лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты, цябе́, табе́, цябе́, табо́ю, аб табе́; мн. вы; займ. асаб. 2 ас. адз.

1. Ужываецца пры звароце да блізка знаёмай асобы або пры грубым, фамільярным звароце. Так навек адляцела Любата ў неспадзеў[кі], — Ты мяне больш не стрэла, Я цябе больш не стрэў. Купала. З пагрозай чужынцу прамовіў казах: — Табе не вярнуцца Ніколі з вайны, І выдзеўбуць вочы табе груганы. Броўка. / Пры рытарычным звароце да каго‑, чаго‑н. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. Разм. Выкарыстоўваецца для абагульненага абазначэння чалавека наогул. Калі ты курэц, то насі люльку і тытунец. Прыказка.

3. Д табе́ у знач. часціцы. Разм. Выкарыстоўваецца для выказвання прыкрасці, расчаравання, пагрозы і пад. — Я [табе] пакуру! — з халодным спакоем устрапянуўся гаспадар. Чорны. Гэта табе толькі пачынка, а будзе цэлая аўчынка. Прыказка.

4. У спалучэнні з выклічнікамі ўжываецца для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. — Ах ты, ёл[у]пень стары! — Баба Дзеда лае! Крапіва.

•••

А што ты думаеш — а чаму б і не зрабіць. [Міколка:] — Знаеш што, дзед? Давай каршуна падстрэлім! — А што ты думаеш? Пеканём! Лынькоў.

Бачыш ты! гл. бачыць.

Бог з табою! гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) цябе ведае гл. бог.

Вось табе! гл. вось ​2.

Вось табе і... гл. вось ​2.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! гл. вось ​2.

Дзе ты бачыў гл. бачыць.

Дзе цябе бог носіць? гл. бог.

Дзе цябе чорт носіць (чэрці носяць)? гл. чорт.

Дулю табе пад нос гл. дуля.

Каб на цябе ліха гл. ліха ​1.

Каб табе зарвала гл. зарваць.

Каб табе пуста было гл. быць.

Каб ты лопнуў (лопнула) гл. лопнуць ​1.

Каб ты спруцянеў гл. спруцянець.

На табе! гл. на ​2.

На ты з кім — (быць) у такіх адносінах, калі ў звароце адзін да аднаго гавораць «ты».

Не ты першы, не ты апошні гл. першы.

Няхай цябе качкі (стопчуць) гл. качка.

Соль табе ў вочы гл. соль.

Ух ты! — выкарыстоўваецца пры выказванні, афарбаваным якім‑н. пачуццём (здзіўлення, захаплення і пад.).

Хто цябе ведае гл. хто.

Чорт (кадук) з табой гл. чорт.

Што ты там (тут) забыў? — тое, што і што я там (тут) забыў? (гл. я).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЁТЭАТР,

адна з форм літ.-драм. радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.

Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.​Х’юза). У б. СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.​Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж. рас. радыё і ў Астанкіна.

На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.​Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.​Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.​Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.​Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.​Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.​Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.​Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.​Ільінскага, «Канец дружбы» К.​Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз. выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г. літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.​Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.​Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.​Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.​Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.​Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.​Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г. вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял. Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.​Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака. У 1960-я г. сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.​Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.​Бур’яна і І.​Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.​Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.​Мележа, «Жураўліны крык» В.​Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.​Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.​Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.​Савіцкага, «Новая зямля» Я.​Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.​Новікава, «Васіль Корж» С.​Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.​Лукшы, «Была вайна народная» А.​Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.​Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.​Мехава, «Каб узышло сонца» Р.​Бакіевіча і А.​Пётуха, «Праўда адна» А.​Шлега, «Такая служба» А.​Пінчука, «Званы Віцебска» У.​Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.​Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.​Куляшова «Хамуціус», Я.​Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.​Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.​Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.​Місько «Градабой», В.​Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.​Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.​Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.​Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.​Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.​Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.​Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.​Калошкі, «Вяртанне» У.​Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.​Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.​Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).

