ГНАЦЮ́К Дзмітрый Міхайлавіч (н. 28.3.1925, с. Навасёлка Чарнавіцкай вобл., Украіна),
украінскі спявак (барытон), рэжысёр. Нар. арт. СССР (1960). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў кіеўскія кансерваторыю (1951), ін-т тэатр. мастацтва (1975). З 1982 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі (праф. з 1987). З 1951 саліст, з 1988 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Астап, Мікола, Эней («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка», «Энеіда» М.Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.Майбарады), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Паставіў спектаклі: «Князь Ігар» А.Барадзіна (1974), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1977), «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1980) і інш. Здымаўся ў кіно. Прэмія Ленінскага камсамола 1967. Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1977.
т. 5, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КСЕР (Axer) Эрвін (н. 1.1.1917, Вена),
польскі рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.Лютоўскага, «Танга» С.Мрожака, «Кардыян» Ю.Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Тры сястры» А.Чэхава, «Мухі» Ж.П.Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.
т. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К Рыгор Іванавіч (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл. драм. (з 1966) і Бел. рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.Розава (1975), «Чайка» А.Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.
т. 2, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н (DuUin) Шарль (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ДСКІ Юрый Аляксандравіч (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.Гальдоні, «Атэла» У.Шэкспіра, «Маскарад» М.Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.
т. 6, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ Дзмітрый Яўгенавіч (н. 26.3.1940, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап. Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШАЛЬНІ́ЦКІ Мар’ян Міхайлавіч (18.4.1897, с. Пілява Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.4.1963),
украінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). З 1920 працаваў пераважна ў Кіеўскім укр. драм. т-ры імя І.Франко (з 1954 гал. рэжысёр) і Харкаўскім укр. драм. т-ры імя Т.Шаўчэнкі (у 1933—52 маст. кіраўнік). Выкладаў у Харкаўскім (1947—52) і Кіеўскім (у 1952—63 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Іван («Дай сэрцу волю...» М.Крапіўніцкага), Баруля («Мартын Баруля» І.Карпенкі-Карага), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш. Паставіў спектаклі «Яраслаў Мудры» (паводле І.Качаргі, 1947), «Багдан Хмяльніцкі» (паводле К.Данькевіча, 1953) і інш. З 1926 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948.
т. 8, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХТА Усевалад Вітольдавіч (18.8.1922, г. Калуга, Расія — 1991),
бел. рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1950). У 1951—52 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Купалы, у 1957—61 — Рэсп. студыі тэлебачання, з 1967 — Новамаскоўскага драм. т-ра. Сярод п’ес у т-ры імя Я.Купалы: «Уцёкі» Дз.Шчаглова (1951), «На досвітку» А.Макаёнка (з К.Саннікавым) і «Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага (1952). Стваральнік першых тэлевізійных спектакляў на бел. тэлебачанні: «Брат мой, вораг мой» М.Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Месяцавая саната» паводле К.Паустоўскага і «Будка № 27» І.Франко (1957), «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1958), «Вялікае сэрца» паводле К.Чорнага, «Палата № 6» паводле А.Чэхава (1960). Першы на рас. прафес. сцэне паставіў «Паўлінку» Я.Купалы (1969).
т. 9, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНІ́ЦКІ Барыс Васілевіч (30.3.1891, с. Чарнабай Чаркаскай вобл., Украіна — 24.8.1988),
украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Кіеўскую муз.-драм. школу (1915). З 1913 выступаў у трупе П.Саксаганскага. У 1922 адзін з заснавальнікаў і маст. кіраўнік (да 1948), акцёр і рэжысёр Укр. т-ра імя М.Занькавецкай у Львове. Вастрынёй характарыстык, разнастайнасцю фарбаў вылучаюцца ролі: Чалы («Сава Чалы» І.Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» І.Франко), Гайдай («Гібель эскадры» А.Карнейчука), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Храпаў («Васа Жалязнова» М.Горкага), Карл («Разбойнікі» Ф.Шылера), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Гібель эскадры» Карнейчука (1933), «На вялікую зямлю» А.Хіжняка (1949). Аўтар кн. «Украінскі тэатр у мінулым і сучасным» (1950). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія імя Т.Шаўчэнкі 1974.
т. 13, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ЦКІ Казімір Пятровіч (20.9.1905, хутар Пад’ельнік, Барысаўскі пав. Мінскай губ. — 16.8.1984),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1965). Скончыў Кіеўскі ўкр. ін-т тэатр. мастацтва (1936). Працаваў у т-рах Беларусі: Польскім вандроўным (1929—30), Лепельскім калгасна-саўгасным (1939—41), Бабруйскім і Баранавіцкім абл. драм.(1944—45), Мазырскім ансамблі песні і танца (з 1946), Рэсп. Доме нар. творчасці (з 1947). У 1958—77 рэжысёр на Рэсп. студыі тэлебачання. Творчыя рысы С. найб. раскрыліся ў жанрах грамадска-паліт. тэлевяшчання: кароткаметражных фільмах, рэпартажах з месца падзей, тэленарысах. Сярод тэатр. пастановак: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Ірынка» К.Чорнага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага, «Сыночак» М.Мэё і М.Энекена (1939—41), «Урок жыцця» В.Галаўчынера (1945).
Л.І.Балыніна.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)