МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,

паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сць культ. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.

Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.​Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.​Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.​Фром, Д.​Рысмен, Г.​Маркузе, Я.​Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.​Оруэл, О.​Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.​Парсанс, ЗША).

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень),

старажытнакаменны век, самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн. г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс. г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн. г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс. г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс. г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс. г. назад ці 12—8,3 тыс. г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс. г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;

Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кі апавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.​Брыль, А.​Кучар, А.​Марціновіч, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Бел. пер. — Кара-Бугаз. 2 выд. Мн., 1935;

Калхіда. Мн., 1935;

Чорнае мора. Мн., 1938;

Аповесці. Мн., 1957;

Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.

Літ.:

Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;

Кременцов А.И. К.​Г.​Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;

Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;

Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.​Г.​Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург. Л., 1990.

А.​В.​Спрынчан.

К.Г.Паустоўскі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв. ВКЛ. Уласнасць Ф.​І.​Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл. Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.

Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінат быт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзейэтнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

даві́ць 1, даўю, даўеш, даўе; даўём, даўяце; зак., што.

Закончыць віццё чаго‑н. Давіць вяроўку.

даві́ць 2, даўлю, давіш, давіць; незак., каго-што.

Разм.

1. Налягаць, націскаць цяжарам. Зброя і мокрая вопратка давілі вялікім цяжарам на плечы, прыгіналі людзей. Шамякін. // перан. Прыгнятаць, падаўляць. Сістэма самадзяржаўна-прыгонніцкай улады давіла і прыгнятала працоўных. // перан. Уздзейнічаць сваёй уладай, багаццем і пад. Фабрыканты пачалі ўжо давіць на ўрад, каб ён не абмяжоўваў звышурочнай работы. Ленін. // перан. Гнясці. Ды вось яшчэ цішыня! Яна прыгнятала, давіла на сэрца нейкім жудасным цяжарам. Гамолка.

2. Душыць, трушчыць, знішчаць. Верамейчык расказваў, як нашы танкі адразу з маршу рынуліся ў бой, давілі гусеніцамі, расстрэльвалі з гармат фашысцкіх ваякаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)