спусці́ць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. □ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. □ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. □ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. □ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. □ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ФІНЛЯ́НДЫЯ (фінскае Suomi, швед. Finland), Фінляндская Рэспубліка (фінскае Suomen Tasavalta, швед. Republiken Finland),

дзяржава ў Паўн. Еўропе. Мяжуе на ПнЗ са Швецыяй, на Пн з Нарвегіяй, на У з Расіяй; абмываецца Батнічным і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Ф. Аландскія астравы. Пл. 338 тыс. км². Нас. 5183 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — фінская і шведская. Сталіца — г. Хельсінкі. Падзяляецца на 6 губерняў (ляні). Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 снеж.).

Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1919 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Прэзідэнт разам з парламентам ажыццяўляе заканадаўчую, а разам з урадам (Дзярж. саветам) выканаўчую ўладу. Кіраўніцтва знешняй палітыкай ажыццяўляе прэзідэнт. Аднапалатны парламент складаецца з 200 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Урад фарміруецца з прадстаўнікоў адной або некалькіх партый з улікам вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў і суадносін сіл у парламенце.

Прырода. Берагі скалістыя, шхернага тыпу. Паверхня — узгорыстая раўніна (сярэдняя выш. над узр. м. 152 м). Характэрны марэнныя грады, друмліны, озы. На Пн і У узвышаныя грады Манселькя, Оўнаселькя, Суаменселькя, на Пд Салпаўселькя. У цэнтр. і паўд. ч. азёрныя плато. На крайнім ПнЗ адгор’і Скандынаўскіх гор (найвыш. пункт г. Халтыятунтуры, 1328 м). Карысныя выкапні: медныя, жал., малібдэнавыя, цынкавыя, ванадыевыя, кобальтавыя руды, азбест, графіт, апатыты, буд. матэрыялы. Клімат умераны, на ПдЗ пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ПнУ кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -14, -15 °C на Пн да -6, -7 °C на Пд, ліп. ад 12—14 °C на Пн да 17—18 °C на Пд. Каля 74 тэр. за Паўн. палярным кругам. Ападкаў ад 400—450 мм на Пн да 650 мм на Пд. Рэкі кароткія, парожыстыя. Каля 188 тыс. азёр (10% тэр.). Большая ч. азёр злучана рэкамі-пратокамі і ўтварае буйныя водныя сістэмы — Сайма, Пяяне, Інары і інш. Каля ​1/3 тэр. балоты і забалочаныя землі. Пашыраны падзолістыя і балотныя глебы. Пад лесам каля 70% тэр. (хвоя, елка, бяроза). На Пн лесатундра і горная тундра. У складзе жывёльнага свету паўн. алень, лось, барсук, заяц-бяляк, выдра, куніца, гарнастай, вавёрка, трапляюцца мядзведзь, рысь, воўк. Шмат птушак. Унутр. воды багатыя рыбай. Каля 12% тэр. ахоўваецца: 19 запаведнікаў і 32 нац. паркі (Леменьёкі, Палас-Оўнастунтуры, Оўланкаёкі, Пюхятунтуры і інш.).

Насельніцтва. 93% насельніцтва фіны. На ПдЗ жывуць шведы (6%), на Пн — саамы (0,1%). Большасць вернікаў (89%) — лютэране, каля 1% — правасл. хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 15,3 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве ў паўд. ч. краіны. Гар. насельніцтва 67%. У сталічным рэгіёне, т.зв. Вял. Хельсінкі (уключае гарады-спадарожнікі Эспа, Ванта, Каўніайнен), 950 тыс. ж. Гал. гарады (тыс. ж., 2000): Хельсінкі (551,1), Эспа (209,7), Тамперэ (193,2), Ванта (176,4), Турку (172,1), Оўлу (117,7), Лахты (96,7), Куапіо (86,6), Ювяскюля (77,9), Поры (76,2). У прам-сці і буд-ве занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы 8%, у абслуговых галінах 64%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Ф. з’явіўся 8 тыс. гадоў таму. Стараж.-фін. плямёны, якія ў пач. н.э. прыйшлі з У, рассяліліся ў паўд. раёнах сучаснай Ф. і змяшаліся з мясц. насельніцтвам. Саамскія плямёны, нашчадкі ранейшых фіна-угорскіх мігрантаў, былі адцеснены на Пн. Продкі фінаў былі язычнікамі, паляўнічымі і рыбаловамі. На ПдЗ жыло племя суомі (ад яго назва ўсёй краіны), у цэнтры — плямёны хаме (ем, ям), на У — кар’яла (карэла). Геагр. блізкасць Ф. да гандл. шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла гасп. развіццю краіны. У 9 ст. на месцы сучаснага г. Турку ўзнік пункт менавога гандлю. Стараж. фіны ўчынялі паходы на саамаў і збіралі з іх даніну, сапернічалі з нарвежцамі і карэламі за валоданне незанятымі землямі на Пн краіны, кантактавалі са шведамі на У Сканд. п-ва і рабілі туды набегі.

У 12 ст. пачалося заваяванне Ф. шведамі. Іх панаванне зацвярджалася з дапамогай каталіцкай царквы (прымусовая хрысціянізацыя) і ўвядзення ў Ф. пастаяннай сістэмы падаткаў. У выніку 3 крыжовых паходаў (1157, 1249—50, 1293—1300) шведы заваявалі адпаведна паўд.-зах., паўд. і ўсх. раёны Ф., дзе будавалі свае крэпасці. Пры пранікненні ва Усх. Прыбалтыку шведы сапернічалі з наўгародцамі. якія таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён. Арэхаўскі мір (заключаны 12.8.1323) упершыню вызначыў мяжу паміж Швецыяй і Ноўгарадам. Паводле Кальмарскай уніі Швецыя разам з Ф. у 1397—1523 падпарадкавана Даніі З 1527 у Ф. адбывалася царк. Рэфармацыя (увядзенне лютэранства), што спрыяла асветніцкай дзейнасці, станаўленню фін. літ. мовы (з 1548 на ёй вяліся набажэнствы). Абвяшчэнне ўсіх незаселеных зямель Ф. ўласнасцю швед. кароны (1542) спрыяла гасп. асваенню паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў краіны. Каб засяродзіць гандаль у партах свайго каралеўства, Густаў I Ваза ў 1550 заснаваў г. Гельсінгфорс (цяпер Хельсінкі). З 1581 Ф. наз. Вял. княствам. У 1596—97 у Ф. адбылося найбуйнейшае паўстанне сялян, т.зв. Дубінная вайна. На тэр. Ф. адбываліся падзеі руска-шведскіх войнаў 16—19 ст., у т. л. Паўночнай вайны 1700—21. што завяршылася Ніштацкім мірным дагаворам 1721. У 1623 у Ф. ўведзены прыдворны суд вышэйшай інстанцыі і пасада швед. ген. губернатара. У 1-й пал. 16 — сярэдзіне 17 ст. тут створана паштовая служба. засн. каля 10 гарадоў, шэраг гімназій і школ, ун-т у г. Аба (цяпер Турку; 1640). Але з сярэдзіны 17 ст. ўзмацнілася палітыка шведызацыі Ф., якая пры каралю Карле XI [1660—97] фактычна стала правінцыяй Швецыі. Пасля 1676 спыніў дзейнасць мясц. саслоўны сход (вядомы з 14 ст., вырашаў падатковыя пытанні і рэкруцкі набор), фін. мову забаронена ўжываць у адм. установах і школах. За дамінаванне ў рэгіёне швед. ўлады сапернічалі з Расіяй. Пасля рус.-швед. вайны 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743. частка тэр. Ф. да р. Кюміёкі далучана да Рас. імперыі. У час рус.-швед. вайны 1788—90 у Паўд. Ф. адбылося антываен. выступленне афіцэраў швед. арміі (гл. Аньяльскі саюз).

Пасля рус.-швед. вайны 1808—09 уся Ф. паводле Фрыдрыхсгамскага мірнага дагавора 1809 далучана да Рас. імперыі як аўт. княства з саслоўным сеймам. Фактычна ўлада ў Ф. належала прызначанаму рас. царом ген.-губернатару, які ўзначальваў урад (з 1816 Імператарскі фінл. сенат). У Пецярбургу справамі Ф. кіраваў статс-сакратар, падпарадкаваны рас. манарху. У 1812 сталіца Ф. перанесена з г. Аба (Турку) у Гельсінгфорс. У складзе Расіі Вял. княства Фінляндскае захоўвала свае паштовую службу і суд. органы, лютэранская царква набыла статус дзяржаўнай, фіны вызваляліся ад абавязковай ваен. службы ў рас. арміі. З 1815 да 1870 насельніцтва Ф. павялічылася з 1 да 1,75 млн. чалавек. Перавод у 1828 ун-та з г. Аба ў сталічны Гельсінгфорс, дзейнасць фалькларыста Э.​Лёнрата (сабраў і запісаў нар. эпас «Калевала»), асветніка Ю.​В.​Снельмана і інш. спрыялі ажыўленню культ. жыцця краіны. У час Крымскай вайны 1853—56 порты Ф. (Гельсінгфорс, Свеаборг і інш.) і гандлёвыя караблі падвергліся абстрэлам англа-франц. флота. У 1863 фін. мова стала другой афіц. мовай Ф. (побач са шведскай). Але аўт. правы Ф. парушаліся рас. ўладамі, напр., з 1809 да 1863 фінл. сейм не склікаўся, а краінай кіраваў сенат пры ген.-губернатару. У 1869 прыняты рэгламент працы сейма, куды да 1906 уваходзілі прадстаўнікі 4 саслоўяў. У Ф. мелася ўласнае кадэцкае вучылішча; да 3 тыс. фін. вайскоўцаў служылі ў рас. арміі, у т. л. К.Г.Э.Манергейм. Да канца 19 ст. ўзніклі партыі старафінаў, младафінаў, С.-д. партыя Ф. (СДПФ), пабудавана сетка чыгунак. У 1878 у Ф. створана ўласная армія, якая камплектавалася на аснове ўсеагульнай воінскай павіннасці. У 1860—78 уведзена ў абарачэнне ўласная нац. грашовая адзінка — марка. У цараванне Мікалая II узмацнілася палітыка русіфікацыі Ф., асабліва ў час кіравання ген.-губернатара М.​І.​Бобрыкава (1898—1904, забіты). У рэвалюцыю 1905—07 у Ф. адбылося Свеаборгскае паўстанне 1906, у 1906 чатырохсаслоўны сейм заменены аднапалатным парламентам і ўведзена ўсеагульнае выбарчае права (жанчыны Ф. першыя ў Еўропе атрымалі права голасу). Але пасля рэвалюцыі 1905—07 у Ф. ўведзена ваен. праўленне (у 1907—11 мясц. сейм распускаўся 4 разы, сенат фарміраваўся з рас. вайскоўцаў, на дзярж. пасады сталі прызначаць рас. чыноўнікаў). У пач. 20 ст. ў Ф. пачалося развіццё дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай вытв-сцей, арыентаваных на экспарт у зах. краіны. Гандаль з Расіяй скарачаўся. У 1-ю сусв. вайну многія фіны добраахвотна ўступалі і ў рас., і ў герм. арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рас. Часовы ўрад 7(20).3.1917 аднавіў аўтаномію Ф., страчаную пасля рэвалюцыі 1905—07, быў скліканы сейм. Але Часовы ўрад прыпыніў дзеянне прынятага фінл. сеймам 18(31).7.1917 «Закона аб уладзе» і распусціў парламент краіны. У гэтых умовах у фінл. грамадстве запанавала ідэя поўнага аддзялення ад Расіі. 6.12.1917 фінл. парламент прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Ф. незалежнай дзяржавай. Яе часовым кіраўніком стаў П.Э.Свінхувуд. Па просьбе фінл. сената незалежнасць краіны прызнаў сав. ўрад (31.12.1917). У хуткім часе дзярж. суверэнітэт Ф. прызналі Францыя, Швецыя, Германія, Аўстра-Венгрыя, Грэцыя, Нарвегія, Данія, пазней Вялікабрытанія і ЗША. Рас. войскі і базы флоту выведзены з Ф. паводле Брэсцкага міру 1918. Унутрыпаліт. барацьба ў краіне вылілася ў Фінляндскую рэвалюцыю 1918, у час якой Ф. 7.3.1918 заключыла ваен. і эканам. саюз з Германіяй, а прынц Фрыдрых Карл Гесенскі быў абвешчаны каралём Ф. (не паспеў заняць прастол у сувязі з рэвалюцыяй у ліст. 1918 у Германіі). У маі 1918 парламент Ф. разарваў адносіны з Сав. Расіяй. Войскі Ф. ўдзельнічалі ў антысав. інтэрвенцыі ў Карэліі. З канца 1918, калі рэгентам краіны стаў Манергейм, пад яго кіраўніцтвам Ф. адмовілася ад прагерм. арыентацыі. 17.7.1919 Манергейм у выніку кампрамісу паміж прыхільнікамі рэспублікі і манархіі зацвердзіў сучасную форму праўлення краіны. Першым прэзідэнтам Фінл. Рэспублікі быў К.Ю.Стольберг. У першыя гады незалежнасці прыняты законы аб увядзенні абавязковай адукацыі, забароне алкагольных напіткаў («сухі закон» скасаваны ў 1932), свабодзе веравызнання, свабодзе слова і арг-цый, законы па ўрэгуляванні становішча абедзвюх моўных груп (фін. і швед.) і аўтаноміі Аландскіх а-воў (паводле рашэння Лігі Нацый яны ў 1921 адышлі да Ф.). У 1920 Ф. стала чл. Лігі Нацый і заключыла Тартускі мір з РСФСР (гл. Савецка-фінляндскія дагаворы і пагадненні). У 1920-я г. ў Ф. праведзена агр. рэформа (зямлёй надзелены беззямельныя сяляне). У 1926 СДПФ сфарміравала аднапарт. ўрад. Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Ф. актывізаваліся праварадыкальныя сілы (Лапуаскі рух, Патрыят. нар. рух). У 2-ю сусв. вайну пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40, у ходзе якой сав. войскі прарвалі «Манергейма лінію», Ф. ў 1941—44 была ў стане вайны з СССР (т.зв. Вайна працягу). У выніку ваен. дзеянняў і мірных дагавораў 1940 і 1947 устаноўлена дзярж. граніца паміж Ф. і СССР (з 1991 паміж Ф. і Расіяй). Да 1952 Ф. выплачвала ваен. рэпарацыі, у 1955—56 Сав. Саюз ліквідаваў сваю ваен. базу ў Поркала-Уд. Пры прэзідэнтах Ю.К.Паасіківі (1946—56) і У.К.Кеканене (1956—81) Ф. ўзяла курс на ўстанаўленне дружалюбных адносін з СССР. Урад Ф. спрыяў арганізацыі ў Хельсінкі (1972—73) Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая да 1995 трансфармавалася ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры прэзідэнтах М.Г.Койвіста (1982—94) і М.​Ахтысаары (1994—2000) Ф. зрабіла канчатковы выбар на карысць інтэграцыі ў зах.-еўрап. эканам. структуры. У 2000 прэзідэнтам Ф. выбрана Т.Халанен.

