МАГІЛЁЎСКІ ІО́СІФАЎСКІ САБО́Р Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1780—98 з цэглы паводле праекта арх. М.Львова ў стылі класіцызму. Спачатку дзейнічаў як царква, у 1802 з нагоды сустрэчы Кацярыны II з аўстр. імператарам Іосіфам II перайменаваны ў сабор. Уваходзіў у ансамбль Магілёўскай Саборнай плошчы. Асн. аб’ём квадратны ў плане, да якога далучаліся з У паўцыліндрычная апсіда, з 3 шырокі прытвор. Гал. фасад меў 4-калонны дарычны порцік, пастаўлены на ступеньчаты стылабат і завершаны трохвугольным франтонам з шырокім трыгліфным фрызам. Бакавыя фасады дэкарыраваны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Асн. аб’ём у цэнтры меў на высокім круглым барабане сферычны купал з 2 абалонкамі — унутранай (з адтулінай у сярэдзіне і 12 праёмамі) і вонкавай (з 12 круглымі вокнамі-люкарнамі і размалёўкай). У інтэр’еры купал пры дапамозе ветразяў апіраўся на 4 масіўныя пілоны, якія стваралі ўнутр. квадрат, Інтэр’ер багата аздоблены: парныя іанічныя калоны, светла-жоўты і зялёны мармур, размалёўка ў тэхніцы грызайль, нішы са статуямі, рэльефныя медальёны, абразы на медных шчытах мастака У.Баравікоўскага (1797) і інш. У 1937 будынак разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял.Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНТ (Nantes),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн.т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.
мастацтваў, нар.дэкар. мастацтва Брэтані і інш.Арх. помнікі 12—19 ст.
У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст. адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер. калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл.Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМ (Nímes),
горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).
У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст.н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАРАСІ́ЙСК,
горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс.ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.
Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.І.Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.
Літ.:
Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́І (Pompei),
горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс.ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.
У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр.Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана 3/5тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),
старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э.разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.
Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.
Літ.:
Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОН (Bonn),
горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар.маст. збор Бона, Акад.маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар.муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).
Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.
Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).
Да арт.Бон. Панарама горада.Да арт.Бон. Раён Бад-Годэсберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІН,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на р. Брагінка. За 130 км ад Гомеля, 28 км ад чыг. ст. Хойнікі, аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбываецца дэпапуляцыя (насельніцтва зменшылася з 5,6 тыс.ж. у 1985 да 2,0 тыс.ж. у 1995).
Узнік як дрыгавіцкі горад у зоне збліжэння дрыгавічоў, палян і севяран. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147. У 1241 ці ў 1242, верагодна, спалены мангола-татарамі. З 1360-х г. у ВКЛ, уласнасць вял. князёў. У 15—17 ст. існаваў Брагінскі замак. У канцы 16—17 ст. належаў Вішнявецкім. У час антыфеадальнай вайны 1648—51разбураны ўрадавымі войскамі і заняпаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1897 у Брагіне 4,3 тыс.ж. З 1926 цэнтр Брагінскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939 — 4,7 тыс. ж З 28.8.1941 да 23.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Брагіне і раёне 8970 чал. Дзейнічала Брагінскае патрыятычнае падполле. У 1969 — 6,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.