ніжні, звычайна нежылы паверх дома ці гасп. пабудовы. П. ў сял. буд-ве на Беларусі сустракаліся рэдка, пераважна на ПнУ. Вядомы ў сядзібным і замкавым дойлідстве 16—18 ст. У П. жылых дамоў размяшчалі каморы, стайні і інш.гасп. памяшканні, часам жыллё прыслугі, кухню, пякарню. Рабілі П. ў некат. гасп. збудаваннях (клецях, свірнах). Ролю П. ў гар. жыллі 18 — пач. 20 ст. нярэдка выконвалі ніжнія мураваныя паверхі, дзе размяшчаліся складскія памяшканні, крамы, майстэрні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДМА́НКІ,
група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ АРАШЭ́ННЯ,
зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаванняміпераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́Т ЭПІДЭМІ́ЧНЫ,
хвароба чалавека, пры якой пашкоджваюцца калявушныя (радзей падсківічныя і пад’язычныя) слінныя, палавыя і падстраўнікавая залозы, нерв. сістэма і інш. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус. Хварэюць пераважна дзеці і падлеткі. Крыніца інфекцыі — хворы на П.э. Заражэнне звычайна паветрана-кропельным шляхам. П.э. пакідае стойкі імунітэт. Прыкметы: павышаная т-ра цела, боль у вобласці ніжняй сківіцы пры адкрыванні рота і жаванні, напухаюць і баляць пашкоджаныя залозы. Ускладненні: бясплоднасць, глухата, цукр. дыябет і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЛА (Porella),
род пячоначных імхоў сям. парэлавых. Каля 180 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 1 від — П. пласкалістая (P. platyphylla) — занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў цяністых лясах, старых парках і аблесеных ярах на ствалах, на выступаючых з зямлі каранях шыракалістых дрэў.
П. пласкалістая — двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі плоскія, буравата-зялёныя. Сцябло даўж. 3—8 см, жорсткае, двойчы і тройчы перыстаразгалінаванае. Лісце густое, чарапічнае, двухлопасцевае. Каробачка шарападобная, на кароткай ножцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЯКА́, Пяляка,
рака, левы прыток р. Струна (бас. Віліі) у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. і Літве. Даўж. 25 км, у межах Беларусі -22 км. Пл. вадазбору 82 км². Пачынаецца ў Літве, за 1 км на З ад в. Казнадзеюшкі Пастаўскага р-на перасякае мяжу, упадае ў Струну за 2,2 км на ПдУ ад в. Масцяны Астравецкага р-на. Цячэ пераважна па лесе. Пойма месцамі забалочаная. Рэчышча на працягу 1,8 км ад вусця каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТУ́НІЯ (Petunia),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 15 (па інш. звестках да 40) відаў. Пашыраны пераважна ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі ў культуры П. гібрыдная (Р. х hybrida). Вядома некалькі садовых форм, у т. л. буйнакветкавая, шматкветкавая, махровая, махрыстая, нізкая.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 90 см. Сцёблы прамастойныя або паўсцелістыя, густагалінастыя. Часта парасткі і лісце ўкрыты валаскамі. Кветкі адзіночныя, шырокалейкападобныя, белыя. ружовыя, ліловыя, чырв., фіялетавыя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́ДЫІ (Plasmodium),
род аднаклетачных паразітычных арганізмаў падатр. гемаспарыдый кл. спаравікоў. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Узбуджальнікі малярыі пазваночных жывёл і чалавека. Пераносчыкі П. — насякомыя, часцей малярыйныя камары.
У эрытрацытах, эпітэліяльных клетках і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы пазваночных жывёл (прамежкавыя гаспадары) П. праходзяць стадыі бясполага развіцця. З крывёю трапляюць у арганізм насякомага-крывасмока (дэфінітыўны гаспадар) і ў яго кішэчніку праходзяць палавое развіццё. Са слінаю насякомага П. зноў трапляюць у кроў жывёлы ці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ХТА,
1) старадаўняе ўкраінскае жаночае паясное адзенне. Адзявалася паверх больш доўгай кашулі ў выглядзе спадніцы. Складалася з 2 сшытых па даўжыні да палавіны полак. П. перагіналася і насілася так, каб сшытая ч. ляжала ззаду, а нясшытая свабодна звісала па абодвух баках (або падгортвалася). Шылі з рознакаляровай, пераважна ваўнянай, тканіны. Спераду П. закрывалася фартухом.
2) У зах. абласцях Украіны — верхняя адзежына з палатна.
3) У зах. і ўсх. славян — кавалак тканіны, прасцірадла.
4) У палякаў, лужычан, славакаў — плашчападобная адзежына.