Ф. — чл. ААН (з 1955), Паўн. Савета (з 1955), Савета Еўропы (з 1989), Еўрап. Саюза (з 1995) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дзейнічаюць С.-д. партыя Ф., Левы саюз, Агр. саюз, Хрысц. саюз, Швед. нар. партыя, Цэнтр. арг-цыя фін. прафсаюзаў і інш.

Гаспадарка. Ф. — эканамічна развітая краіна з сучаснай прам-сцю і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 135,5 млрд. дол. (25,8 тыс. дол. на 1 чал.). Доля прам-сці ў ВУП 28%, сельскай гаспадаркі 3%, сферы паслуг 69% (2000).

Аснова эканомікі — шматгаліновая прамысловасць, у якой дамінуюць буйныя канцэрны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (36% кошту прамысл. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (19,3%), хім. (10%), электраэнергетыка (8,7%), харч. (8%), паліграф. (6%), чорная і каляровая металургія (4,7%) і інш. У машынабудаванні найб. хутка развіваюцца галіны з высокімі тэхналогіямі — электронная і электратэхнічная. Вытв-сць мабільных тэлефонаў («Нокія»), ліфтаў і эскалатараў («Коне», 3-е месца ў свеце), халадзільнікаў, водаправодных кранаў. Развіта вытв-сць машын для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці («Метса»), пагрузачных сродкаў, трактароў, цяжкіх грузавікоў, гарнаруднага абсталявання. Ф. — самы буйны вытворца ледаколаў (каля палавіны ледаколаў свету); развіваецца вытв-сць круізных і спец. суднаў. Асн. маш.-буд. цэнтры: Хельсінкі, Эспа, Оўлу, Турку, Лахты, Раўма, Васа. Традыцыйна развіта вытв-сць лясной прадукцыі (каля ​1/4 агульнага аб’ёму экспарту). Штогадовая камерцыйная высечка лесу каля 50 млн. м³. Буйныя цэнтры лесаперапрацоўкі ў вусцях рэк (Котка, Оўлу, Поры, Кемі). Вытв-сць фанеры ў Ювяскюлі, Куапіо, Лахты, мэблі ў Лахты, паперы і кардону (каля 9 млн. т) у Тамперэ, Оўлу, Кемі (канцэрны «Стура-Энса», «УПМ-Кюмене», «Метсалійта»). Хім. прам-сць вырабляе хімікаты для цэлюлозна-папяровай прам-сці, мінер. ўгнаенні, фарбы, пластмасы (Оўлу, Турку, Хельсінкі, Тамперэ, Хар’явалта). Фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 75,4 млрд. кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (41%), ГЭС (19%), АЭС (28%) і інш. (12%). ЦЭС працуюць пераважна на імпартуемым паліве. Здабыча жал., медна-нікелевай, цынкавай, хромавай, малібдэнавай руд, азбесту, мармуру, граніту. Цэнтры абагачэння і выплаўкі каляровых металаў — Поры, Хар’явалта (медзь, нікель), Віханты (медзь, свінец, цынк), Кокала (цынк). Металургічны камбінат (чыгун, сталь, пракат) каля г. Рахе; інш. прадпрыемствы працуюць на металаломе. Развіты харч., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная), паліграф. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае малочнамясная жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 1,54, буйн. раг. жывёлы — 1,15, курэй — 5,51, авечак — 0,1. У Лапландыі гадуюць паўн. аленяў (каля 200 тыс. галоў). Вытв-сць (тыс. т) ялавічыны 93, бараніны 17, мяса птушкі 186; малака 2,5 млн. т. Зверагадоўля. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 7% тэрыторыі. Раслінаводства сканцэнтравана на Пд. Характэрна завалуненасць палёў. Асн. пасяўныя плошчы пад сеянымі травамі (75%) і збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (тыс. т, 2001) ячмень (1747), авёс (1227), пшаніцу (514), жыта (101), бульбу, буракі. Рыбалоўства (196,5 тыс. т, 1999). Значныя даходы сял. гаспадарак ад лесаўладання (54% агульнай пл. лясоў). Даўж. (тыс. км, 2000) чыгункі 5,9, аўтадарог 77,8, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 50, водных шляхоў 6,7, газаправодаў 0,6. 1,94 млн. легкавых і 291,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Знешнегандл. перавозкі пераважна марскім транспартам (зімой пры дапамозе ледаколаў). 98 суднаў (1 тыс. рэг. бр.-т і больш) агульным танажом 1172 тыс. рэг. бр.-т. Аўтапаромы звязваюць Ф. з Талінам (Эстонія), Стакгольмам (Швецыя), Любекам (Германія). Гал. марскія парты: Хельсінкі, Котка, Поры, Турку. 160 аэрапортаў. Экспарт (40,1 млрд. дол., 2001): машыны і абсталяванне, папера і кардон, папяровая маса, піламатэрыялы, судны, хім. прадукцыя. Імпарт (31,2 млрд. дол., 2001): харч. прадукты, нафта і нафтапрадукты, трансп. сродкі, чорныя металы, тэкстыль, збожжа, электраэнергія. Асн. гандл. партнёры: Германія, Швецыя, ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя. У 2000 Беларусь экспартавала ў Ф. тавараў на 18,4 млн. дол., імпартавала тавараў на 38,1 млн. долараў. Грашовая адзінка — еўра.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (32 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (3,4 тыс. чал., 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 24,5 тыс. чал., 230 танкаў, 266 баявых машын пяхоты, 840 бронетранспарцёраў, 180 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, больш за 940 буксірных гармат, 2,3 тыс. мінамётаў, больш за 400 гармат зенітнай артылерыі, 11 верталётаў. У ВПС 2,7 тыс. чал., больш за 60 баявых самалётаў і інш. У ВМС 5 тыс. чал., 11 мінных загараджальнікаў, 13 мінных тральшчыкаў, 9 ракетных катэраў і інш.

Ахова здароўя. Пашырана сістэма мед. страхавання, існуюць бальнічныя камуны. У акругах Хельсінкі, Тамперэ, Турку, Куапіо ёсць універсітэцкія бальніцы, якія аказваюць складанае спецыялізаванае лячэнне (напр., адносна рэдкія аперацыі). Дзейнічаюць кампаніі па страхаванні адказнасці мед. работнікаў перад пацыентам. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 74, жанчын 81 год (2001). Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс. чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 110 чал., урачамі — 1 на 338 чал. Натуральны прырост — 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).

Асвета. Сістэма адукацыі ў Ф. прадугледжвае абавязковую бясплатную адукацыю для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, што забяспечвае практычна поўную пісьменнасць насельніцтва. Усе дзеці павінны закончыць 9-гадовую (асноўную) агульнаадук. школу. Пасля гэтага яны маюць магчымасць працягваць адукацыю ў прафес. вучылішчах, вышэйшых ступенях сярэдняй школы з наступным навучаннем у каледжах або ун-тах. Усе ступені навучання, у т. л. ва ун-тах, бясплатныя, а студэнты карыстаюцца матэрыяльнай падтрымкай дзяржавы. У 1997 каля 400 тыс. дзяцей навучаліся ў школах, 470 тыс. чал. у сярэдніх прафес.-тэхн. вучылішчах, 62,3 тыс. — у розных каледжах. У Ф. 20 ун-таў, у самых вялікіх з іх (Хельсінкскім) 37 тыс. студэнтаў, у Тамперэ і Турку па 15 тыс. у кожным. Наладжана таксама навучанне дарослых (ахоплівае больш за 25% працаздольнага насельніцтва). Дзярж. сістэму адукацыі дапаўняе шырокая сетка грамадскіх і прыватных навуч. устаноў.

У 1990-х г. Ф. ўстанавіла сусв. рэкорд па карыстанні б-камі — палавіна насельніцтва краіны зарэгістравана як карыстальнікі бібліятэчнымі абанементамі. Найб. б-кі: Хельсінкскага ун-та (засн. ў 1640, больш за 2 млн. тамоў), Гар. Хельсінкская (з 1860), парламента. Музеі: у Хельсінкі — Нац., Гар., Бат. сад; у Турку — Гіст., выяўл. мастацтва, Я.​Сібеліуса; у Марыянхаміне — суднаходства. Навук. даследаванні праводзяцца ў Акадэміі Фінляндыі, НДІ, на кафедрах ун-таў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2001 у Ф. выдавалася 114 агульнанац. і губ. газет і часопісаў, больш за 500 мясц. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя фінскамоўныя газеты: «Helsingin Sanomat» («Хельсінкскія ведамасці», з 1889), «Iltalehti» («Вячэрняя газета», з 1980), «Iltasanomat» («Вячэрнія ведамасці», з 1932), «Aamulehti» («Ранішняя газета», з 1881), «Turun Sanomat» («Ведамасці Турку», з 1904), «Kaleva» («Калева», з 1899); шведскамоўныя — «Hufvudstadsbladet» («Сталічная газета», з 1864), «Åland» («Аландскія выспы», з 1891), «Vasabladet» («Газета Васы», з 1856). Інфарм. агенцтва — Фінскае агенцтва навін (з 1915). Радыёвяшчанне з 1923. Перадачы вядуцца па 3 каналах на фін., швед., саамскай, рус., англ. мовах. Тэлебачанне з 1955. Працуюць 4 агульнадзярж. каналы і некалькі дзесяткаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання; 9 буйных тэлерадыёкампаній, найбуйнейшая з іх «Ілейсрадыё» (з 1926).

