«БЕ́ЛЫЯ»,

1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).

2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл. Белая гвардыя.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Анатоль Восіпавіч) (10.7.1857, Віцебск — 23.9.1930),

рэвалюцыянер-народнік. З 1876 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Прыхільнік рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Падтрымліваў кантакты з А.Дз.Міхайлавым, М.А.Марозавым, С.Л.Пяроўская У 1879 увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да арг-цыі «Чорны перадзел». У 1879 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага пав. У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу» ў Мінску. Арганізаваў у Блоні гурток самаадукацыі, распаўсюджваў нелегальную л-ру, стварыў Блонскую сялянскую арганізацыю. Неаднаразова быў арыштаваны (у 1882, 1886, 1901, 1908, 1912). У канцы 1890-х г. адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901—04 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1905 у ЦК партыі эсэраў. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, у час Снежаньскага ўзбр. паўстання змагаўся на барыкадах у Маскве. У час 1-й сусв. вайны ў эвакуацыі, працаваў у арг-цыях дапамогі бежанцам з Беларусі. У 1917 чл. выканкома Уладзімірскага губ. Савета сял. дэпутатаў. Дэлегат Усебел. з’езда (1917). З 1918 у Мінску, актыўна ўдзельнічаў у каап. руху. З 1926 у Маскве, чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЦЕЎ (Хрыста) (6.1.1849, Калофер, Балгарыя — 1.6.1876),

балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг. рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.Хведаровіч, Н.Гілевіч, А.Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

Літ.:

Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.

Г.Я.Адамовіч.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКГА́ЎЗА ВЫДАВЕ́ЦТВА (Brockhaus),

нямецкая кнігавыдавецкая і кнігагандлёвая фірма. Засн. ў 1805 Ф.А.Бракгаўзам у Амстэрдаме (з 1811 у Альтэнбургу, з 1817 у Лейпцыгу). Спецыялізуецца на выпуску універсальных энцыклапедый. З 1984 у складзе акц. т-ва Бібліяграфічны інстытут і Ф.А.Бракгаўз.

У 1808 Ф.А.Бракгаўз выкупіў права на выданне універсальнай энцыклапедыі «Konversations Lexikon» («Гутарковы слоўнік», выходзіла з 1796) і выдаў заключны 6-ы том (1811). Для падрыхтоўкі 2-га выдання Слоўніка былі прыцягнуты лепшыя інтэлектуальныя сілы тагачаснай Германіі. У 1986—94 выйшла 18-е выданне гэтай энцыклапедыі ў 24 тамах [з 13-га выдання называецца «Brockhaus’Konversations-Lexirkon» («Гутарковы слоўнік Бракгаўза»); з 15-га — «Der Grosse Brockhaus» («Вялікі Бракгаўз»); з 17-га — «Brockhaus Enzyklopädie» («Энцыклапедыя Бракгаўза»)]. Бракгаўза выдавецтва выдала таксама «Allgemeine Enzyklopädie der Wissenschaften und Künste» («Універсальную энцыклапедыю мастацтваў і навук», т. 1—167, 1818—89, не завершана), «Der Neue Brockhaus» («Новы Бракгаўз», т. 1—5, 1958—60); «Der Volks-Brockhaus» («Народны Бракгаўз», 1959); «Der Kleine Brockhaus» («Малы Бракгаўз», т. 1—2, 1961—62) і інш. Бракгаўза выдавецтва выдае кніжную прадукцыю амаль на ўсіх еўрап. мовах і мае аддзяленні ў многіх сталіцах свету. У Расіі выд-ва Бракгаўза і Эфрона (пазней акц. выдавецкае т-ва «Выдавецкая справа») працавала ў 1889—1930 у Пецярбургу. На ўзор энцыклапедый Бракгаўза выдаваўся Бракгаўза і Эфрона энцыклапедычны слоўнік.

В.К.Шчэрбін.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНСК,

горад у Расіі, цэнтр Бранскай вобласці, на р. Дзясна. 478,1 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г., дарожныя і ірыгацыйныя машыны, цеплавозы, вагоны, рухавікі і інш.), хім., лёгкая (абутковая, швейная), дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы). 4 ВНУ. 3 т-ры. Гіст.-рэвалюцыйны музей.

Засн. ў 985 як слав. ўмацаванае паселішча. Першапач. назва Брынь, потым Дзебранск. Як горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе каля 1146, належаў чарнігаўскім князям. З 1159 у складзе Вшчыжскага княства, у 1167 зноў адышоў да чарнігаўскіх князёў. З 1252 цэнтр Бранскага княства. У 1356 захоплены Альгердам і ўключаны ў ВКЛ. У 1500 Бранск занялі войскі Івана III, горад увайшоў у Маскоўскую дзяржаву. У часы Пятра І у Бранску закладзена суднаверф, дзе ў 1737—39 будаваліся судны Бранскай флатыліі для паходу ў Турцыю. З 1709 у складзе Кіеўскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскай губ. У 19 ст. — цэнтр Бранскага прамысл. раёна; у 1870-я г. створана т-ва Бранскага рэйкапракатнага, жалезаапрацоўчага і мех. з-даў. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны. У бранскіх лясах дзейнічала каля 60 тыс. партызан. Вызвалены ў выніку Бранскай аперацыі 1943.

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,

гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд. т, разведаныя запасы — больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮСТ (франц. buste),

пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт. партрэта.

Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.Берніні, Ж.А.Гудон, А.Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.Растрэлі, Ф.Шубін, Н.Андрэеў, В.Мухіна, С.Лебедзева і інш.

На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.К.Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.Ельскі, Р.Слізень, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі, Я.Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г. бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.В.Фрунзе (А.Глебаў), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва З.Азгур), Г.Грыгоніса (М.Керзін); у гады Вял. Айч. вайны — воінаў і партызан Л.М.Даватара (А.Грубэ), Ф.А.Смалячкова і М.Ф.Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.Багрыма, К.Крапівы, М.Танка, Цёткі (А.Пашкевіч; усе Азгур), У.Уладамірскага (А.Глебаў), Я.Коласа (С.Селіханаў), М.Багдановіча (Г.Мурамцаў; Л.Гумілеўскі), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва В.Занковіч), Л.І.Бяды, Ю.А.Гагарына, У.В.Кавалёнка, П.І.Клімука, Г.Ц.Берагавога (усе І.Міско), помнік-бюст Я.Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.Бернардоні (усе С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівілу Сіротку, У.Сыракомлю, Т.Макоўскаму, Я.Коласу (усе М.Канцавы).

А.К.Лявонава, Л.Г.Лапцэвіч.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),

жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).

На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)