З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.​Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.​Коласа, «Адгукніся песняй» А.​Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.​Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.​Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.​Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.​Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.​Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.​Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.​Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.​Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.​Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.​Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.​Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.​Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.​Васілевіч, «Лацароні» Я.​Маўра, «Гарачым летам» Ф.​Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі, «Салдацёнак» Ч.​Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.​Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.​Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Залётнеў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, І.​Любан, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, В.​Помазаў, Р.​Пукст, Л.​Свердэль, А.​Туранкоў, М.​Чуркін.

Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.​Алендэр, Т.​Аляксеева, В.​Анісенка, У.​Багалюбскі, С.​Гурыч, П.​Данілаў, І.​Лапцінскі, М.​Троіцкая, С.​Сцефановіч; акцёры Г.​Аўсяннікаў, З.​Браварская, Г.​Глебаў, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, У.​Дзядзюшка, М.​Захарэвіч, А.​Клімава, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, З.​Стома, В.​Тарасаў, І.​Шаціла, Р.​Янкоўскі.

Літ.:

Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;

Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.

В.​М.​Шэін.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ля́лька 1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька 2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька 1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька 3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ.

Створаны ў 1920 у Мінску як Бел. дзярж. т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел. дзярж. т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.​Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.​Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.​Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.​Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.​Галіна, Г.​Глебаў, Г.​Грыгоніс, І.​Ждановіч, У.​Крыловіч, К.​Міронава, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Ржэцкая, У.​Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.​Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, К.​Буйло, Л.​Родзевіча, Ц.​Гартнага, В.​Гарбацэвіча, М.​Грамыкі, М.​Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.​Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.​Крапіўніцкі, М.​Старыцкі, І.​Катлярэўскі), рус. (М.​Горкі, Чэхаў, У.​Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.​Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.​Ждановіч, арт. А.​Крыніца, драматургі Грамыка, Р.​Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.​Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-р рэж. Л.​Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.​Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.​Бядулем, М.​Клімковічам, Э.​Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял. Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.​Карнейчука, «Рускія людзі» К.​Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.​Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.​Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.​Крапівы, К.​Губарэвіча, А.​Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял. Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.​Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.​Зорына, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.

У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.​Дзялендзіка, П.​Васілеўскага, С.​Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.​Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.​Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.​Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.​Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.​Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г. т-р на чале з рэж. В.​Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.​Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава і інш. Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял. Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.​Быкава, «Эшалон» М.​Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма, «Характары» паводле В.​Шукшына, «Гульня з кошкай» І.​Эркеня, «Святая святых» І.​Друцэ, «Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.​Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр. нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв. т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.​Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.​Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.​Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г. найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.​Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.​Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.​Кавалёва, «Восеньская саната» І.​Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел. нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.​Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.

У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.​Стома, У.​Уладамірскі, М.​Яроменка, нар. артысты Беларусі С.​Бірыла, М.​Бялінская, Г.​Грыгоніс, П.​Дубашынскі, І.​Ждановіч, П.​Кармунін, Р.​Кашэльнікава, Пола, В.​Філатаў, І.​Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.​Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.​Бараноўскі, А.​Дзянісаў, П.​Іваноў, В.​Краўцоў, Б.​Кудраўцаў, П.​Пекур, Б.​Уладамірскі, М.​Федароўскі, Р.​Філіпаў (нар. арт. Расіі), С.​Хацкевіч, Э.​Шапко, Л.​Шынко, Б.​Янпольскі, арт. Ю.​Авяр’янаў, Б.​Дакальская, Т. і У.​Кін-Камінскія, А.​Уладамірскі і інш., рэжысёры В.​Галаўчынер, Л.​Мазалеўская, М.​Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.​Агамірзян, А.​Андросік, М.​Зораў, Б.​Луцэнка, М.​Міцкевіч, І.​Папоў, І.​Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.​Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.​Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.​Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.​Саннікаў (1948—52), І.​Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.​Простаў (1958—60), В.​Броўкін (1960—62), Г.​Шчарбакоў (1962—64), Б.​Эрын (1964—68), Ц.​Кандрашоў (1969—72); мастакі А.​Марыкс (1922—29, 1934—39), І.​Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.​Галубовіч (1958—62), А.​Грыгар’янц (1962—76), Б.​Герлаван (з 1976).