Літаратура. Развіваецца на фінскай мове і шведскай мове. Карані фінскамоўнай л-ры ў карэла-фін. фальклоры, эпічных рунах і лірычных песнях, сабраных і выдадзеных у 1830—40-я г. Э.​Лёнратам (эпас «Калевала», лірычныя песні «Кантэлетар»). Пісьменнасць і л-ра на фінскай мове ўзніклі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі. М.Агрыкала пераклаў на фін. мову Новы запавет (1548) і каля 30 псалмоў і гімнаў, да якіх напісаў прадмовы і тлумачэнні, у т. л. вершаваныя. Другі помнік фін. арыгінальнай і перакладной (з ням. і лац. моў) паэзіі 16 ст. — «Кніга віршаў» (1563) Я.​Суамалайнена. У пач. 17 ст. традыцыі гэтай паэзіі прадоўжыў Х.​Хенрыкі; зборнік арыгінальных казанняў стварыў Э.​Соралайнен. Вял. значэнне для развіцця л-ры меў поўны калект. пераклад Бібліі. На мяжы 17—18 ст. узнікла літ.-філас. плынь фенафілаў, якая проціпастаўляла сябе ідэалогіі швед. вялікадзяржаўнікаў (асветнікі-публіцысты Т.​Юсленіус, Х.​Г.​Портан). У 2-й пал. 18 ст. паявіліся зборнік вершаў і баек Х.​Акрэніуса, вершаваныя пасланні, эпітафіі, даследаванне «Фінская міфалогія» К.​Ганандэра. У 19 ст. на пазіцыях сял. асветніцтва, творчасці дыдактычнага зместу стаялі Я.​Ютэйні, К.​А.​Готлунд, П.​Ханікайнен. Пачаткі рамантызму выявіліся ў паэзіі А.​Попіуса, К.​Р.​Крамсу, у разнастайнай творчасці А.​Ківі. У 1880—90-я г. дасягнула росквіту рэаліст. школа: раманы, аповесці, апавяданні Ю.Аха, М.​Кант, А.​Ярнефельта, Ю.​Х.​Эрка, Т.​Пакалы (уваходзілі ў групу «Маладая Фінляндыя»), аўтабіягр. вясковая проза П.​Пяйвярынты, паэзія і публіцыстыка К.​Лейна, лірыка і драматургія Эрка. У канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася неарамант. плынь (паэты Э.Лейна, Л.​Онерва, Ларын-Кюёсты, празаікі В.​А.​Кілпі, І.​Кіянта, Ё.​Лехтанен, празаік і паэтэса А.​Калас, драматург і празаік Ё.​Лінанкаскі). У 1-й пал. 20 ст. рэаліст. тэндэнцыі развіваліся ў творчасці празаікаў М.Ласілы, П.Хаанпя, М.​Ётуні, В.​Ё.​Койо, Ё.​Корпелы, О.​А.​Палахейма, І.​Уурта, паэтаў О.​Манінена, К.​Т.​Саркія, аўтара п’ес у стылі «эпічнага тэатра» Х.​Вуаліёкі. Шматстылёвая і разнастайная творчасць Ф.Э.Сіланпя, экспрэсіянісцкі характар мелі драмы Л.​Хаарлы. У 1920-я г. ў творчасці прадстаўнікоў літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»; паэты К.​Вала, У.​Кайлас, П.​Мустапя, Ю.​О.​Юльхя, празаікі М.​Т.​Валтары, Т.​Р.​Пеканен, У.​К.​Сепянен, крытык О.​Павалайнен і інш.) адлюстраваліся неарамант., сімвалісцкія, экспрэсіянісцкія, футурысцкія і рэаліст. ўплывы. У 1936 узнікла група пісьменнікаў левага кірунку «Кійла» («Клін»; паэты А.​Туртыяйнен, Я.​Э.​Пенанен, В.​Л.​Каява, празаік і драматург Э.​А.​Сінерва). У 1930-я г. развівалася творчасць т.зв. рабочых паэтаў (К.​Каатра, К.​Танту, Х.​Лійнама). У 2-й пал. 20 ст. рэаліст. л-ру прадстаўлялі паэты Э.​Ківікаха, Э.​Л.​Манер, А.​М.​Тыні, празаікі В.​Ліна, С.​Т.​Аапелі, Э.​Ёэнпелта, А.​Кайпайнен, Л.​Калерва, Э.​Сяйся, М.​А.​Хялі, паэт і празаік Л.​Сінканен, драматург і празаік А.​Юнкала. Вылучыліся гіст. раманы Валтары, «вясковая» проза Х.​Хямяляйнен, «рабочая» — Л.​Війты, С.​Паранена, П.​Рынталы, О.​О.​Сійпайнена, імпрэсіянісцкія навелы і раманы Э.​Кілпі. Развіваліся мадэрнісцкія плыні (паэзія Мустапя, Х.​Юванен). Эксперым., наватарскім характарам вызначаліся антываен. раманы, навелы і п’есы В.​Меры, паэзія В.​Кірстыня, Ю.​Малінена, П.​Хаавіка, А.​Хелаакаскі, проза Х.​Саламы, лірыка і драматургія Л.​М.​Хейкіля, паэзія і проза М.​Л.​Вартыо. Да традыцыі паэтыкі «новага рамана» блізкая проза Л.​Нумі, П.​Холапы, А.​Хюру, элементы сюррэалізму ў паэзіі П.​Саарыкаскі, п’есах Ю.​Манеркарпі. У 1990-я г. вядомасць набыла проза А.​Руута, А.​Снелман, К.​К.​Суасалмі, Х.​Турунена, А.​Тууры, А.​Л.​Хяркенен, К.​Утрыо, О.​Яланена, развіваліся публіцыстыка (В.​А.​Коскеніемі, Пенанен, Р.​В.​Сільванта, Хаарла, Хелаакаскі, Холапа, Т.​Анхава і інш.) і дзіцячая л-ра (Э.​Х.​Койвістайнен, А.​М.​Мерылуата, Х.​Мякеля, М.​Яла).

Л-ра на шведскай мове развівалася ва ўзаемасувязі з фінскамоўнай. У эпоху Рэфармацыі пераважалі казанні, рытуальныя песні. Найб. значны прадстаўнік перадрамант. плыні эпохі Асветніцтва Ф.​М.​Франзен. У 1915 у г. Турку ўзнік гурток літаратараў-рамантыкаў (А.​І.​Арвідсан, Ф.​Бергбум, Ю.​Г.​Лінсен, Ю.​А.​Тэнгстрэм, А.​Г.​Шострэм). Буйнейшы прадстаўнік патрыят. рамантызму Ю.​Л.​Рунеберг, рамант. ідэі развівалі Ф.​Сігнеус і Ю.​В.​Снельман. Матывы нац. гісторыі ў прозе З.​Тапеліуса, лірыцы Ю.​Векселя, рэаліст. тэндэнцыі ў паэзіі і прозе К.​А.​Тавастшэрны. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся розныя плыні паэзіі — ад кансерватыўна-неарамант. (Б.​Грыпенберг) да пазітывісцка-рэаліст. (Э.​Цыліякус), радыкальна-сацыяліст. (А.​Мёрне) і мадэрнісцкай (Э.​Сёдэргран). У 20 ст. вылучылася псіхал. проза М.​Алапеус, О.​П.​Парланда, Р.​Э.​Шыльта, К.​Чыльмана, А.​З.​Клева. Рысы традыц. рэалізму ўласцівы паэзіі Т.​Варбуртана, Э.​А.​Віхман, драматургіі В.​Карэла. У ліку прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў: паэты Г.​Б’ёрлінг, Э.​Дыктуніус, Б.​Карпелан, Р.​А.​Энкель, празаік С.​М.​Шульц, драматург Х.​Олсан. У 1990-я г. плённа працавалі паэты і празаікі Ч.​Весцё, У.​Л.​Лундберг, Т.​Форстрэм, дзіцячая пісьменніца Т.​Янсан, публіцысты Варбуртан, Олсан, Ё.​Ю.​Донер, Чыльман. На бел. мову перакладзены паасобныя творы Аха, Валы, Вуаліёкі, М.​Ларні, Ласілы, Э.​Лейна, Малінена, Манер, Рунеберга, Сінерва, Сінканена, Туртыяйнена, Хаанпя, Яла і інш. Сярод перакладчыкаў: М.​Багдановіч, У.​Арлоў, Я.​Лапатка, У.​Някляеў, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, А.​Шарахоўская.

Архітэктура. Ад часоў мезаліту захаваліся рэшткі жылых пабудоў, блізкіх да жытлаў фіна-уграў. У 12—13 ст. мясц. традыцыі мураванай архітэктуры складваліся пад уплывам раманскага дойлідства Швецыі (замак і сабор у г. Турку). З 14 ст. тарцовыя сцены цэркваў завяршаліся ўзорыстай муроўкай шчытоў (царква ў Хатуле), з канца 15 ст. ў арнамент і форму шчытоў, канструкцыю скляпенняў праніклі элементы готыкі (царква ў Холале). Драўлянае сял. дойлідства развівалася незалежна ад стылістыкі мураванай архітэктуры; яно ўплывала на буд-ва драўляных цэркваў (у Торніо, 17 ст.; Кеўру, 18 ст.) і гар. жылых дамоў. У 2-й пал. 18 ст. шведы заснавалі горад-крэпасць Свеаборг. У пач. 19 ст. пачалося фарміраванне нац. арх. школы. Хельсінкі набыў рэгулярны план у духу класіцызму. Сярод класіцыстычных помнікаў вылучаюцца арх. ансамбль цэнтра Хельсінкі (арх. К.Л.Энгель), Трапскі палац у г. Турку (цяпер Шведскі ун-т). Да канца 19 ст. панавала эклектыка (будынак маст. музея Атэнеум, арх. К.​Хёер). Творчасць прадстаўнікоў нац. рамантызму [Г.​Гезеліус, А.​Ліндгрэн, Эліэль Саарынен (гл.Саарынены), Л.​Сонк] грунтавалася на фін. фальклоры, сканд. міфалогіі, традыцыях сярэдневяковага дойлідства; адметная імкненнем да стварэння спецыфічнай нац. архітэктуры, звернутай да вытокаў фін. мастацтва (Цэнтр. вакзал, будынкі Нац. музея, Фін. нац. т-ра ў Хельсінкі). На мяжы 19—20 ст. развіўся стыль мадэрн (пабудовы Г.​Нюстрэма, С.​Ліндквіста). Буйная з’ява фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Хельсінкі (1915—18, арх. Саарынен). У стылі неакласіцызму працавалі А.Аалта, Э.​Бругман, І.​Сірэн. У 1920-я г. пад уплывам ідэй «Баўгаўза» і арх. Ле Карбюзье зарадзіўся фін. функцыяналізм (павільёны выстаўкі «700-годдзе Турку», арх. Аалта, Бругман; санаторый у Пайміо, арх. Аалта; атэль у Рованіемі, арх. П.​Блумстэт; Алімп. стадыён, арх. І.​Ліндэгрэн і Т.​Янты). У аснове жылога і грамадскага буд-ва 2-й пал. 20 ст. ідэі Саарынена: дэцэнтралізацыя гар. структуры, узаемадзеянне архітэктуры з навакольным ландшафтам («горад-лес» Отаніемі, арх. Аалта; прыгарадны раён Тапіяла, абодва генплан 1952, арх. Х. фон Херцэн, О.​Мейрман, А.​Эрві, В.Рэвель і інш.). Творчасць прадстаўнікоў т.зв. архітэктуры сістэм засн. на функцыян. арганізацыі будынкаў, строгіх прыёмах забудовы, пераадольванні адвольнай жывапіснасці арх. кампазіцыі (Б.​Лундстэн, А.​Русувуары); некат. з іх выкарыстоўвалі формы, выпрацаваныя Л.Міс ван дэр Роэ (К.​Мікала, К.​Гуліхсен). У сучаснай архітэктуры Ф. суіснуюць розныя тэндэнцыі. Пабудовы адметныя выразнасцю форм, функцыянальнасцю, выкарыстаннем фактуры і канстр. магчымасцей новых і традыц. буд. матэрыялаў, сувяззю з прыродным асяроддзем (арх. Аалта, Рэвель, Эрві, К. і Х. Сірэн, Р.​Піетыль, Т.​Суамалайнен). У 1892 засн. Саюз архітэктараў Ф.

