1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне.Сабаленка.Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся.Шынклер.Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся.Сачанка.Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і.Карпюк.[Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы.П. Ткачоў.
2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся.Хадкевіч.Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома.Сіпакоў.// Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.
3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму.Навуменка.Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах.«Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),
дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс.чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.
Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).
Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).
Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн.дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш.Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг.нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг.Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),
горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На Угал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-растудз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-раліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр.росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус.росторо́пный ’кемлівы’, польск.roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл.*torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч.τρέπω ’паварочваю’, лац.trepit ’вярцець’, ст.-інд.trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ.tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ.stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ.stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл.*torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.
Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус.дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ.strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІ́КА (Dominica),
Садружнасць Дамінікі (Commonwealth of Dominica), дзяржава на аднайм. востраве ў Карыбскім м. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 751 км². Нас. 88 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Разо. Афіц. мова — англійская, пашыраны таксама мясц. дыялект франц. мовы. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Прырода Паверхня вострава гарыстая (выш. да 1447 м, вулкан Д’яблатэн). Ёсць гарачыя крыніцы і невял. азёры з кіпячай вадой. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячная т-ра 25—27 °C. Ападкаў 1500—2500 мм за год, дажджлівы сезон чэрв.—кастр., частыя ўраганы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Нац. парк Морн-Труа-Пітон.
Насельніцтва. 91% складаюць негры, 6% — мулаты і крэолы, 1,5% — індзейцы-карыбы (карэнныя жыхары). Сярод вернікаў пераважаюць католікі (93%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 117 чал. на 1 км², амаль усё яно жыве на ўзбярэжжы. У гарадах каля 50% насельніцтва.
Гісторыя. Адкрыта Х.Калумбам у 1493. У 17—18 ст. Д. папераменна валодалі Францыя і Англія. Канчаткова стала калоніяй Вялікабрытаніі паводле Парыжскага міру 1783. У 1871—1939 у складзе Федэрацыі Падветраных а-воў, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. У 1967 аб’яўлена «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавай». 3.11.1978 абвешчана незалежнасць Д. Восенню 1983 удзельнічала ў інтэрвенцыі ЗША на Гранаду. З сярэдзіны 1980-х г. у Д. ажыццяўляецца праграма паліт. інтэграцыі з карыбскімі краінамі. Д. — чл.Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (з 1993 — К.Сараінда), які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце сходу, выканаўчая — ураду. У 1978 Д. прынята ў ААН. Чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці і Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў. Паліт. партыі: Партыя свабоды Д. (правячая), Аб’яднаная партыя працоўных Д., Лейбарысцкая партыя Д. Прафсаюзы — Аб’яднаны саюз рабочых Д., Прафсаюз Д., Асацыяцыя дзярж. служачых, Прафсаюз докераў і рабочых сумежных прафесій, Саюз сялян Д.
Гаспадарка. Найб. развіта сельская гаспадарка. Яе доля ў валавым унутр. прадукце каля 30%, прам-сці — каля 6%. Апрацоўваецца каля 1/4 тэрыторыі. Гал. культура — бананы (збор штогод каля 40—50 тыс.т). Вырошчваюць какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Лесанарыхтоўкі. Здабыча пемзы і вапняку. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці сокаў, фруктовых кансерваў, копры, цыгарэт (з імпартнага тытуню), рому, мыла, эфірных алеяў і інш. Ёсць некалькі дрэваапр. прадпрыемстваў, цэментны з-д. Шырока развіты замежны турызм (занята 20% рабочай сілы). Рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны (аўтадарог 752 км) і марскі. Гал. порт Разо. Міжнар. аэрапорт. Экспарт: бананы, мыла, цытрусавыя, сокі з садавіны, какосавы алей. Імпарт: харч. і прамысл. тавары, машыны і абсталяванне, хімікаты. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, суседнія краіны. Д. залежыць ад знешняй эканам. дапамогі. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.