ра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. што, з інф. і без дап. Даваць якую‑н. раду (у 1 знач.); прапанаваць паступіць пэўным чынам; раіць. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць — радзіць дзед. Лынькоў. Маякоўскі па-сяброўску радзіў не збываць адразу верша з рук: напісаў — замкні яго ў шуфлядзе, як адлежыцца, — судзі, здавай у друк. Таўлай. — А я табе раджу, Пракопавіч, усё ж такі пачытаць крыху агранамічнай літаратуры. Пестрак.

2. каго-што. Прапанаваць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Народная медыцына радзіць палын як сродак ад .. болю пасля ўкусаў крапівы. Дубоўка.

3. Меркаваць, раіцца паміж сабой. Каля платоў сядалі мужыкі. Да ночы там шушукаліся, радзілі. Чэрня.

•••

Раду радзіць — радзіцца, раіцца.

радзі́ць, раджу́, ро́дзіш, родзіць; зак. і незак.

1. каго-што. Тое, што і нарадзіць (нараджаць). Там яе [Марыну] маці радзіла ў хаціне вясковай. Куляшоў. Чаруе рэчачка хлапчынку І родзіць мыслі ў галаве. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, быць урадлівай (пра глебу, зямлю). У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Спустошаная за гэтыя [ваенныя] гады глеба не хацела радзіць. Шахавец. / у безас. ужыв. — Эх, каб у нас усюды так радзіла, як родзіць у Плоскім!.. Ракітны. // Расці; даваць плады (пра расліны). Поле неблагое, на ім родзяць добрыя ільны. Сабаленка. На бугрыне радзілі чарніцы і падасінавікі, лісіцы ўсцілалі мох. Пташнікаў. — Тут сад вымак, і што ні рабі, то малады не вырасце, а калі і вырасце, то радзіць не будзе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тын ‘агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Байк. і Некр., Яруш., ТС), ‘агароджа з калоў’ (Шымк. Собр., Некр. і Байк., Пятк. 1, Ласт.), ‘агароджа як сцяна з бярвенняў’ (маладз., Янк. Мат., П. С.; валож., ЛА, 4, Маш., Варл.), ‘абкладка калодзежа з плашак’ (ТС, Мат. Маг.): тоўстая жанчына не павінна садзіцца на тыну калодзіся (Сержп. Прымхі), тынь ‘агароджа з дошак’ (Нас., Шушк.), ст.-бел. тынъ ‘плот, паркан’, ‘колле, жэрдкі’ (1579 г., ГСБМ). Сюды ж тыно́к ‘плот, тын’ (бярэз., Жыв. НС), ‘частакол’ (Гарэц.), ‘агароджа з тонкіх прутоў’ (Касп.), ‘агароджа з тонкіх яловых кійкоў, якія пераплятаюцца між жэрдак’ (в.-дзв., Шатал.), тъно́к ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тыні́ць ‘абгарадзіць тынам’ (Нас., Юрч.), ‘абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку’ (Юрч.), ты́навы ‘зроблены з частаколу’ (брасл., Сл. ПЗБ), ты́неный ‘абстаўлены драўлянымі плахамі’ (Юрч.). Параўн. укр. тин ‘агароджа’, ‘драўляная абліцоўка ў калодзежы’, рус. тын ‘плот’, стараж.-рус. тынъ ‘агароджа, плот’, ‘сцяна’, ‘аблогавае ўмацаванне’; польск. tyn ‘загарадзь, агароджа’; палаб. (vå)tåin ‘тын’, чэш. týn ‘агароджа’, славац. дыял. týn, týň ‘тычка, лата’, славен. tȉn ‘перагародка’, tȉnj ‘агароджа з дошак, жэрдак’, харв. tȉn, серб. ти̏н ‘перагародка’, чак. tȋnj ‘прасценак’, tinac ‘перагародка з ясеневых прутоў, пакрытая тынкам’, шток. ти̂њ ‘набіўка (напханая сенам, саломай, мякінай) між сцен’, ц.-слав. тынъ ‘перагародка, сцяна’. Прасл. *tynъ ‘жывая агароджа’, першапачаткова ‘густы зараснік’, якое ад *tyti ‘густа расці’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 145–153; ЕСУМ, 5, 568–9). Іншая шырока распаўсюджаная версія паходжання прасл. *tynъ са ст.-герм. tún ‘двор, сад’, ст.-в.-ням. zûn, ням. Zaun ‘плот’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., 1020; Брукнер, 589; Фасмер, 4, 132; Борысь, Czak. stud., 86). Кароткі агляд версій гл. Арол, 4, 126.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́да1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. łado ’вокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏да ’паэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

start2 [stɑ:t] v.