Выяўленчае мастацтва. Да найб. стараж. помнікаў мастацтва адносяцца неалітычныя ямачна-грабеньчатая кераміка, наскальныя размалёўкі і пятрогліфы, зааморфныя навершы каменных нажоў, гліняныя антрапаморфныя ідалы і інш. У эпоху бронзы і ранняга жалеза пашыраны творы звярынага стылю. Развіваліся традыц. віды нар. творчасці — разьба па дрэве, дыванаткацтва (насценныя дываны «руй») і інш. У 12—13 ст. з прыняццем хрысціянства засвойваліся ўзоры сярэдневяковага мастацтва, звязаныя з творчасцю ням. і франц. майстроў (алтар св. Варвары з царквы ва Усікірка). Манум. жывапіс 14—16 ст. адметны нар. арнаментамі, стракатымі лакальнымі колерамі (размалёўкі цэркваў у Перніё, Хатуле). Напружанай экспрэсіяй вобразаў, стрыманасцю пластычнай трактоўкі вылучалася драўляная скульптура 15—17 ст. У манум. жывапісе 17—18 ст. выявіліся тэндэнцыі барока (размалёўкі царквы ў Палтама). Вядучы майстар манум. жывапісу 18 — пач. 19 ст. — М.​Тапеліус (размалёўкі цэркваў у Саўва, Палтама). З пач. 19 ст. пачала фарміравацца фін. маст. школа (А.​Лаўрэус, Г.​Фінберг), развіваліся жанры свецкага станковага жывапісу (І.​Ваклін, Н.​Шыльмарк). У батальным жанры працаваў Р.​Экман, у бытавым — А. фон Бекер, К.​Янсан, у пейзажы — В.​Холмберг. Уздым выяўл. мастацтва ў 1880—1900-я г. звязаны з ідэямі нац. адраджэння, гісторыяй, фальклорам, міфалогіяй і інш. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў — А.Гален-Калела. Рэаліст. творы на тэмы нар. жыцця стваралі П.​Халален, А.Эдэльфельт, Э.Ярнефельт. У скульптуры працавалі Э.​Кайнберг, К.​Шостранд, В.​Рунеберг (класіцызм), Э.​Вікстрэм і Э.​Халанен (мадэрн, сімвалізм). Стылізацыі пад нар. скульптуру ў т.зв. наіўным стылі стваралі В.​Мякінен, М.​Хартман, Х.​Віралайнен і інш. Ініцыятар і арганізатар Саюза скульптараў Ф. (1910) — Ф.​Нюлунд. Багацце пластычных вырашэнняў уласціва работам В.Аалтанена. Мастацтва 20 ст. развіваецца ў працэсе ўзаемадзеяння нац. традыцый і асн. кірункаў еўрап. мастацтва (жывапіс В.​Віянаі, М.​Коліна, А.​Канервы, Н.​Хютынена, графіка В.​Аскалы, Т.​Тапіявары, скульптура Э.​Хілтунен і інш.). У 1930—90-я г. ў Ф. жыў і працаваў бел. графік А.Ахола-Вало, ён удзельнічаў і ў наватарскіх пошуках фін. мастацтва. Адно з вядучых месцаў у Еўропе займае фін. дызайн (сярод пачынальнікаў Гален-Калела, Эліэль Саарынен і інш.). Сярод сучасных дызайнераў Т.​Віркала, Э.​Арна, Тапіявара, арх. А.​Аалта). На аснове нар. традыцый мадэрнізуецца выраб прадметаў са скуры, керамікі, развіваецца мастацтва сучаснага тэкстылю.

Музыка. Стараж. формы фін. муз. фальклору — песенныя імправізацыі йойку, замовы, заклінанні, плачы едлі, пастухоўскія і паляўнічыя найгрышы на жалейках і ражках. Сярод старадаўніх муз. інструментаў: кантэле (шчыпковы), ёўхіка (стр. смыкавы), туахіторві (берасцяная труба). Прафес. музыка 12—16 ст. звязана з каталіцкім культам (касцельныя спевы, ігра на аргане), з сярэдзіны 16 ст. пашырыўся пратэстанцкі харал, створаны першы прыдворны аркестр. У 17 ст. пашырыліся шведска-ням. нар. песні, балады, піірылейкі (тыпу частушак), танцы менуэт, мазурка, паланэз, вальс; у Турку працавалі прафес. гар. музыканты. З канца 18 ст. развіваецца свецкая музыка. Сярод першых прафес. кампазітараў Ф.​Пасіус (аўтар нац. гімна), Э.​Туліндберг. Станаўленню нац. музыкі спрыялі карэла-фін. руны (зб. «Калевала», 1835), творчасць аўтараў першых фін. оперы Пасіуса і сімфоніі А.​Інгеліуса, збіральніка фальклору Э.​Лёнрата. Заснавальнікі фін. прафес. муз. школы — Р.​Каянус (пачынальнік нац. кірунку ў музыцы, стваральнік першага сімф. аркестра, 1882), М.​Вегеліус (узначальваў кірунак, арыентаваны на ням. муз. рамантызм, заснавальнік першай кансерваторыі, 1882). На нац. глебе развілася творчасць класіка фін. музыкі Я.Сібеліуса. З сярэдзіны 20 ст. на музыку Ф. паўплывалі плыні зах.-еўрап. авангардызму. Муз. мастацтва Ф. 20 ст. развівалі кампазітары А.​Алміла, К.​Аха, Э.​Бергман, Ё.​Коканен, О.​Кортэкангас, Т.​Куула, Ё.​Куусіста, М.​Ліндберг, Л.​Мадэтая, Э.​Меларціна, У.​Мерылайнен, С.​Палмгрэна, Ё.​Панула, Э.​Раўтаваара, К.​Саарыяха, А.​Салінен, П.​Хейнінен, Э.​Энглунд, А.​Ярнефельта і інш.; дырыжоры П.​Берглунд, О.​Вянскя, О.​Каму, Панула, Л.​Сегерстам; піяністы О.​Мустанен, М.​Раекаліо; спевакі М.​Груп, К.​Матыла, Я.​Рухянен, П.​Саламаа, М.​Салмінен, Ё.​Хюнінен; музыказнаўцы А.​О.​Вяйсянен, І.​Крон, А.​Лаўніс, Я.​Серміля, Э.​Тавастшэрна, В.​Хеласвуа. У Хельсінкі, муз. цэнтры краіны, працуюць Фін. опера (з 1911), аркестр радыё (з 1927), хор радыё (з 1940), Квартэт імя Сібеліуса (з 1927), Камерны аркестр Хельсінкі (з 1953) і інш. Існуе разгалінаваная сетка муз. устаноў: Муз. акадэмія імя Сібеліуса (з 1939), 11 кансерваторый, муз. ін-ты (у Лахты, Тамперэ, Ювяскюля і інш.), школы. Развіты аматарскае хар. мастацтва, пеўчыя святы (з 1881). Праводзяцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя Сібеліуса (з 1965), муз. фестывалі, у т. л. «Тыдзень Сібеліуса» ў Хельсінкі (з 1951) і інш. З 1945 існуе Асацыяцыя фін. кампазітараў.

Тэатр. У аснове прафес. т-ра Ф. традыцыі нар. тэатр. мастацтва. Нац. драматургія развіваецца з 2-й пал. 19 ст. У 1827 у Хельсінкі пабудаваны першы тэатр. будынак (Тэатр. дом), дзе выступалі рус., ням., швед. гастрольныя трупы. У 1860 там жа створаны першы прафес. т-р (на швед. мове), пачаў развівацца аматарскі т-р. У 1872 адкрыўся фін. т-р у Хельсінкі (да 1878 меў оперную і драм. трупы, з 1902 драм. трупа наз. Фінскі нац. т-р). Арганізацыя пастаяннага т-ра стала асновай для развіцця нац. тэатр. мастацтва і драматургіі, прадстаўленай п’есамі М.​Кант, М.​Ласіла, Х.​Вуаліёкі, Э.​Сінерва, А.​Ківі, К.​А.​Ківіма, М.​Валтары, В.​Корэля і інш. Сучаснае фін. тэатр. мастацтва вызначаецца пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці, эксперыментальнасцю. У рэпертуары пераважаюць творы нац. драматургіі, ставяцца класічныя і сучасныя замежныя п’есы. Праводзяцца міжнар. тэатр. фестывалі, у т. л. «Тамперскае тэатр. лета» і інш. Уклад у развіццё фін. т-ра зрабілі рэжысёры В.​Бандлер, Д.​Вітыка, В.​Ільмары, Э.​Каліма, Р.​Лонгбака, Ё.​Турка, К.​Хольмберг, А. оф Хялстрэм; акцёры Э.​К.​Воланен, А.​Корханен, А.​Лепанен, Э.​Літманен, А.​Ліндфарс, А.​М.​Млангус, Т.​Пала, Т.​Ё.​Рыне, Э.​Салмінен, Р.​Снельман, У.​Сомерсалмі, Э.​Эранен, Э.​Юрка і інш. У Ф. каля 60 прафес. т-раў: Нац., Фінскі, Шведскі, Інтымны, Т-р Эспа, Гарадскі Лапеенранты, лялечны «Зялёны яблык» у Хельсінкі; т-ры Працоўных Тамперы, маладзёжна-дзіцячы 2000, лялечны «Нібыта Тэатр» у Тамперы; Гарадскі, Новы, Шведскі Аба ў Турку; т-ры ў Лахты, Куапіо і інш.

Кіно. У 1904 зняты першыя хранікальныя фільмы. У 1906 засн. вытв. фірма «Апала», якая пачала выпуск дакумент. стужак. У 1907 паст. першы гульнявы кароткаметражны фільм «Самагоншчыкі» (рэж. Л.​Спарэ і Т.​Пура), у 1913 — першы маст. «Сюльві» (рэж. Пура), У 1919 Пура і Э.​Кару засн. фірму «Суамі-фільм», якая адыграла значную ролю ў развіцці кіно Ф. У 1920-я г. экранізаваны творы нац. л-ры: «Стары барон з Раўтакюла» (паводле Ц.​Тапеліуса, рэж. К.​Фагер), «Шаўцы з Нумі» (паводле А.​Ківі, рэж. Кару; абодва 1923). У 1930-я г. створаны новыя фільмы, пачаўся выпуск гукавых стужак. Уклад у развіццё фін. кіно 1930-х г. зрабілі рэжысёры Н.​Тапіявара («Юха», 1937; «Шлях чалавека», 1940), Р.​Орка («Улюл з фермы Сілтала», 1934), В.​Вала («Жанчына Ніскавуары» паводле Вуаліёкі, 1938). У 1940-я г. пашыраны муз. фільмы, камедыі, біягр. жанр («Кароль паэтаў і пералётная птушка», 1940, рэж. Т.​Сяркя; «Я кахаю», 1946, рэж. І.​Унха). Сярод лепшых фільмаў 1950-х г.: «Белы паўночны алень» (1953, рэж. Э.​Бломберг), «Невядомы салдат» (паводле В.​Ліне, 1955, рэж. Э.​Лайне), «Чырвоная лінія» (1959, рэж. М.​Касіла). Актуальныя праблемы адлюстраваны ў фільмах рэж. Р.​Ярвы: «Дзённік рабочага» (1967), «Вайна аднаго чалавека» (1973), «Год зайца» (1977). Шэраг экранізацый створаны рэж. Лайне: «Тут, пад Палярнай зоркай» (1968), «Акселі і Эліна» (1970, абодва паводле твораў В.​Ліны) і інш. Сярод рэжысёраў 1970-х г.: Я.​Пакасвірт («Летні бунт», 1970, «Дом да Каляду», 1975, «Пячатка звера»), М.​Нісканен («Восем смяротных куль», 1972, «Восенню ўсё па-іншаму», 1978, «Уцёкі», 1981), Э.​Ківікаскі («Ноч на беразе мора», 1980). У пач. 1980-х г. прыйшло новае пакаленне кінарэжысёраў: браты М. і А. Каўрысмякі, П.​Хартцэль, М.​Іяс, М.​Лехмускаліо, К.​Улсан, О.​Сойніо, Л.​Цёрхёнен. Паэт. стужкі пра супрацьстаянне чалавека і прыроды стварыў рэж. Лехмускаліо («Танец ворана», 1980; «Лыжнік», 1982; «Інуксул», 1988). У эпічным плане зняты фільмы П.​Парыка («Раўніна», 1988, «Зімовая вайна», 1989), Цёрхёнена («Тропік ільду», 1987, «Пасвячоныя», 1989). Новы кірунак у кіно Ф. стварылі браты Каўрысмякі, творчасці якіх уласціва гульня з асацыяцыямі, цытатамі, скрытымі жартамі (сумесныя фільмы «Ілгун», 1981; «Нікчэмныя», 1982). «Чорны» гумар, іронія, крытыка агульнапрынятых каштоўнасцей з маральным пафасам — асн. рысы стужак А.​Каўрысмякі «Цені ў раі» (1986), «Арыэль» (1988), «Дзяўчына з запалкавай фабрыкі» (1990), «Жыццё багемы» (1992), «Паберажы сваю хусцінку, Таццяна» (1994), «Удалячынь плывуць аблокі» (1996). Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы М.​Каўрысмякі «Клан» (1984), «Роса» (1985), «Хельсінкі—Неапаль: усю ноч напралёт» (1987), «Амазонка» (1990) і інш. Кінамастацтва Ф. 1990-х г. вызначаецца прафесіяналізмам, арыгінальнасцю ў выбары тэм і стыляў. У карцінах рэж. В.​Аалтанена «Блудны сын» (1992), «Ойча наш» (1993), «З любоўю, Майрэ» (1999) тэма гвалту і жорсткасці ў сучасным грамадстве. Тэма сельскага жыцця ў фільмах рэж. М.​Пёлёнена: «Зямля шчасця» (1993), «Апошняе вянчанне» (1995), «Кароль плытагонаў» (1998). Сярод інш. значных стужак: «Засада» (рэж. О.​Саарэл), «Крутыя» (рэж. А.​Мякель), «Лебедзь і вандроўнік» (рэж. Т.​Койвусала; усе 1999). Уклад у кіно Ф. зрабілі жанчыны-рэжысёры К.​Растыма («Салёнае і салодкае», 1995; «Рэспектабельныя трагедыі», 1998), П.​Хонсакала («Вогнеглытальніца», 1998), А.​Мантыла («Калекцыянер», 1997; «Геаграфія страху», 2000). Сярод рэжысёраў-дакументалістаў А.​Куйвалайнен, К.​Луастарынен, В.​Суутары, С.​Хелке. У 1952 створаны Саюз кінаработнікаў Ф.

