здалёк і здалёку, прысл.

З далёкай адлегласці. Дзяўчына здалёк колькі разоў.. акідвала поглядам незнаёмага маладога хлопца, а падышоўшы бліжэй, апусціла вочы. Колас. Удзень, калі ціха, у лесе здалёку чуваць. Чорны. // З далёкай мясцовасці. — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я, калі нагнаў зноў. — Здалёк. Старыцу ведаеце? Скрыган. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела [Юля]. Васілевіч. // перан. Без непасрэднага дачынення; праз нейкі прамежак часу. Гляджу на былое здалёк. Астрэйка.

•••

Пачаць здалёк (здалёку) гл. пачаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсве́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.

2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсве́чваць, ‑ае; незак.

1. Адбіваючы святло, свяціцца, даваць водсвет. Конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова. Лынькоў. // Адліваць колерам чаго‑н. або якім‑н. колерам. Золатам адсвечвала пажоўклае лісце вішняку. «Маладосць».

2. Адбівацца на чым‑н. Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Брыль. [Міхалковіч:] Унь, бачыш, бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае. Чорны. // перан. Адбівацца (у вачах, на твары — пра душэўны стан). Але ў [Рыгоравай] ухмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсю́ль, прысл.

1. З гэтага месца; ад гэтага месца. Адсюль, з лясной паляны, На бітву і ў разведку Хадзілі партызаны. Аўрамчык. Да гарадка адсюль было вёрст трыццаць. Чорны. // З гэтай мясцовасці. Ён родам адсюль, са Стоўбцаў.

2. З папярэдняга разважання; у выніку гэтага. [Вейс:] — Калі злачынца злоўлены ці ўрэшце так пакараны сваімі рабочымі, трэба і зрабіць адсюль належныя вывады. Лынькоў.

•••

Адсюль-адтуль — з розных месцаў патроху.

Ні адсюль, ні адтуль — раптоўна, немаведама адкуль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., што.

1. Паспешліва адняць. [Аляксей] палажыў свае дужыя, запэцканыя ў мазуту рукі на белы падаконнік, але тут жа паспешліва адхапіў іх і схаваў за спіну. Шамякін. Любка нечакана стукнула яму па руцэ і крыкнула: — Не лезь! — Паліцай адхапіў руку, як ад прыску. Дамашэвіч.

2. Разм. Набыць, дастаць, ухапіць; зарваць. Зямля была вельмі ўрадлівая. Ксавэр Блецька ведаў, які кавалак адхапіць ад Гальваса. Чорны.

3. Разм. Зарабіць, атрымаць. Адхапіць двойку. Адхапіць вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асму́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.

2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асы́пацца, ‑плецца; зак.

1. Адваліўшыся, разваліўшыся, асунуцца ўніз. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. Толькі пабелка на ёй [вежы] з гадамі асыпалася, і вежа выглядае цяпер чырвонай. Краўчанка.

2. Апасці (пра лісце, зерне і пад.). Асыпаліся пялёсткі вяргіні. // Застацца без лісця, пялёстак; агаліцца. Пасох верас, парудзела папараць, не адскочыла нават ад зямлі, асыпаўся багун і ягаднік. Пташнікаў.

асыпа́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да асы́пацца.

2. Зал. да асыпа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Тое, што і болька.

2. перан. Разм. Недахоп, слабае месца ў дзейнасці, характары. — Ты на маю балячку не [цісні]. Ад самога сябе хапае, сасмылела ўсё ўнутры, — адсек Нікадзім. М. Ткачоў. [Блецьку] агарнуў смутак і безнадзейнасць. Балячкі яго душы былі разварушаны. Чорны. // Пра чалавека з якімі‑н. недахопамі, з-за якога бываюць непрыемнасці калектыву. Пакідаць .. [Шалюту] старшынёю нельга, гэта відавочна, але ж на якую работу паставіць такую балячку? Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мятаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і памята́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што, пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам.

Тое, што і помніць. [Волечка:] — Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла. Чорны. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася.. [балота] тут. Колас. — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)