РАДЫЕНУКЛІ́ДЫ,

радыеактыўныя атамы (нукліды) хім. элементаў. Бываюць прыродныя і штучна атрыманыя (тэхнагенныя). Адрозніваюць паводле тыпу радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць). Большасць Р. з’яўляюцца крыніцамі рэнтгенаўскага ці гама-выпрамянення. У адпаведнасці з нормамі радыяцыйнай бяспекі паводле таксічнасці падзяляюцца на Р. асабліва небяспечныя для чалавека і Р. высокай, сярэдняй і малой радыетаксічнасці (гл. Радыеактыўнае рэчыва). Значная колькасць тэхнагенных Р. утвараецца пры рабоце ядз. рэактараў, пераважна атамных электрастанцый. Уздзеянне прыродных і тэхнагенных Р. навакольнага асяроддзя на жывыя арганізмы вывучае радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДЧЫ ЭКСПЕРЫМЕ́НТ,

следчае дзеянне, неабходнае для праверкі фактычных даных, што маюцца ў справе, праз правядзенне доследаў і выпрабаванняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да расследуемай падзеі. У адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пры С.э. правяраецца магчымасць учынення пэўных дзеянняў, выяўляецца паслядоўнасць таго, што адбылося, і механізм утварэння слядоў. Пры неабходнасці да С.э. могуць прыцягвацца падазроныя, абвінавачаныя, сведкі, спецыялісты, эксперты і асобы, якія праводзяць доследныя дзеянні. Парадак правядзення С.э. рэгламентуецца законам, вынікі яго замацоўваюцца пратаколам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,

прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУТБО́ЛЬНЫ МАНЕ́Ж крыты ў Мінску. Пабудаваны ў 2002. Пл. будынка 15 500 м². Поле са штучным пакрыццём з падагрэвам. Колькасць месцаў на трыбунах 3 тыс. У комплекс уваходзяць трэніровачная зала 45×24 м, 6 раздзявальняў з саунамі, масажнымі памяшканнямі і мікрабасейнамі, зона размінкі футбалістаў пл. 633,5 м², зона сілавой падрыхтоўкі са спецыялізаванымі трэнажорамі пл. 663,5 м². Манеж аснашчаны інфарм. электронным табло, інш. светлавымі і акустычнымі сродкамі забеспячэння правядзення спарт. мерапрыемстваў у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнар. спарт. арг-цый. У прылеглай да Ф.м. зоне — лыжаролерная траса.

С.​А.​Кісялёў.

Футбольны манеж: знешні выгляд.

т. 16, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стасава́ць, стасава́цца ‘быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім-небудзь, чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), стосова́цца ‘адносіцца’ (ТС). Запазычанне з польск. stosować (się) у розных значэннях, якое з с.-в.-ням. stôʒen ‘удараць; прыстаўляць; распасціраць’ і г. д., ням. stossen ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 119 з літ-рай. Ст.-бел. стосоватися (XVI ст.), ‘складваць у стосы; прыстасоўваць’ з ст.-польск. stosować ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 93. Сюды ж стасу́нкі ‘адносіны’, дыял. стасу́нак ‘згода’, якія таксама паходзяць з польскай; параўн. stosunek ‘адносіны’, гл. Карскі 2–3, 36; Брукнер, 517; Борысь, 578; ЕСУМ, 5, 425.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́ЛЕНГ (ад галанд. peilling) у навігацыі, напрамак ад назіральніка на які-н. аб’ект; тое, што азімут. Вызначаецца вуглом паміж плоскасцю мерыдыяна і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз месца назіральніка (напр., цэнтр компаса) і аб’ект назірання. У адпаведнасці з назвай мерыдыяна, ад якога ён адлічваецца, П. наз. сапраўдным, магнітным ці компасным. У кругавой сістэме лічэння П. адлік вядзецца ў вуглавых градусах ад паўн. напрамку мерыдыяна ўздоўж ходу гадзіннікавай стрэлкі. Прылада для вызначэння П. на знешнія арыенціры (напр., берагавыя, плывучыя ці нябесныя аб’екты) наз. пеленгатарам. Гл. таксама Пеленгацыя, Радыёпеленгацыя.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРФЯНЫ́ ФОНД,