Беларусы ў Фінляндыі. Бел. прысутнасць у Ф. вядома з часоў знаходжання яе ў складзе Рас. імперыі (1809—1917). Выхадцы з Беларусі працавалі ў Ф. на адыходніцтве, служылі ў раскватараваных там гарнізонах рас. арміі, на караблях і ў базах рас. Балт. флоту; удзельнічалі ў Свеаборгскім паўстанні 1906. У 1-ю сусв. вайну гарнізон Свеаборгскай крэпасці ўзначальваў з 1915 беларус ген.-м. К.А.Аляксееўскі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Гельсінгфорсе (Хельсінкі) і інш. гарадах і мястэчках Ф. ствараліся бел. нац. арг-цыі. У склад Абласнога к-та арміі, флоту і рабочых Ф. (існаваў да 1918) уваходзіў матрос В.​Муха (ураджэнец в. Андрэеўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.), які ў чэрв. 1917 заснаваў арг-цыю «Маракоў-беларусаў Балт. флоту» (больш за 800 матросаў бел. паходжання). На 3-м з’ездзе Беларускай сацыяліст. грамады (кастр. 1917, Мінск) яе гельсінгфорскую арг-цыю (200 чл.) прадстаўляў Муха, які быў выбраны ў склад ЦК гэтай партыі. Прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона прысутнічалі на 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый у Мінску ў кастр. 1917. Матросы-беларусы, што служылі ў Ф., збіралі грашовыя сродкі на дапамогу бел. бежанцам 1-й сусв. вайны і на аб’яднанне бел. грамадскіх сіл (дасылаліся праз матросаў Муху і А.​Шалыгу). У 1918 у сувязі з аднаўленнем незалежнасці Ф. і вывадам адтуль рас. войск і флоту многія беларусы вярнуліся на радзіму. Выхадцы з Беларусі ўдзельнічалі ў савецка-фінляндскай вайне 1939—40, у час 2-й сусв. вайны — у Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944.

Літ.:

Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;

Клинге М. Очерк истории Финляндии: Пер. с фин. 2 изд. Хельсинки, 1996;

Барышников В.Н. От прохладного мира к зимней войне: Вост. политика Финляндии в 1930-е гг. СПб., 1997;

Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998;

Финляндия: Краткий обзор: Пер. с фин. Хельсинки, 2000;

Евсеев В.Я. Исторические основы карело-финского эпоса. Кн. 1—2. М.; Л., 1957—60;

Карху Э.Г. История литературы Финляндии: От истоков до конца XIX в. Л., 1979;

Иконников А.В. Новая архитектура Финляндии. М., 1972;

Безрукова М.И. Искусство Финляндии. М., 1986.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва. гаспадарка), П.​А.​Тупік (гісторыя), Я.​Я.​Лапатка (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура, тэатр), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Н.​В.​Грэская (кіно), І.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Фінляндыі).

Герб і сцяг Фінляндыі.
Ландшафт на ўсходзе Фінляндыі.
Да арт. Фінляндыя. Краявід у раёне р. Іматра.
Да арт. Фінляндыя. Хельсінкі.
Да арт. Фінляндыя. Фрагмент інтэр’ера царквы Святога Крыжа ў Хатуле.
Да арт. Фінляндыя. Фрагмент тыповай забудовы.
Да арт. Фінляндыя. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.
Да арт. Фінляндыя. Замак Олавінліна ў Саванліне.
Да арт. Фінляндыя. Драўляная скульптура «П’ета». 2-я пал. 15 ст.
Да арт. Фінляндыя. В.​Холмберг. Паштовая дарога ў Хяме. 1860.
Да арт. Фінляндыя. І.​Ваклін. Аўтапартрэт. 1756.
Да арт. Фінляндыя. А.​Гален-Калела. Абарона Сампа. 1896.
Да арт. Фінляндыя. В.​Аскала. Заліў Тормуа. 1965.
Да арт. Фінляндыя. Х.​Віралайнен. Мар’ята. 1965—66.
Да арт. Фінляндыя. Помнік Яну Сібеліусу (левая частка). 1962—67.
Да арт. Фінляндыя. Сцэна з оперы «Вінсент» Э.​Раўтаваара.
Да арт. Фінляндыя. Кадр з фільма «Белы паўночны алень». Рэж. Э.​Бломберг. 1953.
Да арт. Фінляндыя. Кадр з фільма «Удалячынь плывуць аблокі». Рэж. А.​Каўрысмякі. 1996.

т. 16, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ 1941—45

Напярэдадні вайны. З канца 1940 пагроза нападу фаш. Германіі на СССР усё больш нарастала. Міжнар. адносіны, а таксама сітуацыя на сав.-герм. мяжы былі напружанымі і нават пагражальнымі. Вясной 1941 Ген. штабам Чырв. Арміі сумесна са штабамі ваен. акруг і флатоў быў распрацаваны план абароны дзярж. граніцы. Асаблівая ўвага аддавалася ўмацаванню новай граніцы ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне. Вырашана пабудаваць там новыя ўмацаваныя раёны; на працягу 470 км пагранічнай паласы Беларусі прадугледжвалася буд-ва 550 дотаў і 990 умацаванняў палявога тыпу, новых і мадэрнізацыя старых аэрадромаў. На Брэсцкім напрамку пачалося буд-ва 15, на Беластоцкім — 12 аэрадромаў. Пашыраліся і мадэрнізаваліся стратэг. важныя чыг. вузлы і лініі. Дапамогу ваен. будаўнікам аказвалі дзярж. органы БССР, мясц. ўлады. Для буд-ва Брэсцкага ўмацаванага раёна ў сак.—крас. 1941 было накіравана 10 тыс. чал. цывільнага насельніцтва і 4 тыс. падвод, на буд-ве ваен. аэрадромаў, якое вялося сіламі Беларусі пад кіраўніцтвам ваен. інжынераў, працавалі 160 тыс. рабочых. Насельніцтва прыгранічных раёнаў рэспублікі сабрала і даставіла на буд. пляцоўкі ваен. аб’ектаў 707 тыс. м³ камянёў. 14.5.1941 ЦК КП(б)Б заслухаў і абмеркаваў даклад каманд. войскамі Зах. асобай (Беларускай) ваен. акругі ген. арміі Дз.​Р.​Паўлава «Аб абставінах на граніцы і стане войск акругі» і прыняў рашэнне аб найхутчэйшым завяршэнні буд-ва 100 аэрадромаў, умацаваных раёнаў, устараненні недахопаў у справе прывядзення ў стан мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, калгасаў, МТС і насельніцтва, павышэнні ўвагі да патрэб войск.

Пачатак вайны. Вайна, якую развязала фаш. Германія супраць Сав. Саюза, працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 ням. паветраныя флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі. Усё гэта разам складала 5,5 млн. чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4300 танкаў і штурмавых гармат, 4980 баявых самалётаў і інш. СССР у 5 зах. ваен. акругах меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн. чал.), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1457 новых танкаў КВ і Т-34, 1570 баявых самалётаў новых тыпаў.

Вял. шкоду абараназдольнасці краіны нанеслі рэпрэсіі 1937—38, калі загінула ці была зняволена значная колькасць вопытных камандзіраў Чырв. Арміі, выдатныя канструктары ваен. тэхнікі, кіраўнікі ваен. прам-сці, інж.-тэхн. работнікі. Замест рэпрэсіраваных на высокія ваен. пасады прызначаліся маладыя камандзіры, у якіх не было неабходных ведаў і вопыту. Былі дапушчаны і стратэг. пралікі: найб. небяспечным напрамкам лічыўся паўд.-зах. — Украіна, а не зах. — Беларусь, на якім гітлераўскае камандаванне ў чэрв. 1941 увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і ваен.-паветр. сілы. Напярэдадні і ў пачатку вайны на тэр. Беларусі былі размешчаны 44 сав. дывізіі (з іх 18 танк. і матарызаваных), а на Украіне 80 дывізій (з іх 30 танк. і матарызаваных). Пры гэтым у кожнай ням. дывізіі налічвалася па 14—16 тыс. чал., а ў сав. дывізіях — па 8 і менш тыс. чалавек.

На досвітку 22.6.1941 фаш. Германія без абвяшчэння вайны напала на Сав. Саюз. Камандаванне яе ўзбр. сіл (вермахта) разлічвала магутнымі рассякальнымі ўдарамі буйных танкавых і матарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі і выйсці на лінію Архангельск—Волга, каб такім чынам за 1,5—2 мес закончыць вайну.

На тэр. Беларусі наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск — група армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок) у складзе 4-й і 9-й палявых (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге, ген.-палк. А.​Штраус), 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.​Гудэрыян, ген.-палк. Г.​Гот) і 2 матарызаваных брыгад. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот — 1600 самалётаў. Разам з пагранічнікамі ўдар гэтых сіл прынялі на сябе размешчаныя каля граніцы сав. арміі: 3-я (каманд. ген.-лейт. В.​І.​Кузняцоў) каля г. Гродна, 10-я (ген.-маёр К.​Дз.​Голубеў) у Беластоцкім выступе, 4-я (ген.-маёр А.​А.​Карабкоў) каля Брэста. На напрамках гал. удараў (Гродна і Брэст) праціўнік меў перавагу ў сілах і сродках у 3—5 разоў. Авіяцыя Германіі 22.6.1941 нанесла раптоўныя масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах, гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш., гэтым прычыніла цяжкія страты сав. войскам. ВПС Зах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не здолелі даць належны адпор ворагу, адбіць яго паветраныя налёты. У выніку масіраваных удараў па 26 аэрадромах на тэр. Беларусі ням. авіяцыі ўдалося знішчыць у першыя гадзіны вайны на зямлі 528 самалётаў. Яшчэ 210 сав. самалётаў былі за той жа дзень збіты ў паветр. баях над Беларуссю. Т.ч. 22.6.1941 сав. ВПС, размешчаныя на тэр. Беларусі, страцілі 41% сваіх самалётаў, у т. л. 408 з 500 самалётаў навейшых канструкцый, якія не саступалі нямецкім. Войскі Зах. фронту (утвораны 22.6.1941 на базе Зах. асобай ваен. акругі) з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту на чале з ген. арміі Дз.​Р.​Паўлавым страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе, ліквідаваць яго глыбокія прарывы.

Танкавыя злучэнні ворага 22—23 чэрв. прарвалі абарону сав. войск на абодвух флангах Зах. фронту (каля Гродна і Брэста) і да канца дня 25 чэрв. прасунуліся ў напрамку Вільнюс—Мінск на 180 км, у напрамку Баранавічы—Мінск — да 250 км. У выніку больш як 60 акруговых (франтавых) складоў і баз забеспячэння і ўзбраення былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час гаручага, боепрыпасаў, аўтабранятанкавай маёмасці, харчавання.

З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар прынялі дывізіі, якія размяшчаліся паблізу граніцы, і пагранічнікі. Бессмяротны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Мужна змагаліся з ворагам сав. лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лейтэнант Рабцаў тараніў варожы самалёт над Брэстам, малодшы лейтэнант Дз.​В.​Кокараў — у раёне г. Замбраў Беластоцкай вобл., старшы палітрук А.​С.​Данілаў — каля Гродна. 22 чэрв. маёр Б.​М.​Сурын збіў 4 самалёты праціўніка, старшы палітрук Сіроцін — 5, капітан М.​Ф.​Саўчанка — 9 самалётаў. За першы дзень вайны 235-ы артыл. полк 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі каля г.п. Дамачава Брэсцкай вобл. знішчыў 21 танк і бронетранспарцёр ворага, каля 600 гітлераўцаў. У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёнах Гродна і Беластока войскі 10-й і 3-й армій. Каля г. Ліда артылерысты 8-й асобнай артыл. процітанк. брыгады пад камандаваннем палк. І.​С.​Стральбіцкага на некалькі дзён затрымалі рух 12-й ням. танк. дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў. З 25 чэрв. цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе трымалі абарону 2-і і 44-ы стралк. карпусы 13-й арміі (ген.-лейт. П.​М.​Філатаў). Сілы былі няроўныя, і 28 чэрв. танк. групы ням.-фаш. генералаў Гота і Гудэрыяна захапілі Мінск (гл. Мінска абарона 1941). У выніку ў раёнах на З ад сталіцы Беларусі трапілі ў варожае акружэнне войскі 3-й, 10-й і часткова 13-й сав. армій (гл. Навагрудскі «кацёл»).

