зле́гчы, злягу, зляжаш, зляжа; пр. злёг, злегла і злягла, злегла і злягло; зак.

1. Захварэўшы, надоўга легчы ў пасцель. Іван Пракопавіч злёг: цела як разбітае, агнём гарыць галава. Навуменка. — Злёг стары, — сумна паківаў галавой Іван Іванавіч. — Можа, прастудзіўся, а мо гады вінаваты... Даніленка. // Разм. Загінуць у баі. Тысячы галоў зляглі ў крывавай бучы. Колас. [Завішнюк] доўга думаў пра тых, хто рана, заўчасна, злёг у лясной зямлі... Пташнікаў.

2. Прыгнуцца да зямлі, палегчы (пра злакавыя расліны, травы і пад.). Жыта злягло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.

1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.

2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.

3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.

4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашчу́нства, ‑а, н.

1. Адзін з відаў злачынства супроць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні.

2. Зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя. Валянціна Андрэеўна.. амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына.. — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства! Шамякін. — Ці ж можна пазбаўляць чалавека найвялікшага шчасця — бацькоўства?! Гэта ж кашчунства. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міра́ж, ‑у, м.

1. Аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце ўзнікаюць уяўныя адлюстраванні далёкіх наземных прадметаў або ўчасткаў неба ў выніку заломвання сонечных праменняў у нераўнамерна нагрэтых слаях атмасферы. І раптам Засмужац перад сабой убачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Мележ.

2. перан. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, тое, што не можа здзейсніцца. Штодзень святлей, шырэй разлогі, І гэта не міраж. Ідуць-бягуць шляхі-дарогі, змяняецца пейзаж. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.

1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.

2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нядо́бра,

1. Прысл. да нядобры (у 1, 3–5 знач.).

2. безас. у знач. вык. Дрэнна. Марылька глядзіць на.. [бацьку] і маўчыць. А потым пытаецца: — Праўда, тата, — хварэць нядобра? Брыль. // Не ўсё ў парадку, не па душы. На жаль, і так яшчэ бывае. Сапун сядзіць, на іншых наракае: Прамашка ў гэтага, памылка ў таго... Усё яму нядобра, слаба. Корбан.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. [Вера:] — Табе нядобра, мая ягадка? Ты, можа, вады вып’еш? Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкало́ць ​1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Прыкалоць, загінаючы або падгінаючы знізу. Падкалоць падол.

2. Прымацаваць шпількамі, сашчэпкамі, дадаючы да таго, што ўжо маецца. Падкалоць дакументы.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. — А вы, дзядзька, мусіць, некалі хвацкім кавалерам былі? — непрыкметна падколе Ваньку які-небудзь жартаўнік. Васілевіч. Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Шамякін.

падкало́ць ​2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., чаго.

Накалоць дадаткова. Падкалоць дроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.

Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.

•••

Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Быць натурай для фатографа або мастака. Сам Пік, як звар’яцелы, бегае па гораду па нейкіх справах: афармляе дакументы.., пазіруе фатографам і дае інтэрв’ю. Быкаў. [Ісак:] — Мне хочацца намаляваць вас. Можа вы згодзіцеся пазіраваць мне? Асіпенка.

2. Прымаць позу (у 2 знач.), рысавацца. Васіль і зайздросціў Шышкову за ўменне так добра, дакладна расказваць і ў думках дакараў за тое, што ён яўна крыху пазіруе. Шамякін. [Ала] крыху пазіруе, каб даць .. [Васілю Пятровічу] магчымасць паглядзець на сябе бяссільную. Карпаў.

[Фр. poser.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памага́ты, ‑ага, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.

2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)