народаў, перанесеныя на родную глебу, застануцца чужародным целам, штучна перасаджаным у неўласцівае яму асяроддзе.Майхровіч.
Нябеснае цела — планета, зорка, камета.
(Быць) у целе — быць поўным, укормленым, сытым.
Грошы цела не пякуць — грошы нікому не шкодзяць, ніколі не бываюць лішнімі. — А каму грошы цела пяклі? Каму яны лішнія былі? — Дзед насупіўся.Масарэнка.
Грэшнае цела — арганізм чалавека з усімі яго фізіялагічнымі праявамі як супрацьлегласць яго духоўнаму, псіхічнаму свету.
Душой і целамгл. душа.
Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па целегл. мурашка.
Развітацца з целам — правесці нябожчыка ў апошнюю дарогу, пабыць на пахаванні.
Свая кашуля бліжэй да цела — сваё даражэй.
Свяціць голым целамгл. свяціць 1.
Спасці з целагл. спасці.
Толькі душа ў целе — ледзь жывы (пра хворага, слабага ці вельмі стомленага чалавека).
Трымаць у чорным целегл. трымаць.
Увабрацца (увайсці) у цела — паправіцца, акрэпнуць; папаўнець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр.ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял.кн.Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.
Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст.вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.
Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.
Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.
З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.І.Астрожскім (30 тыс.чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.А.Чалядніна і М.І.Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізаваць усх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.
Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.
Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.
З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.
У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел.Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).
У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».
У 14—1-й пал. 16 ст.асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.
Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛбыло праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле небыло да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.
Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.Ф.Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс.чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.
1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав.не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.
Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.
У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.
У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст.сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.Тызенгаўза).
Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.
Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал.17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).
Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.
Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.
У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял.кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.
У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі былоНалівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.
У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.
У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.
Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс.чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.П.Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.Радзівіла, А.Гансеўскага, П.Сапегі, Е.Глябовіча, С.Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.М.Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.
Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.Радзівіл, яго стрыечны брат Б.Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.
На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.
Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.А.Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.Я.Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.А.Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛне выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн.чал., у 1667—73—1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.
Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.А.Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.
У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.І.Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.П.Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛне прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн.чал. да вайны да 1,5 млн.чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.К.Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.Э.Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс.чал., войска ВКЛ — да 6 тыс.чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.
Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.В.Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.К.Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.В.Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.
У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.
24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс.чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.Серакоўскага і атраду К.Князевіча (5 тыс.чал.) у час Крупчыцкага бою. І.Е.Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;
Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;
Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;
Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;
Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;
Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;
Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;
Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;
Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;
Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд.Мн., 2003;
Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.
А.П.Грыцкевіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.Дальберга.Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бі́ла, ‑а, н.
1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.
2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей.Машара.
3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю небыло чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка.Чорны.Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька.Пальчэўскі.
4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой.Лынькоў.[Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну].Зарэцкі.
2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных.Юргелевіч.На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў.Брыль.// Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе.Кулакоўскі.//перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху.Чыгрынаў.
2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся.Якімовіч.//перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату...Брыль.//перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб небыло часамі швах, Калі абмацаюць бандыты.Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)