Мабілізацыя сіл на адпор ворагу. У складаных умовах, калі Чырв. Армія вымушана была адступаць, на Беларусі разгарнулася вял. работа па мабілізацыі сіл на адпор агрэсару. Усё жыццё ў рэспубліцы перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваен. часу. У чэрв.—ліп. 1941 у Чырв. Армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс. чал. Чырв. Арміі было перададзена каля 30 тыс. аўтамашын і трактароў, 18 тыс. т мяса, шмат жывёлы, 10 350 т збожжапрадуктаў, 10 тыс. т сена. На працягу першага тыдня вайны для арміі на Беларусі былі разгорнуты эвакашпіталі на 12 800 ложкаў, тысячы месцаў у бальніцах, арганізоўваліся медсанатрады. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліп. сфарміравана 78 (больш за 13 тыс. чал.) знішчальных батальёнаў. Ва ўсх. абласцях рэспублікі ў ліп.—жн. 1941 створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш як 33 тыс. чал.). На патрэбы фронту пачалі працаваць прамысл. прадпрыемствы. Гомельскія з-ды «Рухавік рэвалюцыі» і с.-г. машынабудавання наладзілі рамонт баявой тэхнікі і вытв-сць мінамётаў, з-д імя Кірава, Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты асвоілі вытв-сць процітанк. мін, Гомельская запалкавая фабрыка «Везувій» — выраб гранат. Чыгуначнікі Гомеля стварылі 30 перасовачных майстэрань для рамонту танкаў і трактароў, бабруйская прамысл. арцель «Чырвоны металіст», мазырская арцель «Молат», віцебскія арцелі «Молат» і «Металіст» асвоілі вытв-сць карпусоў ручных гранат. Неабходную фронту прадукцыю выпускалі таксама мех. майстэрня ў Магілёве, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, многія абутковыя і швейныя прадпрыемствы. Вял. дапамогу Чырв. Арміі аказвалі бел. сяляне.

Адной з найважнейшых задач з’яўлялася эвакуацыя людзей і матэрыяльна-вытв. каштоўнасцей ва ўсх. раёны СССР. Да канца жн. 1941 з Беларусі было вывезена больш за 1,5 млн. чал., звыш 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тыс. дзяцей), 124 буйныя прадпрыемствы саюзна-рэсп. падпарадкавання, больш як 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнал. абсталявання, а таксама шмат с.-г. тэхнікі, жывёлы, збожжа. Былі эвакуіраваны ўстановы навукі і культуры, у т. л. АН Беларусі, БДУ, тэатры і інш. (гл. Эвакуацыя).

Насельніцтва прыфрантавых раёнаў паўсюдна ўдзельнічала ў буд-ве абарончых умацаванняў. Толькі на рубяжы р. Дняпро на гэтых работах было занята больш як 500 тыс. чал., а ўсяго на абарончых збудаваннях на тэр. Беларусі — каля 2 млн. чал.

Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941. У пач. ліп. 1941 сав. камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Зах. Дзвіна і Дняпро. Каб спыніць ворага і не даць магчымасці яго арміям прарвацца на Маскоўскім напрамку, сюды былі кінуты з рэзерву 19-я, 20-я, 21-я і 22-я арміі. На р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў цяжкія баі з гітлераўцамі вялі часці 1-й Маскоўскай мотастралк. дывізіі (палк. Я.​Р.​Крэйзер), курсанты Барысаўскага танк. вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з-пад Мінска. У трохдзённых баях за Барысаў (захоплены ворагам 2 ліп.) і наваколле з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. Абаронцы Барысава знішчылі каля 70 варожых танкаў, больш за 2000 гітлераўцаў. Адыходзячы ўздоўж Маскоўскай шашы, 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія ўпарта змагалася з ворагам на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і ў інш. месцах. Раённы цэнтр Талачын 8—9 ліп. двойчы пераходзіў з рук у рукі. Воіны Маскоўскай дывізіі захапілі тут каля 800 палонных і сцяг 47-га Берлінскага танк. корпуса. 14.7.1941 пад Оршай свой першы ўдар па ворагу нанёс дывізіён рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана І.​А.​Флёрава. Так упершыню ў баі былі выкарыстаны легендарныя «Кацюшы». Упартыя баі адбываліся за пераправу цераз Бярэзіну ў раёне г. Бабруйск (канец чэрв. — пач. ліп. 1941).

У пач. ліпеня 1941 баі разгарнуліся на Віцебскім напрамку. 20-я армія сіламі 2 механізаваных карпусоў 6—10 ліп. нанесла контрудар па 3-й танк. групе праціўніка і адкінула яго на 30—40 км у напрамку г. Лепель (гл. Лепельскі контрудар 1941). Прыкрываючы Віцебск, 153-я стралк. дывізія палк. М.​А.​Гагена падбіла каля 50 варожых танкаў і знішчыла каля 500 гітлераўцаў (гл. Віцебска абарона 1941). Разам з Чырв. Арміяй Віцебск да 11 ліп. мужна абаранялі батальёны нар. апалчэння (гл. Віцебскае народнае апалчэнне 1941).

Выключна напружаныя баі адбываліся на р. Дняпро, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні і часці 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.​А.​Бакунін) 13-й арміі. Непасрэдна Магілёў да 26 ліп. (апошнія 10 дзён у акружэнні) абаранялі 172-я стралк. дывізія (ген.-маёр М.​Ц.​Раманаў) і атрады нар. апалчэння (гл. Магілёва абарона 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, Буйніцкае поле).

Гомельскі напрамак прыкрывала 21-я армія (каманд. ў чэрв.—жн. 1941: ген.-лейт. В.​П.​Герасіменка, ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў, ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў, ген.-маёр В.​М.​Гардоў). У ліпені ў яе размяшчэнне выйшлі з акружэння часці 3-й арміі, якая потым да канца жніўня абараняла Палессе. 24.7.1941 для прыкрыцця Гомельскага напрамку ўтвораны асобны Цэнтральны фронт (каманд. ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў, потым ген.-лейт. Яфрэмаў), у склад якога ўвайшлі 21-я і 13-я, а з 1 жніўня і 3-я арміі. 13 ліп. 63-і стралк. корпус (камкор, потым ген.-лейт. Л.​Р.​Пятроўскі) нанёс контрудар на Бабруйскім напрамку, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). Цяжкія баі адбываліся 12—19.8.1941 пад Гомелем, праз які 2-я ням.-фаш. танк. група прарывалася на Украіну (гл. Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 5 разоў пераходзіў з рук у рукі ў ліп.—жн. 1941 палескі раённы цэнтр Тураў.

Баявыя дзеянні на Беларусі з 10.7.1941 з’яўляліся часткай Смаленскай бітвы 1941, у ходзе якой сав. войскі на 3 мес затрымалі прасоўванне ням.-фаш. армій на Маскоўскім напрамку, але да пач. вер. 1941 былі вымушаны пакінуць усю тэр. Беларусі. 19 жніўня гітлераўскія войскі захапілі Гомель, 22 жн. — апошні абл. цэнтр рэспублікі г. Мазыр, 4 вер. (канчаткова 23 вер.) — апошні раённы цэнтр г.п. Лельчыцы. Беларусь на 3 гады апынулася пад ярмом ням.-фаш. акупацыі.

Падзеі на франтах вайны. Летам і восенню 1941 войскі ням. фашыстаў акупіравалі значную частку тэр. СССР, блакіравалі г. Ленінград, выйшлі на подступы да Масквы, захапілі Растоўна-Доне. Але ім не ўдалося ажыццявіць асн. стратэг. план — разбіць Чырв. Армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях сав. ўзбр. сілы нанеслі ням. арміі і ВПС вял. страты і захавалі сваю баяздольнасць. 5—6.12.1941 пад Масквой яны перайшлі ў контрнаступленне (гл. Маскоўская бітва 1941—42), якое перарасло ў агульнае наступленне Чырв. Арміі на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку вораг быў адкінуты на 150—400 км. У пач. лют. 1942 у ходзе наступлення 4-й ударнай арміі на Віцебскім напрамку 249-я стралк. дывізія ген.-маёра Г.​Ф.​Тарасава здзейсніла баявы рэйд па тэр. Суражскага і Віцебскага р-наў Беларусі, вызваліла шэраг населеных пунктаў. У выніку гэтых дзеянняў паміж ням.-фаш. групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач» утварыўся разрыў (Чырв. Армія замацавалася непадалёк ад паўн.-ўсх. граніцы Беларусі), праз які было наладжана ўзаемадзеянне паміж бел. партызанамі і сав. камандаваннем (гл. Віцебскія «вароты»).

У бітве пад Масквой сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі (разграмілі 38 яе дывізій) і развеялі міф аб непераможнасці вермахта. Фаш. план «Барбароса», у аснову якога была пакладзена ідэя «бліцкрыгу» («маланкавай вайны»), праваліўся. Але і сав. Стаўка Вярх. галоўнакамандавання пераацаніла свае сілы і магчымасці, паставіўшы перад сав. войскамі задачу за зіму—вясну 1942 акружыць і знішчыць асн. сілы ням.-фаш. груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942». Спробы здзейсніць гэты план (пад Вязьмай і на р. Волхаў) скончыліся няўдачай і суправаджаліся вял. стратамі. Былі заўчасна выкарыстаны сабраныя Стаўкай з вял. цяжкасцямі стратэг. рэзервы. У той жа час не спраўдзілася надзея сав. камандавання і парт.-дзярж. кіраўніцтва, што Германія вычарпае свае рэзервы да вясны 1942.

У маі 1942 становішча на сав.-герм. фронце зноў пачало змяняцца на карысць Германіі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у канцы чэрв.—пач. ліп. — Севастопаль. Катастрофай скончылася наступленне сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. У канцы чэрв.—пач. ліп. 1942 разгарнулася агульнае наступленне вермахта на Варонежскім, Сталінградскім і Каўказскім напрамках, якое ўдалося спыніць толькі позняй восенню. Гітлераўскія войскі выйшлі да Волгі і Дона, перавалаў Гал. Каўк. хрыбта, уварваліся ў Варонеж і Сталінград, але з-за ўпартага супраціўлення сав. войск не здолелі іх захапіць цалкам. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада наркома абароны СССР №227 ад 28.7.1942, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі без загаду. Пасля шматтыднёвай гераічнай абароны 19.11.1942 сав. войскі пад Сталінградам перайшлі ў магутнае контрнаступленне, акружылі і да 2.2.1943 цалкам разграмілі 330-тысячную групоўку ням.-фаш. войск (гл. Сталінградская бітва 1942—43). Гэта перамога стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе вайны. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць страчаную стратэг. ініцыятыву, выратаваць ад развалу фаш. блок, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл. Курская бітва 1943). Але і тут вораг быў разгромлены, страціў 30 дывізій, каля 500 тыс. чалавек.

Пачатак вызвалення Беларусі. Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырв. Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 на фронце шырынёй у 2 тыс. км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.9.1943 войскі 13-й арміі (ген.-лейт. М.​П.​Пухаў) Цэнтр фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) у час Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі г.п. Камарын. У жн.—вер. 1943 Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю, у выніку якой вызвалілі Смаленскую вобл., некаторыя раёны Віцебскай і Магілёўскай абл., выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту пасля вызвалення Бранска (17 вер.) таксама ўступілі на бел. зямлю і выйшлі да р. Сож. У ходзе наступнай асенне-зімовай кампаніі 1943—44 Чырв. Армія вызваліла яшчэ шэраг мясцовасцей і буйных населеных пунктаў Беларусі, у т. л. абл. цэнтры Гомель і Мазыр, гарады Гарадок, Рагачоў, Калінкавічы і інш. (гл. Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). Са снеж. 1943 у вызваленым Гомелі працавалі ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Усяго да вясны 1944 Чырв. Армія поўнасцю ці часткова вызваліла ад ням.-фаш. захопнікаў 36 раёнаў Беларусі са 188.

Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У складзе ўзбр. сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі інш. сав. народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л.М.Даватар, А.​І.​Лізюкоў, Г.​А.​Палаўчэня, П.​Ф.​Сычэнка і інш.; у Сталінградскай бітве — А.​Я.​Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф.​Я.​Макавецкі, А.​І.​Пастрэвіч, М.​П.​Сыдзько, І.​Я.​Сяржантаў і інш. Пад Ленінградам снайпер Ф.А.Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. У час Курскай бітвы 1943 лётчык-знішчальнік А.К.Гаравец у адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр.-адм. В.​Е.​Ананьіч, ген. арміі А.З.Антонаў, ген.-лейт. Е.​У.​Дабравольскі, віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-палк. І.​П.​Камера, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, Маршал Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскі, ген.-лейт. А.​Дз.​Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайск. злучэннямі сухап. войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вял. Айч. вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 66 чал. сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П.Я.Галавачову, камандзірам танк. злучэнняў І.І.Гусакоўскаму, С.Ф.Шутаву, І.І.Якубоўскаму званне Героя Сав. Саюза прысвоена двойчы.

Гітлераўскі акупацыйны рэжым. З першых дзён фаш. акупацыі на тэр. Беларусі быў устаноўлены крывавы акупац. рэжым, які ажыццяўляўся войскамі вермахта, ням.-фаш. акупац. адміністрацыяй, службамі СД і СС, ваен.-палявымі і мясц. камендатурамі, паліцыяй і жандармерыяй. Маючы на мэце ліквідацыю нац. дзяржаўнасці Беларусі і ператварэнне яе ў калонію Германіі, фашысты расчлянілі тэр. Беларускай ССР: паўн.-зах. раёны Брэсцкай вобл. і Беластоцкую вобл. з гарадамі Гродна і Ваўкавыск далучылі да Усх. Прусіі (бецырк Беласток); паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл. — да рэйхскамісарыята «Украіна»; паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл. ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, б.ч. Гомельскай і ўсх. раёны Мінскай абласцей — у зону армейскага тылу. У склад генеральнай акругі Беларусі («Генеральбецырк Беларутэнія») увайшлі Баранавіцкая, Вілейская, Мінская (без усх. раёнаў), паўн. раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала ​1/3 тэр. Беларускай ССР. Гэтая тэр. была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» (цэнтр — г. Рыга) і падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Каб узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі з асобных яго прадстаўнікоў і эмігрантаў дапаможныя адм. ўстановы — раённыя, гар., валасныя ўправы, а пазней — шэраг беларускіх па назве, але калабарацыянісцкіх па сутнасці ваен.-паліцэйскіх фарміраванняў (гл. Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона), «грамадскіх арг-цый» (гл. Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі), «дзярж. устаноў» (гл. Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада).

Мэтай акупац. палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне бел. народа. Паводле плана «Ост» на Беларусі планавалася знішчыць ці выселіць у Сібір 75% насельніцтва, 25% беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці с.-г. рабоў. Каб скараціць 30-гадовы тэрмін выканання гэтага плана, фашысты імкнуліся знішчыць як мага болей людзей яшчэ ў час вайны. На тэр. Беларусі гітлераўцы стварылі 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных экспедыцый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі, ператвараючы цэлыя раёны ў «зоны пустыні» (гл. Карныя аперацыі). За час акупацыі захопнікі знішчылі на тэр. Беларусі каля 3 млн. чал., 380 тыс. чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак.

Народная барацьба ў тыле ворага. Злачынны акупац. рэжым не зламаў волі бел. народа. Ён узняўся на сапраўдную вайну супраць захопнікаў. У ліку першых супраць акупантаў разгарнула барацьбу Мінскае падполле (гл. Мінскае патрыятычнае падполле). Актыўна дзейнічала патрыят. падполле ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і інш. гарадах і пасёлках. Вял. ролю ў барацьбе супраць акупантаў адыгрывалі антыфаш. арг-цыі ў зах. абласцях Беларусі (гл. Антыфашысцкія арганізацыі): у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Міёрскім, Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і інш. раёнах. Шырокая сетка падп. арг-цый і груп ахапіла практычна ўсю Беларусь. Падп. парт., камсамольскія, антыфаш. органы і арг-цыі адыгралі гал. ролю ў разгортванні масавага партыз. руху. У ліку першых на Беларусі пачалі дзейнічаць партыз. атрады пад камандаваннем В.З.Каржа, Ц.П.Бумажкова і Ф.Л.Паўлоўскага, М.П.Шмырова, А.​І.​Далідовіча, В.​Ц.​Меркуля, А.​Дз.​Сяргеева і інш. Бумажкову і Паўлоўскаму 6.8.1941 першым з сав. партызан прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Вял. ўплыў на развіццё партыз. руху зрабіла гіст. перамога Чырв. Арміі пад Масквой. Адразу пасля яе была наладжана пастаянная сувязь паміж бел. партызанамі і сав. тылам праз Віцебскія «вароты» і з дапамогай авіяцыі. З вясны 1942 партыз. рух станавіўся ўсё больш масавым. У маі 1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1-м сакратаром ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнкам, у вер. 1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з 2-м сакратаром ЦК КП(б)Б П.​З.​Калініным. Цэнтралізацыя кіраўніцтва партыз. рухам дала магчымасць накіроўваць барацьбу партызан на максімальнае аказанне дапамогі Чырв. Арміі (гл. Дрысенская аперацыя 1942, Пціцкая аперацыя 1942, Слаўненская аперацыя 1942). Вял. размах набыла барацьба партызан Беларусі ў 1943. Яна вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела наступальны характар. Асн. ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» — адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый ворага ў час наступлення Чырв. Арміі 1943—44 (гл. «Рэйкавая вайна»), У іх выніку ў час Курскай бітвы (ліп.—жн. 1943) перавозкі праціўніка па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваен. перавозак суднаходныя рэкі, паралізавалі рух параходаў і баржаў па Зах. Дзвіне, Сажы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Дняпроўска-Бугскім канале. Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў. Да канца 1943 партызаны ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. Беларусі. Тут існавала больш за 20 партыз. зон — апорных плацдармаў, з якіх нар. мсціўцы наносілі ўдары па ворагу, дзе яны рыхтавалі свае рэзервы, прымалі самалёты з сав. тылу (гл. Партызанская зона, Партызанскі гарнізон). Вял. значэнне мелі партыз. рэйды, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення антыфаш. барацьбы ва ўсіх раёнах рэспублікі.

Партыз. рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні. Гітлераўцы рабілі ўсё, каб знішчыць партызан. Толькі ў 1943 яны правялі дзесяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын і дзяцей, рабавалі і палілі вёскі.

Партыз. барацьба з новай сілай разгарнулася восенню 1943, калі Чырв. Армія ўступіла на тэр. Беларусі. Многія партыз. брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі сав. войск пры вызваленні гарадоў і вёсак рэспублікі. Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, гітлераўцы зімой і вясной 1944 правялі супраць бел. партызан буйныя карныя экспедыцыі (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944, Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 і інш.). Загінула шмат партызан і мірнага насельніцтва, але вораг не дасягнуў сваёй стратэг. мэты: партызаны захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўна дзейнічаць.

Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай бел. народа. Мясц. жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90%). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала ім зброю, якую знаходзіла на месцах баёў 1941, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала разам з партызанамі ў баявых аперацыях. Барацьба насельніцтва супраць паліт., эканам. і ваен. мерапрыемстваў акупантаў насіла масавы характар. Разам з беларусамі (71,1%) у радах бел. партызан і падпольшчыкаў змагаліся рускія (19,29%), украінцы (3,89%), літоўцы, латышы, грузіны, армяне, казахі, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі інш. народаў СССР, а таксама каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх інш. еўрап. народаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі змагаліся ў радах партызан Расіі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Бельгіі, Грэцыі і інш. еўрап. краін.

За 3 гады барацьбы ў тыле ворага з чэрв. 1941 да ліп. 1944 нар. мсціўцы Беларусі (больш за 374 тыс. чал., аб’яднаных у 213 партыз. брыгад і 258 асобных атрадаў; больш за 400 тыс. чал. скрытага партыз. рэзерву) знішчылі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 вайск. эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі і разбурылі 819 чыг. і 4710 інш. мастоў, перабілі больш за 300 тыс. чыг. рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлегр. ліній, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 варожых складоў. Захапілі вял. трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў больш за 140 тыс. бел. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза.

Працоўныя Беларусі ў савецкім тыле. Значны ўклад у перамогу над ворагам зрабілі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя ва ўсх. раёны СССР. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размясціліся гал. чынам у Паволжы (40 з-даў і фабрык), на Урале (24), у сярэдняй паласе Расіі (18), Зах. Сібіры (8). Яны ў сваёй масе зліваліся з мясц. прадпрыемствамі, аднароднымі па спецыялізацыі. Каля 20 бел. прадпрыемстваў захавалі ў эвакуацыі поўную самастойнасць. Сярод іх «Гомсельмаш», гомельская ф-ка «8 Сакавіка», віцебская аптычная фабрыка і інш. Рабочыя, інж.-тэхн. работнікі манціравалі абсталяванне прадпрыемстваў на новых месцах у самыя сціслыя тэрміны. У жн.—вер. 1941 уведзены ў дзеянне 15 бел. з-даў і фабрык, у кастр.—ліст. — яшчэ 20. Да лета 1942 абаронную прадукцыю ўжо давалі калектывы больш як 60 эвакуіраваных бел. прадпрыемстваў. Іх аднаўленне і ўвод у дзеянне станоўча паўплывалі на стан эканомікі СССР.

Вял. ролю ў гады вайны адыграў транспарт, у першую чаргу чыгуначны. Эвакуіраваныя чыгуначнікі Беларусі працавалі больш як на 40 Магістралях СССР. Званне Героя Сац. Працы ў ваен. гады прысвоена бел. чыгуначнікам А.​В.​Глебаву, М.​А.​Макараву, І.​П.​Петрушкевічу, А.​М.​Чухнюк, А.​А.​Янкоўскаму; многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гады вайны ў сав. тыле працавалі тысячы дзеячаў бел. навукі і культуры. На ўсход СССР эвакуіраваны калектывы 60 н.-д. ін-таў і лабараторый, больш як 20 бел. ВНУ і сярэдніх навуч. устаноў, 6 буйнейшых тэатраў Беларусі. У розных раёнах сав. тылу працавала каля 100 акадэмікаў і чл.-карэспандэнтаў АН Беларусі, дактароў і кандыдатаў навук, больш як 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары з Беларусі. Вучоныя АН БССР удасканальвалі тэхналогію вытв. працэсаў, вялі пошукі рэсурсаў сыравіны, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых, важнейшыя праблемы, звязаныя і з патрэбамі фронту, і з далейшым развіццём нар. гаспадаркі.

Супраць фашызму з першых дзён вайны сваім словам змагаліся бел. паэты, празаікі, драматургі. Баявым гімнам прагучаў верш нар. паэта Беларусі Я.​Купалы «Беларускім партызанам». У газетах і часопісах «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Чырвоная звязда», «Звязда», «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка» актыўна супрацоўнічалі К.​Крапіва, М.​Лынькоў, К.​Чорны, І.​Гурскі, М.​Танк, П.​Панчанка і інш. Кампазітары Я.​Цікоцкі, А.​Багатыроў, М.​Аладаў, Р.​Пукст і інш. стварылі шэраг муз. твораў. Творы бел. майстроў выяўл. мастацтва, створаныя ў ваен. час, экспанаваліся на выстаўках. «Мастакі Куйбышава ў дні Вялікай Айчыннай вайны» (1941), «Мастакі Сібіры» (1942), «Мастакі Свярдлоўска» (1942), «Тыл і фронт» (1942—44, у залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве). Перад воінамі Чырв. Арміі на франтах і параненымі ў шпіталях выступалі брыгады бел. артыстаў. Працоўныя Беларусі збіралі грошы і каштоўнасці на патрэбы абароны.

Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да лета 1944 большая частка Беларусі была яшчэ акупіравана гітлераўцамі, якія надавалі вял. значэнне ўтрыманню гэтай тэр., бо праз яе пралягаў прамы шлях да Усх. Прусіі і Берліна. Разумеючы гэта, сав. камандаванне рыхтавала тут магутнае наступленне. Менавіта гэтай задачы было ў значнай ступені падначалена аднаўленне гаспадаркі, якое пачалося ў вызваленых раёнах рэспублікі ў канцы 1943 — пач. 1944. Найперш аднаўляліся пры ўдзеле мясц. насельніцтва неабходныя для Чырв. Арміі шляхі зносін. Да 1.6.1944 былі адноўлены 1247 км чыг. пуцей, 239 чыг. мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, на шашэйных і грунтавых дарогах пабудаваны 554 масты, у т. л. цераз р. Сож у Гомелі і р. Дняпро ў Рэчыцы.