У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.​Аўсяннікаў, С.​Станюта, В.​Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.​Белахвосцік, З.​Браварская, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, А.​Мілаванаў, А.​Памазан, Г.​Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.​Бальчэўская, З.​Белахвосцік (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.​Варанецкі, Г.​Давыдзька, М.​Зінкевіч, З.​Зубкова, Я.​Кавалёва, Н.​Качаткова, М.​Кірычэнка, У.​Кудрэвіч, Г.​Маляўскі, В.​Манаеў, Т.​Нікалаева, А.​Падабед, У.​Рагаўцоў, А.​Рынковіч, артысты А.​Гарцуеў, М.​Громава, І.​Дзянісаў, А.​Долгая, А.​Ельяшэвіч (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), А.​Іваннікава, С.​Краўчанка, Я.​Кульбачная, А.​Лабуш, А.​Луцэвіч, С.​Некіпелава, В.​Няфёдава, В.​Паўлюць, Н.​Піскарова, Т.​Пузіноўская, В.​Рэдзька (засл. арт. Аўт. рэспублікі Крым), А.​Сідарава, І.​Усовіч, Г.​Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар. арт. Беларусі В.​Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.​Савіцкі.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл. Мінскі гарадскі тэатр).

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;

Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг. Мн., 1957;

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Мн., 1970;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг. Мн., 1989;

Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.​Макаёнка.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.​Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.​Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.​Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.​Дударава.

т. 11, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, ‑о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, ‑о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),

самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн. км²) частка свету. Размешчана ў паўн. ч. Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′ паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′ паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′ усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′ зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На З унутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.​Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн. км², астравы — 2,5 млн. км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.​Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м. в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс. км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).

Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн. ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр. ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял. тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн. ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.

Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл. Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн. ч. Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.​Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.​Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.

Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз. Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс. км². Значную тэр. Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс. км²) займае шматгадовая мерзлата.

Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.

Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.

Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд. чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.​Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.

Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр. Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).

Літ.:

Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;

Физическая география материков и океанов. М., 1988;

Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;

Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;

Юго-Западная Азия. М., 1979;

Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;

Российская Федерация. М., 1983.

Да арт. Азія. Каменная пустыня.
Да арт. Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.
Да арт. Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.
Да арт. Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.
Да арт. Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.
Да арт. Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўца (у БРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом. — каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калева ’корч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва 2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва 1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,

краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс. км². Нас. 17,8 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).

Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.

Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.

Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр. ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн. чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн. чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).

Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.​І.​Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст. феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч. паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.

У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.​Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс. чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.

Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».

Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца ​2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн. га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн. га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн. га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн. т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн. т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн. т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн. шт., воўны 13 тыс. т, мяса 252 тыс. т, малака 610 тыс. т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс. т), прыродны газ (1 млрд. м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн. кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс. кВт), Махіпар (66 тыс. кВт), Сурабай (22 тыс. кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс. км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.

Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.

Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс. чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).

Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч. г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс. чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн. ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г. нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац. інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.

Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс. л-ра развівалася гал. ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг. л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл. Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.​Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.​Брэшна, Гаўсуддзін, Х.​Ітымадзі), скульптараў (М.​Хайдар, М.​Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж. дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар. муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.

Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес. т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.​Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.​А.​Раунак). Каб падтрымаць нац. т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.

Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.​М.​Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Афганістана.
Да арт. Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.
Да арт. Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.
Да арт. Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.
Да арт. Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.
Да арт. Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.
Да арт. Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.
Да арт. Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.
Да арт. Афганістан. К.​Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)