БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,

палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.

М.С.Даўгяла.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (República Dominicana),

дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх. ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс. км². Нас. 7543 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).

Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр. ч. краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс. ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.

Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.Калумбам (1492) яго ўсх. ч. (цяперашняя тэр. краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.Л.Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.

Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс. чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.Г.Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр. краіны. Д.Р. — чл. ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш. міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв. сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш. Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.

Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн. таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд. кВтгадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля ​2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн. т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр. з каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс. км.

Чыгунак 1,2 тыс. км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн. гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.

Літ.:

Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Дамініканскай Рэспублікі.

т. 6, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,

функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял. л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.

Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.

Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Беларусь.

Літ.:

Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;

Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць Мн., 1975;

Гл. таксама да арт. Літаратура, Літаратуразнаўства.

А.М.Пяткевіч.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр. газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколкапаравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял. Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял. Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш. бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1981—85;

Летапіс эпохі. Мн., 1968;

Літаратура і жыццё. Мн., 1978;

Публіцыстыка. Мн., 1980;

Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;

Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;

Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;

Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;

Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;

Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;

Святло яго душы. Мн., 1979;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;

Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

Дз.Я.Бугаёў.

М.Лынькоў.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тра́ціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. □ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. □ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які належыць каму‑н. іншаму (іншым), з’яўляецца ўласнасцю другога (другіх). Адам Блецька мог ні тое, што чужое пісьмо прачытаць, а нават і чужых пару коней з чужога хлява вывесці. Чорны. Лягчэй дастаць птушынае малако, як гараж пабудаваць.. На сваім двары месца няма, а на чужы хто цябе пусціць? Корбан. // Утвораны, зроблены, перажыты кім‑н. іншым. Выправіць чужыя памылкі. Чужое гора. □ [Тапурыя] выпісалі са шпіталя ў той жа дзень, як толькі ён здолеў хадзіць без чужой дапамогі. Самуйлёнак. // Непрывычны, незнаёмы каму‑н. іншаму; нязвыклы. — Маму забілі, — ціха сказала .. [Люба] нейкім чужым ахрыплым голасам. Шамякін. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія. Шыцік. Вагранка, ля якой завіхаліся мантажнікі, стаяла халодная, чужая. Карпаў.

2. у знач. наз. чужо́е, ‑ога, н. Тое, што належыць каму‑н. іншаму (іншым), уласціва другому (другім). Выдаваць чужое за сваё. □ Даніла нагнуўся над пратокаю, працягнуў да каша рукі і не асмельваўся ўзяцца за яго — бы браў чужое. Капыловіч.

3. Не звязаны сваяцкімі ці блізкімі адносінамі, агульнай працай і пад. Асташонак ведае гэты асабняк даўно, быў тут сваім чалавекам, але толькі цяпер чамусьці адчуў сябе чужым. Ваданосаў. // Незнаёмы, нетутэйшы. [Хадорка:] — Макарка-ляснік натрапіў, адубелага ў сяло прынёс. Чужы нейкі, не крышыцкі... Кандрусевіч. / у знач. наз. чужы́, ‑ога, м.; чужа́я, ‑ой, ж. Пападала .. [Цімошку] ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

4. Які не з’яўляецца месцам пастаяннага жыхарства, радзімай для каго‑н. На чужой зямлі.. [вораг] трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца. Пальчэўскі. Хата чужая — як свякруха ліхая. Прыказка. // Які мае адносіны да іншай дзяржавы, краіны; замежны. Не раз па мне [дарозе] зямель чужых сыны Цягнулі волакам купецкія чаўны: З Дзвіны ў Дняпро тут шлях стары ляжаў. Зуёнак.

5. Далёкі па сваіх поглядах, інтарэсах ад чаго‑н. [Жанчына] не магла дараваць сабе памылкі, што звязала свой лёс з другім, чужым ёй па душы. Скрыган. // Не ўласцівы, не характэрны каму‑, чаму‑н. Як фальш, як эмацыянальнае ўбоства — чужыя паэзіі Таўлая рыторыка, аптымізм раўнадушнасці. «Полымя».

•••

Без чужой ласкі гл. ласка.

Выехаць на чужой шыі (спіне) гл. выехаць.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

З чужых плячэй гл. плячо.

З чужых слоў гл. слова.

Лазіць па чужых кішэнях гл. лазіць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чужымі рукамі гл. рука.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́ціць, страчу, страціш, страціць; зак., каго-што.

1. Застацца без каго‑, чаго‑н. Лізавета Назараўна канчаткова страціла субяседнікаў. Корбан. Сяргей працуе бухгалтарам у сваім калгасе. Ён на фронце страціў нагу. Чарнышэвіч. Я ўсё кахаў цябе, Таіса, і мне цяжка было адчуваць, што назаўсёды страціў цябе. Скрыган. // Панесці страты (пра тых, хто загінуў, памёр). Страціла Радзіма мая столькі сыноў, колькі ў лесе дубкоў. Грачанікаў. Васіль Чаравака страціў бацьку, маці і замужнюю маладую сястру. Пестрак. // Панесці страты ў жывой сіле, тэхніцы ў час вайны, бою. У баі страцілі пятнаццаць чалавек. / Пра кроў. [Кастусь] ранен у бок і напэўна страціў многа крыві. Чорны.

2. Марна, без карысці патраціць што‑н. дарагое, каштоўнае (час, грошы і пад.). — А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — у каторы раз схіліўся Косця над чарцяжом. Шыцік. [Чалавек:] — Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу. Чорны. Кратаў скронь пасівелую, Сумаваў, не таю: Ах, шкада, што даспелую Восень страціў сваю. Бялевіч.

3. Перастаць мець што‑н., валодаць чым‑н.; не захаваць, не зберагчы што‑н. У целе — дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу. Шамякін. [Хлопцы] ж страцілі апошнія сілы ў змаганні за вызваленне. Маўр. / Пра пачуцці, сімпатыі і пад. На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста і ўжо страціла ранейшую прыхільнасць да Веры. Кулакоўскі. / Пра прывілеі, правы і пад. Гурын страціў права на літасць. Машара.

4. Застацца часткова або поўнасцю без якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад. Страціць надзею. Страціць вартасць. Страціць кантакт. □ Пан Вашамірскі болей іншых страціў гумар. Бядуля. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер. Лынькоў. Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы. Лужанін. Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару. Гамолка. У вайну мы [Ваня і Жэня] страцілі ўсякую сувязь, і, калі сказаць праўду, зусім забыліся адно на аднаго. Васілевіч. // Выйсці з ранейшага становішча; змяніць размяшчэнне, позу. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. [Васпаваты чалавек] наважыўся ўдарыць Станіслава ў твар, але пахіснуўся, п’янае тулава страціла раўнавагу — ён грузка чмякнуўся аб падлогу. Мікуліч.

5. Збіцца, згубіць (пра дарогу, сцежку і пад.). Немцы не адважыліся ісці за .. [партызанамі] ці можа страцілі след. Мележ.

6. Абл. Загубіць, знішчыць. Надумаліся паны са свету .. [музыку] страціць. Якімовіч.

•••

Страціць ласку у каго — перастаць быць у пашане, у павазе.

Страціць прытомнасць — самлець, абамлець.

Страціць розум — здурнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)