БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
папе́ра, -ы, мн. -ы, -пе́р, ж.
1. Матэрыял для пісьма, а таксама для іншых мэт, які вырабляецца з драўніннай ці анучнай масы.
2. Афіцыйнае пісьмовае паведамленне, дакумент; рукапіс.
Штабныя паперы.
Каштоўныя паперы (грашовыя дакументы). Корпацца ў паперах.
◊
Застацца на паперы — пра рашэнне, якое не выконваецца.
Папера ўсё вытрымае (іран.) — напісаць можна ўсё, але не заўсёды ажыццяўляецца тое, пра што напісана.
|| памянш. папе́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
|| зніж. папе́рчына, -ы, мн. -ы, -чын, ж.
|| прым. папяро́вы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Твор ’прадукт творчай працы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц.), твуор ’стварэнне; істота’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. твір ’прадукт творчай працы’, стараж.-рус. творъ ’выгляд’, польск. twór ’прадукт творчай працы’, ’стварэнне, жывая істота’, чэш., славац. tvor ’стварэнне; выраб’, славен. tvȏr ’утварэнне, нарыў’, серб.-харв. тво̑р ’пластыр з бялка на рану’, ст.-слав. творъ ’праца; чын’. Прасл. *tvorъ ’стварэнне, фармаванне, вытворчасць’, аддзеяслоўны назоўнік ад *tvoriti (гл. тварыць 1), першапачаткова назва працэсу з наступнай канкрэтызацыяй (Борысь, 657; Бязлай, 3, 253); інакш і менш верагодна *tvoriti ад *tvorъ/*tvarъ, гл. ЕСУМ, 5, 533.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
штаб-ро́тмістр
(ад штаб + ротмістр)
афіцэрскі чын у кавалерыі і жандармерыі, ніжэйшы рангам за ротмістра, роўны званню штабс-капітана ў пяхоце і іншых войсках у арміях царскай Расіі і некаторых замежных краін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
грэ́шны, ‑ая, ‑ае; ‑шан, ‑шна.
1. Які зрабіў многа грахоў (у 1 знач.). [Цельшынцы] неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а[йцу] Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п’яніца. Колас. // Поўны грэху, грахоў (у 1 знач.); нячысты. Грэшная душа. Грэшныя думкі. Грэшнае жыццё.
2. у знач. вык. Разм. Вінаваты. — Я не за сябе кажу, за людзей, хоць і сам я нічым так ужо не грэшны перад савецкай уладай. Галавач.
•••
Грэшным чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Спрадвечны, пастаянны (пра жыхароў пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікоў пэўнага асяроддзя). Карэннае насельніцтва. Карэнны жыхар Беларусі. □ — Я карэнны ленінградзец. І трэба ж так стацца: у дзяцінстве я ніколі не быў у вёсцы. Васілевіч.
2. Які датычыцца асноў чаго‑н., істотны, радыкальны. Карэнныя змены. Карэннае пытанне. Карэнныя інтарэсы народа.
3. Які мае адносіны да кораня слова; каранёвы. Карэнная частка слова. Карэнная галосная.
•••
Карэнныя зубы гл. зуб.
Карэнным чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
санаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае высокі чын, сан. І пад’ехаў князь той сакавіты, Серабром і золатам расшыты, Зіхаціць, як ясная зара. Бялевіч. [Валуеў] любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва, калі слухаюць санавітыя людзі. Караткевіч.
2. Паважны; важны з выгляду. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека. Чорны. // Які ўласцівы такому чалавеку. Людзі ходзяць урачыста. У святочных строях, А з павагай, з сакавітай, — Ходзяць, як героі. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,
у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.
А.У.Верашчагіна.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧЫНЫ,
дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн. т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».
Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
т. 13, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кве́стар
(лац. quaestor)
1) службовая асоба ў Стараж. Рыме, якая ажыццяўляла розныя функцыі (адміністратыўныя, судовыя, фінансавыя);
2) службовая асоба, якая загадвае адміністрацыйна-гаспадарчай часткай у парламентах некаторых заходнееўрапейскіх краін;
3) паліцэйскі чын у Італіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)