МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча
(1382—1432),
сына вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял.князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял.кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЭ́ЖНЫ (Васіль Трафімавіч) (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.Гогаля.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял.князяВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1432,
заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх.князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял.кн.Свідрыгайлу. Паводле П. правасл.бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр.зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЫ,
княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял.князяВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял.князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).
Разм. Затрымацца, доўга праседзець дзе‑н. Заседзеліся позна. Перад гаспадарамі паўстала праблема: дзе пакласці гасцей спаць?Корбан.Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку, якая позна засядзелася, відаць, з хлопцам на прызбе.С. Александровіч.//перан. Доўга пражыць на адным месцы, прабыць у адным стане і пад. І ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе?Колас.
•••
Заседзецца ў дзеўках — не выйсці своечасова замуж. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце.С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,
аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял.князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта IIАўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял.князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛБона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.
Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князяАленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял.князяВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492вял.кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).