ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),
бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Ядвігіна Ш., З.Бядулі і асабліва Я.Купалы. П’еса П. (з Дз.Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХЛЕ́ЎНЫ (Леанід Канстанцінавіч) (н. 16.1.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1998), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас А.Багатырова). З 1976 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, у 1978—89 муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», з 1990 маст. кіраўнік ансамбля нар. музыкі «Бяседа» Белтэлерадыёкампаніі. Яго творчасці ўласцівы дэмакратычнасць муз. мовы, яркі меладызм, спалучэнне нац. характэрнасці і сучасных сродкаў муз. выразнасці. Сярод твораў: кантаты «Вянок» (1972), «Муха-цакатуха» паводле К.Чукоўскага (1976); 2 сімфоніі (1971, 1975), сімф. варыяцыі «З беларускага эпасу» (1970); камерна-інстр. творы; рамансы і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, У.Карызны, К.Буйло (1972—77); песенны цыкл «Памяць» (1980), зб. песень для дзяцей «Вераснёвы вальс» (1994); хар. цыклы «Дзесяць апрацовак беларускіх народных песень» (1977), «Песні дзявочага кахання» (1979, сл. Карызны), «Песні беларускага Паазер’я» (1988, сл. народныя); песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Сярэбраны медаль імя А.Аляксандрава 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДАЎ (сапр. Вальфензон) Леанід Міронавіч
(3.6.1873, г. Адэса, Украіна — 6.8.1941),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1939). Вучыўся ў Маскоўскім імператарскім тэатр. вучылішчы (1895—96). З 1903 у трупе МХАТ. З 1935 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага. У творчасці прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Трагедыйны акцёр. Сярод роляў: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена) і інш. Зняўся ў кінафільмах «Крылы халопа» (1926), «Габсек» (1937) і інш. З выпускнікоў курса Л. створаны Гомельскі абл.рус.драм.т-р (1939—41). Падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Рэвізор» Гогаля, «Чайка» А.Чэхава, «Васа Жалязнова» Горкага і інш.
Тв.:
Воспоминания, статьи, беседы, записные книжки. М., 1960.
Літ.:
Любимов Н. Былое лето: Из воспоминаний зрителя. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 8.2.1929, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1989), праф. (1993). Брат Г.М.Лыча. Скончыў Башкірскі пед.ін-т (1957). З 1958 працаваў настаўнікам, з 1962 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, з 1989 вядучы навук. супрацоўнік. Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у сав. час, гісторыю бел. культуры, моўную палітыку на Беларусі ў 19—20 ст., міжнац. адносіны на Беларусі ў 20 ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1992—96.
Тв.:
Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). Мн., 1976;
Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. Мн., 1984;
Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: На примере БССР (1917—1941 гг.). Мн., 1987;
Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;
Назвы зямлі беларускай. Мн., 1994;
Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997 (разам з У.І.Навіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІЧЭ́НКА (Леанід Мікалаевіч) (н. 31.3.1914, с. Русанаўка Ліпавадалінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі літаратуразнавец, крытык. Чл.-кар.АН Украіны (1958). Д-рфілал.н. (1958). Скончыў Кіеўскі ун-т (1939). Друкуецца з 1938; Даследуе гісторыю ўкр. л-ры, яе ўзаемасувязі з інш., пераважна слав. л-рамі. Аўтар прац «Паэзія і рэвалюцыя» (1956), «Не ілюстрацыя — адкрыццё!» (1967, Дзярж. прэмія Украіны імя. Т.Шаўчэнкі 1968), «Жыццё як дзеянне» (1974), «Паэтычны свет Максіма Рыльскага (1910—1941)» (1980), «Тарас Шаўчэнка — паэт, змагар, чалавек» (1982) і інш. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі ўкраінскай літаратуры» (т. 1—8, 1967—71). У асобных артыкулах закранаў узаемаўплывы бел. і ўкр. пісьменнікаў, спецыфіку бел. прозы і паэзіі на прыкладзе твораў Я.Купалы, Я.Коласа, А.Адамовіча, Я.Брыля, З.Бядулі, А.Кулакоўскага, М.Лынькова, І.Мележа, П.Панчанкі, І.Шамякіна і інш.
Тв.:
Рус.пер. — О многообразии художественных форм и стилей в литературе социалистического реализма. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЦО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 8.8.1953, в. Жгунская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1984). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1975). З 1980 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1986 у СМ Беларусі, з 1998 дырэктар Нац.маст. музея Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва. Аўтар прац: «Нінель Шчасная» (1984; у сааўт.), «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), «Мікалай Рыжанкоў» (1989), уступных артыкулаў да альбомаў «Уладзімір Масленікаў» (1995), «Леанід Дударэнка» (1998), раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Сярод твораў: «М.Багдановіч. Апошні санет паэта» (1985), «Present Indefinite», «Мроі Нясвіжскага парку», «Маіх чаўноў скрыпучая туга» (усе 1997), «В.К.Бялыніцкаму-Бірулі. Мелодыя адыходзячай ночы» (1998), «Ноч юнага мая», «Адам Міцкевіч. Боль паэта» (абодва 1999), «Успаміны аб паланэзе» (2000), «Нараджэнне дня» (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНЧА́К (Леанід Іванавіч) (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РДЭЛЬ (Леанід Ісакавіч) (н. 14.8.1933, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),
бел. кампазітар. Скончыў Крыварожскі горна-рудны ін-т (1956), Бел. кансерваторыю (1968, кл. А.Багатырова). Працаваў у Крыварожскім НДІмех. апрацоўкі чорных металаў. З 1963 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та і дзіцячага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча, з 1974 — Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве. Аўтар музыкі для дзяцей і юнацтва, якая вызначаецца меладызмам і прастатой апрацовак бел.нар. песень для дзіцячага, мяшанага і жаночага хароў. Сярод твораў: сімфонія, кантаты «Размова з сынам» (абедзве 1968), «Рознакаляровая зямля» (1975), араторыя «Дзень добры, родны край» (1983), сюіта для дзіцячага хору і нар.арк. «Беларускія карцінкі» (1981), харавы цыкл «У заапарку» (1979—87), вак.-харэагр. кампазіцыя «Нам хораша жыць» (1983); балады для хору і сімф.арк. «Лаўскі бой» (1982) і «Песня лясных волатаў» (1987) і інш.; музыка для спектакляў. З 1990 жыве за МЯЖОЙ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).