ЛЮСТР (франц. lustre глянец, бляск ад лац. lustro асвятляю),
пігмент для размалёўкі керамічных вырабаў паверх абпаленай глазуры (гл.Паліва). Мае метал. ці перламутравы адліў, водбліск, адценні ад залаціста-карычневага і зеленаватага да медна-чырвонага і фіялетавага. У склад Л. ўваходзяць солі смаляных кіслот і вокіслы металаў (золата, плаціны, серабра, медзі, жалеза). Пакрыццё Л. дазваляе ствараць у кераміцы імітацыю каштоўных метал. вырабаў. Вынаходніцтва і пашырэнне звязваюць з забаронай ісламам карыстацца ў побыце посудам з каштоўных металаў. Кераміка з размалёўкай Л. вядома з канца 8—9 ст. у Егіпце, Іране, Іраку і Сірыі. Росквіт егіп. і іранскай вытв-сці вырабаў з Л. (10—13 ст.) паўплываў на развіццё іспана-маўрытанскай керамікі 13—15 ст. і італьян. маёлікі 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),
расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.
польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лепясні́к ’пухоўка, Typha L.’ (лях., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. Сл.), польск.lepieznik, lepieżnik, lepiężnik, ст.-польск.lepias nik ’белакапытнік, Petasites Mill.’, рус.ле́пе́ст ’ліст расліны’, наўг., перм. ’акравак, кавалак тканіны’, лепесток ’пялёстак’. Фасмер (2, 483) услед за Покарным (678) разглядае лексему як пашырэнне асновы на -es (першаснае *lep‑es) і роднаснае з lepet‑; Слаўскі (4, 166) дапускае магчымай асновай для ўтварэння: lepechъ, lepecha ’розныя назвы раслін ва ўсх. слав. мовах’, а таксама і lepenъ ’ліст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мяжы́перніца, межыперсніца, мяжыперсціц(а) ’міжперсніца, нарывы рук (ног) паміж пальцамі’ (Некр., Касп., Бяльк.), ’высыпка, асабліва пры каросце’ (Нас., Бяльк.), міжыпірніца ’глыбокае загнаенне далоней ад цвёрдай работы’ (КЭС, лаг.). Рус.валаг.междупёрст(н)ица ’хвароба паміж пальцамі ад забруджвання’, с.-урал. ’кароста’, смал.межепарщица ’тс’. Фармальна да меж- (між‑) і перст ’палец’ (< прасл.pьrstъ). Аднак, улічваючы пашырэнне лексемы ва ўсх.-слав. гаворках, можна меркаваць, што гэта калька з балт. моў; параўн. літ.tarpupirščiai ’прамежкі паміж пальцамі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),
запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДВА́НА (ад назвы гіст. вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і была Лаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэннегласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,
абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.
Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл.Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСА́РЫЙ (ад лац. glossarium слоўнік глос),
1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.
2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.