ла́скавасць і ласка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць ласкавага. Сын гаспадара лашчыў мяккасцю сваіх вачэй і ласкавасцю свайго голасу. Гартны.

2. (пераважна з націскам на другім складзе). Прыветлівае. ласкавае абыходжанне. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пецю] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. У голасе дзяўчыны чулася добразычлівасць і ласкавасць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Адрэзаны вялікі плоскі кавалак (хлеба, сала і г. д.). Маці памагала маслам лусту хлеба і падала сыну. Пальчэўскі. Гаспадыня злазіла ў кубел, адрэзала лусту сала і кавалак каўбасы, выцягнула агурок і ўсё гэта падала Раі. Новікаў.

•••

Адрэзаная луста — тое, што і адрэзаная скіба (гл. скіба).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матля́цца, ‑яецца; незак.

Разм.

1. Тое, што і матацца ​1 (у 1 знач.). Прасторны і даволі памяты гарнітур вісеў на .. [Лукашыку], бы на калу, рукі матляліся, як чужыя. Дамашэвіч.

2. Часта рухацца з боку ў бок; хістацца. Стаяла позняя восень. Дзе-нідзе на дрэвах бездапаможна матлялася ад ветру пабурэлае лісце. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніза́цца, ніжацца; незак.

1. Набірацца, насаджвацца падрад на нітку, дрот і пад.

2. перан. Лёгка і свабодна падбірацца, спалучацца (пра думкі, словы і пад.). Машына скакала, гойдалася на калдобінах так, што часам у вачах цямнела, але думкі ўсё нізаліся адна на другую, адна святлей другой. Новікаў.

3. Зал. да нізаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ставаць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Тое, што і песціць. — Ну, цяпер мы з табою зусім прыяцелі! — жартавалі чырвонаармейцы і пеставалі Мішку, гладзілі яго, за вухам часалі. Лынькоў. Сына.. [прафесар] пеставаў, дазваляў яму шмат лішняга. Новікаў. Зусім не такія планы пеставаў у сваёй юнацкай душы маўклівы і зацяты Мікола Голуб. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́рснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пырскаць.

2. Раптоўна і моцна паліцца. Саша захліпнулася, і слёзы пырснулі з вачэй. Пестрак. Кроў фантанам пырснула з раны. Новікаў. // перан. Раптоўна з’явіцца, паказацца (пра сонечныя прамяні, святло, агонь). Назаўтра, ледзь сонца пырснула з-за Некрашоў, Шэмет ужо быў на стадоле. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскве́ціць, ‑квечу, ‑квеціш, ‑квеціць і расквяці́ць, ‑квячу, ‑квеціш, ‑квеціць; зак., што.

Убраць што‑н. у яркія колеры, зрабіць рознакаляровым. І тады твары матросаў расцвілі такімі ўсмешкамі, што, здавалася, само сонца прарвалася праз ватную заслону свінцовых хмар і расквеціла акіян ізумрудамі і нябеснай сін[ню]. Лынькоў. Рознакаляровыя ракеты расквецяць неба гіганцкімі букетамі... Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расчу́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Паддацца пачуццю хвалявання, замілавання, жалю. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца і расчуліўся да слёз. Шамякін. Прамова .. [Цімохава] была гарачая, сам прамоўца расчуліўся, і сляза вось-вось гатова была скаціцца з яго вострых і хітрых вачэй. Колас. Ваня расчуліўся ад нечаканай ласкі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

Разм.

1. Грудзі жанчыны. [Старая:] — А ты глядзі — малая ўстане ды цыцкі папросіць... Брыль. — Вось бачыце, якое .. [дзіця]? — стаяла на сваім гаспадыня. — Ёй дай матчыну цыцку. Новікаў.

2. Сасок у млекакормячых. Цыцкі ў каровы патрэскаліся. □ Пасля, сумуючы па цыццы, У адным капаліся [парасяты] карытцы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.

1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.

2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.

3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)