пракла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́; -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак., што.

1. Правесці, зрабіць (дарогу, шлях і пад.).

П. шашу. П. газаправод. П. сабе дарогу (таксама перан.: дабіцца добрага становішча ў жыцці). П. шлях, дарогу каму-, чаму-н. (таксама перан.: пасадзейнічаць каму-, чаму-н. у чым-н., стварыць умовы для развіцця чаго-н.). П. курс караблю (вычарціць на карце).

2. Укласці што-н. паміж чым-н.

П. паперу паміж талеркамі (або талеркі паперамі) пры ўпакоўцы.

|| незак. праклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і пракла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. праклада́нне, -я, н., пракла́дванне, -я, н. і пракла́дка, -і, ДМ -дцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абста́віць

1. umstéllen vt, umgében* vt (чым-н. mit D);

2. (абстаўляць мэбляй і г. д.) áusstatten vt, éinrichten vt, möblíeren vt;

3. перан., разм. (стварыць умовы) arrangíeren [ɑrã:´ʒі:-] vt; éinrichten vt;

4. (апярэдзіць) übertrúmpfen vt, überhólen vi

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ДАРО́ЖНАЕ АДЗЕ́ННЕ,

шматслойная канструкцыя праезнай ч. аўтамабільнай дарогі, прызначаная стварыць роўную, трывалую і шурпатую паверхню для руху трансп. сродкаў. Успрымае нагрузку ад колаў машын, перадае яе ў разгрупаваным выглядзе на земляное палатно, ахоўвае яго ад увільгатнення і прамярзання.

Д.а. складаецца з дарожнага пакрыцця і адна- або шматслойнай асновы. Дарожнае пакрыццё бывае ўдасканаленае капітальнае (цэмента- або асфальтабетоннае, мазаічнае і брусчатае маставое на трывалай аснове), удасканаленае аблегчанае (чорнае друзавае і чорнае жвіровае на аснове з каменных матэрыялаў), пераходнае (грунтадрузавае, грунтажвіровае і грунтавое, умацаванае вяжучымі матэрыяламі, маставое з колатага каменю), ніжэйшае (грунтавое, палепшанае дамешкамі жвіру, друзу або пабудаванае з аптымальных грунтавых сумесей). Аснову адзення робяць з цэмента- і асфальтабетону, шчэбеню, гравію, з грунтоў, умацаваных вяжучымі рэчывамі і інш. Можа мець гідра- або цеплаізаляцыйныя праслойкі, трубчасты дрэнаж. У Беларусі дарогі агульнага карыстання маюць Д.а. (1997, у %): цэментабетоннае 3,5, асфальтабетоннае 63,5, чорнае жвіровае і чорную шашу 3, белую шашу 0,1, маставое 0,5, жвіровае 29,4.

І.​І.​Леановіч.

Дарожнае адзенне: 1 — дадатковы слой асновы; 2, 3 — слаі асновы; 4, 5 — ніжні і верхні слаі дарожнага пакрыцця.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст. брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.

В.​С.​Болбас.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,

аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац. аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл. Дэпартацыя). А.​І.​Валахановіч.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 21—26 лют. ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі арміі: 3-я, частка сіл 50-й і 48-й, 16-я паветраная. Ім процістаяла 9-я ням. армія групы армій «Цэнтр», якая займала 2 умацаваныя абарончыя паласы і моцныя вузлы супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Мэта аперацыі: разграміць групоўкі праціўніка ў раёне Рагачова і Жлобіна, стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім напрамку. 21 лют. сав. войскі перайшлі ў наступленне і на працягу 2 дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Дняпро, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў; 23 лют. падышлі да Рагачова і 24 лют. штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да р. Друць, захапілі на правым і левым берагах Дняпра плацдармы праціўніка, падышлі да Жлобіна. У выніку аперацыі сав. войскі нанеслі вял. страты ням. арміі. 13 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Рагачоўскіх».

Літ.:

Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,

грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.—ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел. нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.​В.​Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.​Г.​Гулевіч, і Ф.​В.​Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб. навук. прац. Мн., 1998.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁРА́ ((Seurat) Жорж П’ер) (2.12.1859, Парыж — 29.3.1891),

французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр. М., 1976;

Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.

т. 14, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заснава́ць ​1, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

1. Пакласці пачатак чаму‑н., стварыць што‑н. Заснаваць таварыства. Заснаваць калгас. □ Рэспубліку шчасця народ заснаваў, Аб шчасці здабытым народ заспяваў. Чарнушэвіч.

2. на чым. Зрабіць на аснове чаго‑н., пакласці ў аснову што‑н. Заснаваць планы на разліках.

3. Пакрыць, зацягнуць якую‑н. паверхню чым‑н., плетучы, снуючы. Нейкі вялікі павук заснаваў акно. Баранавых.

заснава́ць ​2, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак.

Пачаць снаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)