БАЙСЕІ́ТАВА (Раўшан Хаціятаўна) (н. 16.9.1947, г. Алматы),

казахская артыстка балета. Нар. арт. Казахстана (1978). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1966). З 1966 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Сярод партый: Баршагуль («Аксак-Кулан» А.​Серкебаева), Аканат («Паданне пра белую птушку» Г.​Жубанавай), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана).

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА І РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

мастацкі часопіс, орган Наркамасветы і прафсаюза працаўнікоў мастацтва БССР. Выдаваўся з ліп. 1932 да лют. 1933 у Мінску на бел. мове. Меў на мэце развіваць крытыку ў галіне тэатра, кіно і выяўл. мастацтва. Асвятляў дзейнасць тэатраў рэспублікі, станаўленне бел. оперы і балета, кінамастацтва, творчасць мастакоў, драматургаў, кампазітараў, самадз. калектываў.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),

бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і «Алека» С.​Рахманінава (1949), «Марынка» Р.​Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.​Карнавухавай і Л.​Браўсевіча (1952, т-р імя Я.​Купалы), «Гады вандраванняў» А.​Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.

П.​А.​Карнач.

М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні. 1949.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЗІЧЭ́НКА (Ірына Дзянісаўна) (н. 22.8.1936, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў т-рах Чэлябінска і Новасібірска. У 1959—75 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яркая характарная танцоўшчыца, валодала выразнай пластыкай, моцным сцэн. тэмпераментам.

Сярод партый: Мадэрнісцкая танцоўшчыца і Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.​Глебава), Марта («Святло і цені» Г.​Вагнера), Мерседэс і Вулічная танцоўшчыца («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.​Караева), Маўрытанка і Іспанка («Балеро» на муз. М.​Равеля), фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), танцы — індускі («Баядэрка», Мінкуса), іспанскі, венгерскі («Лебядзінае возера» Чайкоўскага), сарацынскі («Раймонда» А.​Глазунова), іспанскі танец, мазурка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), кракавяк («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), гадзітанскі, этрускі («Спартак» А.​Хачатурана), а таксама ў операх «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Кармэн» Ж.​Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЗІ ((Grisi) Карлота) (28.6.1819, Візінада, п-аў Істрыя — 25.5.1899),

італьянская артыстка балета і спявачка; адна з відных прадстаўніц рамант. балета. Вучылася ў балетнай школе т-ра «Ла Скала». У 1832—53 выступала на сцэнах многіх т-раў Італіі і за мяжой, у т. л. ў Лондане, Парыжы, Пецярбургу; з 1833 разам з Ж.Перо, настаўнікам і мужам, які ў многім вызначыў яе творчы лёс. Сусв. вядомасць ёй прынесла першае выкананне напісанай для яе партыі Жызэлі («Жызэль» А.​Адана) у Парыжскай оперы (1841). Сярод інш. партый: Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Перы («Перы» Ф.​Бургмюлера). У балетах «Чатыры стыхіі» Дж.​Баеці, «Па-дэ-катр» і «Поры года» Пуні танцавала разам з М.Тальёні, Л.Гран, Ф.Чэрыта. Валодала драм. талентам. Яе творчасць прадвызначыла многія дасягненні віртуознага жаночага танца 2-й пал. 19 ст. Яе кар’еру спыніў няшчасны выпадак у 34-гадовым узросце.

К.Грызі ў ролі Перы.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.​Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.​Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна).

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Расціслаў Уладзіміравіч) (7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),

рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1969).

Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр. ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял. значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.​Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.​Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.​Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.​Грывіцкас, А.​Лапауры, Н.​Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Літ.:

Ивашнев В.И., Ильина К. В.​Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.

Р.У.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),

бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.​Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.​Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.​Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.​Дзешавова на тэмы А.​Лядава).

Ю.​М.​Чурко.

В.П.Міронаў.
В.Міронаў у ролі Салора.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.-танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.​Яруліна), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Ильичева М. А.​Макаров. Л., 1984.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬКО́ВА (Вера Міхайлаўна) (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),

бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Неда («Паяцы» Р.​Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.​Дзяржынскага).

Літ.:

Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.​М.​Жураўлёў.

В.М.Малькова.
В.Малькова ў ролі Наталлі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)