БЕ́ВЕРЫДЖ ((Beveridge) Уільям Генры) (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),
англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт.навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам.т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎНЫ ЗНАК,
двухбаковая адзінка моўнай сістэмы, якая мае план зместу і план выражэння. Да М.з. адносяцца: марфема, слова, словазлучэнне, сказ і інш. М.з. проціпастаўляюцца адзінкі моўнай сістэмы, якія не маюць значэння (плана зместу) — фанемы і інтанемы (т.зв. фігуры). Сістэмнасць М.з. выяўляецца ў існаванні паміж імі адносін тоеснасці/проціпастаўленасці (парадыгматыка) і іх здольнасці аб’ядноўвацца і ўтвараць адзінку больш высокага ўзроўню (сінтагматыка). Як і інш. знакі, якімі карыстаецца чалавек для ўспрыняцця, перадачы, захавання і перапрацоўкі інфармацыі, М.з. класіфікуюцца на падставе іх структурных, функцыянальных, семантычных і інш. уласцівасцей.