усе выяўленыя і разведаныя радовішчы торфу. У Рэспубліцы Беларусь у Т.ф. ўлічваюцца радовішчы плошчай не менш як 1 га (у межах прамысл. глыбіні тарфяных пакладаў). У адпаведнасці са «Схемай рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 года» (1988) Т.ф. Беларусі складаўся з 9191 радовішча з запасам 4,4 млрд. т. Усе радовішчы падзелены на мэтавыя фонды: прыродаахоўны — радовішчы на ахоўных прыродных тэрыторыях; зямельны выкарыстоўваецца толькі ў с.-г. мэтах; запасны ўключае зарэзерваваныя радовішчы гідролізнай, бітумінознай, лячэбнай сыравіны; фонд, які распрацоўваецца — радовішчы, адведзеныя для здабычы торфу; фонд, які не выкарыстоўваецца — радовішчы на землях ляснога фонду і інш.

Упершыню паняцце «Т.ф.» з’явілася ў пастанове СНК БССР (9.6.1922), паводле якой усе рэсурсы торфу перадаваліся. ва ўласнасць дзяржаве, а кіраванне імі ўскладалася на Наркамзем БССР. У 1940 выдадзены першы на Беларусі тарфяны кадастр, у 1953 — даведнік «Тарфяны фонд Беларускай ССР». З 1952 кіраванне Т.ф. ажыццяўляла Гал. ўпраўленне тарфянога фонду пры Савеце Міністраў БССР, з 1988 — Дзярж. к-т БССР па ахове прыроды (Дзяржкамэкалогіі), Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды).

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб нетрах (1997) Т.ф. можа выкарыстоўвацца з дазволу мясц. Саветаў дэпутатаў (у межах іх кампетэнцыі) пры наяўнасці ліцэнзіі Мінпрыроды. Адпрацаваныя ўчасткі тарфяных радовішчаў карыстальнік павінен прыводзіць у стан, прыдатны для далейшага іх мэтавага выкарыстання (с.-г. ўгоддзі, лясныя пасадкі, рыбаводства і інш.), пакідаючы прыродны (абаронены) пласт торфу не менш за 0,15—0,5 м у залежнасці ад прызначэння ўчастка. З мэтай аднаўлення ландшафтнай і біял. разнастайнасці выпрацаваныя тарфяныя радовішчы ў некаторых месцах зноў забалочваюцца.

М.​А.​Караткоў.

т. 15, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВО́РАЎСКІЯ ВАЕ́ННЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

(СВУ), сярэднія ваенныя навуч. ўстановы для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў вышэйшыя ваен. навуч. ўстановы. Створаны паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 21.8.1943. Названы ў гонар А.​В.​Суворава. У 1943—55 у СССР існавала каля 20 СВУ. У 1960-я г. частка вучылішчаў расфарміравана. У 1990-я г. ў Расіі СВУ існавалі ў Казані, Цверы, С.-Пецярбургу, Маскве, Екацярынбургу і інш. Навучанне і жыццё выхаванцаў арганізавана ў адпаведнасці з вайск. распарадкам і з улікам іх узросту. Гл. таксама Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хрысція́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрысціянства. Хрысціянская вера. Хрысціянская царква. □ Хрысціянскаму псеўдагуманізму.. Горкі проціставіў рэвалюцыйны гуманізм, непакорлівасць і непрымірымасць у барацьбе за вызваленне чалавека і чалавецтва. Івашын. // Які прызнае хрысціянскае веравызнанне. Хрысціянскі народ. // Які прапаведуе хрысціянства. Хрысціянскія місіянеры.

2. Які мае адносіны да хрысціяніна, належыць яму. Засыпалі.. [труны], і на беразе Віліі вырас курган. На ім, зверху, царкоўныя ўлады паставілі крыж з распяццем. Як-ніяк — хрысціянскі прах ляжыць пад курганам. Арабей. // Уласцівы хрысціяніну. З хрысціянскаю пакорлівасцю.. [Ціт] гатоў быў цяпер памаліцца за бязбожнікаў. Колас. // Які адбываецца ў адпаведнасці з абрадамі хрысціянства. [Рыгоравіч:] — Пахаваем з пашанай па нашым хрысціянскім звычаі. Няхай. // Разм. Праваслаўны, простанародны. Зірнуў дзед, напнуў лейцы, .. пачаў ціханька тпрукаць, але дзе ты згаворышся з гэтай [жывёлай], якая не разумее хрысціянскай каманды. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)