Стварыўшы вял. колькасную і тэхн. перавагу над ворагам, Чырв. Армія 23—24.6.1944 пачала ў Беларусі найбуйнейшую наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Баграціён» (гл. Беларуская аперацыя 1944). Для яе правядзення Вярх. Галоўнакамандаванне выдзеліла больш за 2 млн. чал., больш за 31 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб’яднаны ў 4 франты: 1-ы Прыбалт. (ген. арміі І.​Х.​Баграмян), 3-і, 2-і і 1-ы Беларускія (ген.-палк. І.​Д.​Чарняхоўскі, ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў, ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) франты. У складзе 1-га Бел. фронту дзейнічала Дняпроўская ваен. флатылія (каманд. контр-адм. В.​В.​Грыгор’еў). Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі і Г.​К.​Жукаў.

У першыя дні аперацыі войскі 1-га Прыбалт. і 3-га Бел. франтоў акружылі і знішчылі варожую групоўку ў раёне Віцебска, 26 чэрв. вызвалілі Віцебск, 27 — Оршу (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944). Войскі 2-га Бел. фронту 28 чэрв. штурмам авалодалі Магілёвам. Адначасова правае крыло 1-га Бел. фронту акружыла і разграміла бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрв. вызваліла Бабруйск (гл. Бабруйская аперацыя 1944). Развіваючы наступленне ў сустрэчных напрамках, войскі 1-га і 3-га Бел. франтоў пры ўдзеле 2-га Бел. фронту 3 ліп. вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск (3 ліп. святкуецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень Незалежнасці), 4—11 ліп. на ўсход ад Мінска акружылі і знішчылі 105-тысячную групоўку праціўніка (гл. Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»). Войскі 1-га Прыбалт. фронту разграмілі полацкую групоўку гітлераўцаў і 4 ліп. вызвалілі Полацк (гл. Полацкая аперацыя 1944), надзейна забяспечылі з Пн наступленне гал. стратэг. групоўкі сав. войск на Беларусі. 5 ліп. вызвалены гарады Маладзечна і Смаргонь, 8 ліп. — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 — Гродна. 28 ліп. сав. войскі штурмам авалодалі Брэстам і на гэтым закончылі выгнанне ням.-фаш. захопнікаў з тэр. Беларусі.

Пры правядзенні Бел. аперацыі Чырв. Арміі вял. дапамогу аказвалі партызаны і насельніцтва Беларусі. Да лета 1944 на акупіраванай тэр. рэспублікі дзейнічала 149 партыз. брыгад і больш за 80 асобных атрадаў. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па чыг. камунікацыях ворага, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыг. мастоў. У выніку гітлераўцы не змаглі выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніка, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы і плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў, вёсак, у ліквідацыі акружаных груповак ворага. Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу часцей Чырв. Арміі дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра. Ва ўмовах адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу Чырв. Арміі многія раённыя цэнтры — Узду, Старобін, Куранец, Астравец і інш. Разам з часцямі Чырв. Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў і гар. пасёлкаў Мінск, Вілейка, Барысаў, Докшыцы, Дунілавічы, Івацэвічы, Клічаў, Слуцк, Ліда, Лагойск, Любань, Маладзечна, Нясвіж, Навагрудак, Смалявічы, Асіповічы, Пінск, Плешчаніцы, Стоўбцы і інш. Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўцаў. Падпольшчыкі і інш. мясц. жыхары перадавалі сав. воінам звесткі пра варожую абарону, паказвалі замініраваныя будынкі, масты, мінныя палі, папярэджвалі пра варожыя засады, праводзілі праз водныя перашкоды і балоты, вылоўлівалі варожых салдат і дыверсантаў. Насельніцтва вызваленых раёнаў клапацілася аб параненых сав. воінах, збірала сродкі ў фонд Чырв. Арміі, у фонд дапамогі шпіталям інвалідаў вайны, сем’ям франтавікоў і партызан. З вызваленай тэр. Беларусі ў Чырв. Армію мабілізавана больш за 600 тыс. чал., у т. л. каля 180 тыс. б. партызан. Паўсюдна ў гарадах і вёсках Беларусі адбываліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню, гал. з іх адбыўся 16.7.1944 у Мінску з удзелам вышэйшага кіраўніцтва БССР і завяршыўся вял. партыз. парадам (гл. Партызанскі парад 1944).

У выніку Бел. аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь, б.ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёны Польшчы. Чырв. Армія падышла да граніц Усх. Прусіі. У ходзе аперацыі сав. войскі разграмілі ням.-фаш. групу армій «Цэнтр»: 17 дывізій і 3 брыгады знішчаны поўнасцю, 50 дывізій страцілі больш за палову асабістага складу. За вызваленне Беларусі больш як 1600 сав. генералаў, афіцэраў і салдат удастоены звання Героя Сав. Саюза, больш за 402 тыс. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 747 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі бел. гарадоў.

У Бел. аперацыі (23.6—29.8.1944) вял. страты панеслі і сав. войскі. 3 Беларускія і 1 Прыбалт. франты страцілі 765 815 салдат і афіцэраў, з іх незваротныя страты склалі 178 507 чал. Непасрэдна пры вызваленні бел. зямлі з 23 чэрв. і да канца ліп. 1944 усе 4 франты страцілі 440 879 чал., з іх 97 232 чал. забітымі.

Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Разгром ням.-фаш. войск на тэр. Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для інш. наступальных аперацый, у выніку якіх Чырв. Армія ў 2-й пал. 1944 выгнала ворага з тэр. СССР (акрамя ч. Латвіі, вызваленай у маі 1945) і пачала вызваленне народаў Еўропы ад фаш. няволі. У студз. 1945 сав. войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат, каб канчаткова разграміць ням.-фаш. армію і разам з саюзнікамі прымусіць фаш. Германію да капітуляцыі. 16.4.1945 яны пачалі Берлінскую аперацыю — адну з найбуйнейшых у Вял. Айч. вайне, якая мела вырашальнае значэнне для перамогі над Германіяй і вызвалення самога ням. народа ад гітлераўскай тыраніі. 26.4.1945 сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна, 30 крас. авалодалі будынкам рэйхстага, над якім быў узняты чырв. Сцяг Перамогі (гл. Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у берлінскім прадмесці Карлсхорст прадстаўнікі вышэйшага ням.-фаш. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.

Ва ўсіх бітвах завяршальнага перыяду Вял. Айч. вайны актыўны ўдзел прымалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да падзей жн. 1945 на Д. Усходзе. Чырв. Армія з удзелам войск Манголіі разграміла тут яп. Квантунскую армію ў паўн.-ўсх. Кітаі і Паўн. Карэі (гл. Савецка-японская вайна 1945).

Вынікі вайны. Вял. Айч. вайна была для сав. народа і яго ўзбр. сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але сав. народ і яго ўзбр. сілы на сваіх плячах вынеслі асн. цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной — 27 млн. чалавечых жыццяў — заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам — гэта нац. і ваен. гордасць бел. народа, як і ўсіх народаў былога СССР.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—45: Энцыкл. Мн., 1990;

В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) Мн., 1987;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;

История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—44). Мн., 1995;

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;

Памяти павших: Великая Отечественная война, 1941—1945. М., 1995;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 г.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2]. Мн., 1980—90.

У.​І.​Лемяшонак.

Вызначэнне савецка-польскай мяжы ў 1944—45. З пачаткам вайны пытанне «вольных ад Сталіна рэспублік» было знята з парадку дня берлінскай палітыкі. Дэкрэт Гітлера ад 17.7.1941 прадугледжваў стварэнне рэйсхкамісарыятаў, што азначала адмову фюрэра ад ідэі пераўтварэння гэтых абшараў у васальныя тэрыторыі і пераход на пазіцыі поўнай іх каланізацыі. 27.6.1944 Бел. цэнтр. рада з дазволу фаш. улад склікала ў Мінску 2-і Усебел. з’езд. Дэлегаты заявілі аб непрызнанні бел. дзяржаўнасці ў форме БССР, абвясцілі аб канчатковым разрыве з Расіяй, падкрэсліўшы, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы». З’езд аб’явіў несапраўднымі дагаворы і аднабаковыя рашэнні СССР і Польшчы адносна тэр. Беларусі.

Польскі эміграцыйны ўрад, створаны ў кастр. 1939 у Францыі, не прызнаваў законнасць дагавораў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, у т. л. ўключэння тэр. Зах. Украіны і Зах. Беларусі (разам з Віленшчынай) у склад СССР. Вялікабрытанія і ЗША, хоць і не прызнавалі законнасць уключэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны ў склад СССР і новай граніцы паміж СССР і Польшчай, але схіляліся да прызнання «лініі Керзана» ў якасці сав.-польскай граніцы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прызналі «лінію Керзана» ў якасці будучай сав.-польскай граніцы. У заяве сав. ўрада ад 11.1.1944 выказвалася гатоўнасць унесці змены ў граніцы 1939 на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. У сак. 1944 на 6-й сесіі Вярх. Савета БССР Старшыня яго Прэзідыума Н.​Я.​Наталевіч папрасіў сав. ўрад пры вызначэнні граніцы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне бел. народа аб’яднаць усе спрадвечныя бел. землі ў адзіную Бел. сав. дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаны сав. кіраўніцтвам. 27.7.1944 у Маскве падпісана сакрэтнае пагадненне паміж СССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) аб сав.-польскай граніцы. У яго аснову была пакладзена «лінія Керзана» з адступленнямі на карысць Польшчы на бел. участку граніцы Беластоцкай вобл. і часткі Белавежскай пушчы. Польскі эмігранцкі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць «лінію Керзана» і заключанае ПКНВ з СССР пагадненне аб граніцы. Аб гэтым сведчылі перагаворы ў Маскве прадстаўнікоў СССР з дэлегацыяй польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм’ер-міністрам С.​Мікалайчыкам, якія адбыліся ў жн. і кастр. 1944. У мемарандуме польскага ўрада ад 29.8.1944 гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-сав. граніцы павінен зацвердзіць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесці добраахвотны абмен насельніцтвам (польскім, беларускім і ўкраінскім). Лонданскі польскі ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельніцтвам, заключаных Украінай, Беларуссю і Літвой з ПКНВ, падкрэсліваючы, што ўрады сав. рэспублік робяць спробы змяніць на сваю карысць этнічны склад тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Канчаткова пытанне аб сав.-польскай граніцы было вырашана ў 1945.

Літ.:

Ленхард Х. «Жизненное прострачство на Востоке»: Немцы в Беларуси, 1941—1944 // Нёман. 1993. №5;

Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй Мн., 1993;

Яго ж. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) // Спадчына. 1997. №3;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Яго ж. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2000. №1;

Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі. Зб. дакументаў і матэрыялаў Т. 3—4. Мн., 2000—01.

У.​Е.​Снапкоўскі.

Гараць фашысцкія танкі, падбітыя савецкімі воінамі каля в. Паперня Мінскага раёна Чэрвень 1941.
Савецкія артылерысты адбіваюць атаку фашысцкіх танкаў. Наваколле Мінска. Чэрвень 1941
Аб’явы нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад.
Вёска Хорастаў Ленінскага раёна Пінскай вобл., спаленая гітлераўцамі.
Нямецка-фашысцкія карнікі паляць вёску ў партызанскай зоне.
Разбураны гітлераўскімі захопнікамі раён Мінска. 1944.
Партызаны брыгады імя С.​М.​Кірава Пінскай вобл. на баявой аперацыі. 1943.
Партызаны брыгады імя С.​М.​Будзённага Пінскай вобл. ідуць на баявое заданне. 1943.
Прарыў. Карціна П.​С.​Крахалёва. 1975.
Наступленне савецкіх танкаў і пяхоты на Мінск. 1944.
Партызанская сям’я: селянін Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. Н.​Ц.​Рыдлеўскі з дочкамі.
Фарсіраванне войскамі 3-га Беларускага фронту р. Лучоса каля Віцебска. Чэрвень 1944.
Салют савецкіх воінаў—вызваліцеляў Віцебска. 26.6.1944.
Узняцце чырвонага сцяга над Домам урада ў вызваленым Мінску. 3.7.1944.
Мінск. 3 ліпеня 1944 года. Карціна В.​Волкава. 1954—55.

т. 18, кн. 2, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)