АНДЖАЛІ́НІ ((Angiolini) Даменіка Марыа Гаспара) (9.2.1731, Фларэнцыя — 5.2.1803),
італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.
т. 1, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),
група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,
кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.
т. 4, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРКІ́Я (ад грэч. autarkeia самазадавальненне),
1) палітыка гасп.-эканамічнага адасаблення краіны, стварэнне замкнутай, самазабяспечвальнай эканомікі. Выяўляецца ў абмежаванні імпарту, павелічэнні экспарту тавараў і капіталаў, у захопе чужых тэрыторый, багатых сыравінай. У 2-ю сусв. вайну кіруючыя колы Германіі, Італіі, Японіі выкарыстоўвалі аўтаркію як спосаб барацьбы за перадзел свету, практыкавалі забаронныя пошліны, абмяжоўвалі ўвоз тавараў пры высокіх цэнах на іх унутраным рынку.
2) У філасофіі стоікаў — самазадавальненне як ідэал дабрачыннасці чалавека.
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́БРЫЯ (Calabria),
вобласць на Пд Італіі, пераважна на п-ве Калабрыя. Пл. 15,1 тыс. км². Нас. каля 2,5 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Катандзара, Казенца, Рэджа-ды-Калабрыя. Адм. ц. — г. Катандзара. Найб. гарады: Рэджа-ды-Калабрыя, Казенца, Кратоне. Вырошчваюць вінаград, масліны, цытрусавыя, інжыр. Агародніцтва і кветкаводства экспартнага кірунку. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. ГЭС на горных рэках. Металургічная, маш.-буд., хім., цэм., харч., тэкст., швейная, дрэваапр. прам-сць. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
т. 7, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),
кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.
т. 8, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГА-МАДЖО́РЭ (італьян. Lago Maggiore літар. вял. возера),
Вербана, возера ў Італіі і Швейцарыі паміж адгор’ямі Лепанцінскіх Альпаў. Пл. 212 км², даўж. 62,5 км, глыб. да 372 м. Размешчана ў тэктанічнай міжгорнай катлавіне на выш. 194 м. Берагі высокія, абрывістыя. Падпруджана стараж. марэнай. Праз возера працякае суднаходная р. Тычына, левы прыток р. По. Суднаходства, рыбалоўства. Турызм. Клімат. курорты: Лакарна, Аскана і інш. (Швейцарыя), Канобіо, Інтра і інш. (Італія).
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЙТА ((Lajta) Бела) (23.1.1873, Будапешт — 12.10.1920),
венгерскі архітэктар. Скончыў Тэхн. ун-т у Будапешце (1895), вучыўся таксама ў Італіі, Германіі і інш. зах.-еўрап. краінах. З 1901 працаваў у Будапешце. У пошуках выразных прасторавых і канстр. вырашэнняў спрошчваў і геаметрызаваў формы, паступова перайшоў ад стылю мадэрн да функцыяналізму: будынкі камерцыйнага вучылішча (1910—12), прытулку для бедных (1911), дом Рожавёльдзьі (1911—12) — усе ў Будапешце, будынак банка ў Эржэбетвараш (1911).
т. 9, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Lipari),
група вулканічных астравоў у Тырэнскім м., на Пн ад в-ва Сіцылія. Тэр. Італіі. Складаецца з 7 буйных (Ліпары, Саліна, Вулькана, Філікудзі, Стромбалі, Алікудзі, Панарэа) і 10 дробных астравоў. Пл. 117 км². Каля 10 тыс. ж. (1995). Складзены з вулканічных лаў і туфаў, на а-вах Вулькана і Стромбалі (выш. 926 м) дзеючыя вулканы. Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Радовішча серы. Вырошчванне інжыру, вінаграду; аліўкавыя гаі. Экспарт віна.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.
т. 12, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)