1. пачына́ць; пачына́цца;

start up a swimming club адкрыва́ць клуб для заня́ткаў па пла́ванні

2. прыво́дзіць у рух;

start a machine заво́дзіць мато́р;

start a quarrel выкліка́ць сва́рку;

start (on) а bottle адкаркава́ць бутэ́льку

3. ру́хацца з ме́сца, адпраўля́цца

4. уздры́гваць; здры́гвацца

to start with перш-на́перш, пачына́ючы з

start back [ˌstɑ:tˈbæk] phr. v. адско́кваць наза́д;

He started back in fear. Ён ад страху адскочыў назад.

start in [ˌstɑ:tˈɪn] phr. v. (on)

1. бра́цца (за якую-н. справу);

start in on homework бра́цца за ўро́кі

2. крытыкава́ць, ла́яць

start off [ˌstɑ:tˈɒf] phr. v. infml

1. (with) пачына́ць гавары́ць; пачына́цца;

The dictionary starts off with the letter А. Слоўнік пачынаецца з літары А.

2. (on) прымуша́ць гавары́ць не сціха́ючы, «заво́дзіць» каго́-н.

start out [ˌstɑ:tˈaʊt] phr. v.

1. выпраўля́цца ў даро́гу

2. збіра́цца зрабі́ць што-н.;

He started out to write a book. Ён пачаў пісаць кнігу.

start up [ˌstɑ:tˈʌp] phr. v.

1. узніка́ць (не чакана), з’яўля́цца

2. ху́тка расці́;

New houses are starting up in our district. У нашым раёне хутка вырастаюць новыя дамы.

3. пачына́ць;

start up a conversation распача́ць размо́ву

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

га́дзіна, ‑ы, ж.

1. Тое, што і гадзюка (у 1 знач.). Гадзіна раз са скуры лезе, а здраднік кожны дзень. З нар.

2. Разм. лаянк. Тое, што і гадзюка (у 2 знач.). — Гэта ён! — пачуўся голас зверху. — Гамрэкелі, сабака! Папаўся, злодзей, шакал, гадзіна! Самуйлёнак.

гадзі́на, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, якая раўняецца 1/24 сутак і складаецца з 60 мінут або 3600 секунд. Бачыў я нястомную і нялёгкую працу, якой напоўнены ўсе дваццаць чатыры гадзіны.. дня [пагранічнікаў]. Брыль.

2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад поўдня ці ад сярэдзіны ночы. Гадзіна ночы. □ У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў. // Сігнал, якім перадаецца гэта мера часу. Куранты прабілі дванаццаць гадзін.

3. Прамежак часу, які адводзіцца на ўрок, лекцыю і займае з перапынкам 60 мінут. Гадзіны паўтарэння вучэбнага матэрыялу. // толькі мн. (га́дзіны, ‑дзін). Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў). Мець гадзіны ў інстытуце. Вычытаць гадзіны.

4. з азначэннем. Пэўны момант у жыцці чалавека; пара, час. Вольная гадзіна. У гадзіны заняткаў. □ Гуляй дзяціна: твая гадзіна! З нар. // толькі адз.; каго-чаго або чыя. Кніжн. Вызначаны, устаноўлены тэрмін. Прабіла гадзіна помсты. Адважна ідзіце ў бой. Танк.

•••

Гадзіны пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.

Каменданцкая гадзіна — забарона без спецыяльнага дазволу з’яўляцца на вуліцы паселенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Мёртвая гадзіна — адпачынак пасля абеду ў лячэбных, дзіцячых установах і інш.

Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.

Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.

З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.

Не па днях, а па гадзінах — вельмі хутка (расці, развівацца і пад.).

Цэлая (бітая) гадзіна — доўгі час, больш гадзіны.

Чорная (ліхая) гадзіна — цяжкі час.

Шэрая (шарая) гадзіна — змрок вечарам пасля захаду сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; пр. гнаў, ‑ла; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца ў якім‑н. напрамку. Гнаць статак у поле. □ Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба. Чорны. // Забіваць, уганяць у што‑н. Гнаць цвік у сцяну. // Разм. Прымусова пасылаць, адпраўляць куды‑н. Гвалтам цар гнаў людзей па бітву з невядомым ворагам. Бядуля. // Праганяць, выганяць. Гнаць ворагаў з роднай зямлі. // Разм. Накіроўваць рух чаго‑н., весці кіруючы. Гнаць плыты па рацэ. // безас. Разм. Хутка ісці куды‑н. Куды цябе гоніць?

2. Прымушаць хутка рухацца, наганяць. Мы ехалі нейкай незнаёмай дарогай, спыняліся ў лесе і зноў гналі коней. Асіпенка. // Весці (аўтамабіль, поезд і пад.) на вялікай скорасці. А цягнік усё ішоў... І трывожны сігнал, І масты, і засады мінуў ён даўно. За вярстою вярсту Камісар яго гнаў. Глебка. // перан. Рабіць што‑н. хутка і многа, прымушаючы да гэтага сябе ці каго‑н. [Марыля], як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала. Чорны.

3. і без дап. Праследаваць, ісці па слядах звера. Гнаць зайца. Сабака добра гоніць. // перан. Уст. Прыгнятаць, праследаваць, мучыць. Хоць нядоля мяне гнала, Усё ж мне сілы не зламала. Колас.

4. безас. Вельмі хутка расці. Сасну гоніць уверх.

5. Здабываць пры дапамозе перагонкі. Гнаць дзёгаць. Гнаць алей. // Выклікаць выдзяленне чаго‑н. Гнаць пот. / у безас. ужыв. Гоніць сліну.

6. Працуючы чым‑н., рабіць, утвараць. Гнаць пракос. □ Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык.

7. Разм. Моцна слабіць (пра жывот).

8. звычайна ў ф. заг. гані́(це). Даваць. Гані тры рублі.

•••

Гнаць мятлою — груба выганяць.

Гнаць у магілу (труну, на той свет) — мукамі даводзіць да смерці.

Гнаць у шыю (карак, каршэнь) — а) груба выганяць; б) прымушаць хутка рабіць што‑н., падганяць. Не спяшайся, ніхто цябе ў каршэнь не гоніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Дарогай на лагі начлежнікі пагналі коней. Пташнікаў. Лепшы калгасны статак яшчэ ўчора пагналі ў тыл — па дарозе, што вяла на ўсход. Якімовіч. // Накіраваць рух чаго‑н. Пагнаць мяч у вароты. □ Федзя спрытна скокнуў на карму, узяў у рукі вясло і пагнаў лодку супраць цячэння. Ваданосаў. / Пра вецер, дождж і пад. У рэчку ўпалі пакурчаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал топкіх берагоў. Гурскі.

2. Пачаць праследаваць, праганяць. Пагнаць ворага. □ Пасля таго як белыя сталі адступаць і нашы, перабраўшыся цераз рэчку, пагналі іх, перабірацца стаў на той бераг і штаб палка. Чорны. // і без дап. Пачаць гнаць, праследаваць звера. [Антось] выйшаў на палянку і ўбачыў, што Такса пагнала ласіху з ласянём. С. Александровіч. // Прымусіць пайсці, паехаць, насільна накіраваць куды‑н. Пагнаць на вайну. □ А сёння бабку пагналі немцы ў абоз — вазіць салому. Лынькоў.

3. Разм. Выгнаць; звольніць. Пагнаць з працы. □ [Васількоў:] — Каб не быў ты славутасцю, пагналі б мы цябе з камсамола. Асіпенка.

4. Прымусіць хутка рухацца. Пагнаць машыну. □ [Дзяўчына] шпарчэй пагнала каня. Колас.

5. безас. Прымусіць хутка расці, павялічвацца. Міне яшчэ колькі часу, цяплей прыгрэе сонца, распусцяцца лісточкі на дрэвах, у рост пагоніць траву і ўсюды — на зямлі, на кустах, на дрэвах — закладзе свае гнёзды птаства. Клышка. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін.

6. перан.; і без дап. Працуючы чым‑н., пачаць ствараць, утвараць што‑н. — Пакашу да вечара, хоць душу адвяду, — сказаў Алесь і пагнаў пракос. Сабаленка.

7. безас. Скіраваць убок. Дарога была слізкая ад галалёдзіцы, і на касагоры пагнала сані на ўхабу. Пальчэўскі.

8. безас. Разм. Падацца, пайсці куды‑н. Пагнала яго ў свет. □ [Алесь:] — І чаго пагнала гэтага старога ў прычэпшчыкі? Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пайсці́, пайду, пойдзеш, пойдзе; пр. пайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. пайдзі; зак.

1. Зак. да ісці (у 2, 3, 7, 16, 24 і 25 знач.).

2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей. Лынькоў. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад. Чорны. Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі. Даніленка. На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. [Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад. Гурскі. — Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік. Хадкевіч. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.

3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў. // Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка. Навуменка.

4. з інф. незак. Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы. Чорны.

•••

Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Калі на тое пайшло — калі так атрымалася.

Мурашкі пайшлі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Пайсці (з) дымам (агнём, ветрам) — марна прапасці.

Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.

Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).

Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.

Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.

Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)