ПРЫГРАНІ́ЧНЫЯ БІ́ТВЫ 1941 у Вялікую Айчынную вайну, баявыя дзеянні сав.пагран. войск, злучэнняў і часцей прыгранічных ваенных акруг (франтоў) 22—29.6.1941 супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў. Зах. межы СССР прыкрывалі войскі Ленінградскай, асобных Прыбалт., Зах. (гл.Заходняя асобая ваенная акруга), Кіеўскай, Адэскай ваен. акруг, якія 22—24 чэрв. пераўтвораны адпаведна ў Паўн. (ген.-лейт. М.М.Папоў, гл.Паўночны фронт), Паўн.-Зах. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, гл.Паўночна-Заходні фронт), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл.Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. (ген.-палк. М.П.Кірпанос) і 25 чэрв.Паўд. (ген. арміі І.У.Цюленеў) франты. На марскіх рубяжах знаходзіліся флаты: Паўн. (контр-адмірал А.Р.Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.П.Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі); Пінская ваенная флатылія (контр-адм. Дз.Дз.Рагачоў) і Дунайская ваен. флатылія (контр.-адм. М.В.Абрамаў). Сав. войскі налічвалі 2,9 млн.чал., 10 тыс. танкаў (у т. л. 1475 навейшых тыпаў), 14 тыс. самалётаў (1540 адзінак новых канструкцый), 46 тыс. гармат і мінамётаў. Германія згодна з Барбароса планам выставіла (разам з саюзнікамі: Італіяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Венгрыяй) 5,5 млн.чал., каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. самалётаў, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў. Сілы праціўніка былі аб’яднаны ў 3 групы армій: «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Й.Ф.Лееб) — на Ленінградскім, «Цэнтр» (ген.фельдмаршал Ф.Бок) — на Маскоўскім і «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал К.Р.Г.Рундштэт) — на Кіеўскім напрамках. Ваен. дзеянні пачаліся на досвітку 22.6.1941. Армія праціўніка мела колькасную перавагу ў сілах і сродках (на некат. напрамках у 3—4 разы), перасягала сав. войскі і ў аснашчанасці новымі тыпамі тэхнікі і ўзбраення. Часці і злучэнні сав. прыгранічных акруг не былі адмабілізаваны і разгорнуты паводле плана прыкрыцця граніцы, не прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Непадрыхтаванасць да вядзення працяглай абароны (планавалі ў асн. наступальныя дзеянні), недахоп вопытных камандных кадраў (масавыя рэпрэсіі ў арміі ў 1930-х г.), істотныя стратэг. пралікі ваен.-паліт. кіраўніцтва СССР прывялі да цяжкіх наступстваў. Толькі за першы дзень вайны было страчана 1200 самалётаў, з іх 800 на аэрадромах, значная частка танкаў і інш. баявой тэхнікі. На тэр. Беларусі наступала група армій «Цэнтр». Нягледзячы на ўпартае супраціўленне сав. войск (гл., напр., Брэсцкай крэпасці абарона 1941), за першыя 4 дні вайны ням.танк. злучэнні прасунуліся на У да 200 км. Спробы сав. войск контратакаваць (контрудар 23—24 чэрв. на Гродзенскім напрамку) разрозненымі сіламі мелі кароткатэрміновы поспех. Ударныя групоўкі ворага адсеклі асн. сілы 3-й і 10-й сав. армій і адрэзалі ім шляхі адступлення (гл.Навагрудскі «кацёл»), Практычна тры арміі Зах. фронту да 26 чэрв. апынуліся ў акружэнні паміж Беластокам і Мінскам; у палон трапіла 329 тыс.сав. воінаў, праціўнік захапіў 3,3 тыс. танкаў, 1,8 тыс. гармат. Раніцай 28 чэрв.ням.танк.атрады ўвайшлі ў Мінск (гл.Мінска абарона 194Γ). Войскі Паўн.-Зах. фронту хоць і нанеслі 23—25 чэрв. контрудар на Шаўляйскім напрамку, але 30 чэрв. праціўнік захапіў Рыгу. На Паўд.-Зах. фронце 23—29 чэрв. ў раёне Луцк, Броды, Роўна, Дубна адбылася буйная танк. бітва. Контрудар сав. войск адыграў важную ролю ў зрыве спроб праціўніка з ходу прарвацца да Кіева і акружыць гал. сілы фронту на Правабярэжнай Украіне. П.б. скончылася адыходам сав. войск Паўн.-Зах. фронту да Зах. Дзвіны ад Рыгі да Даўгаўпілса, Зах. фронту — да Бабруйска, Паўд.-Зах. фронту — на лінію на У ад Роўна—Астрог—Крэменец—Львоў. У гэтыя дні праведзена мабілізацыя, пачалося прасоўванне войск 2-га стратэг. эшалона, які працягваў абарону ў 1-й пал.ліп. 1941 на рубяжы рэк Зах. Дзвіна—Дняпро (гл. таксама Лепельскі контрудар 1941, Полацка абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр.атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў Вялікую Айчынную вайну,
узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.
Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз.атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.К.Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач.Вял.Айч. вайны.
У пач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш.ЦККП(б)Б у дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦККП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл.Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортванне партыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. У студз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, у крас. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦККП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л.БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦККП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦКВКП(б) у Маскве (канец жн. — пач.вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦККП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. У чэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у парт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей у зах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз.атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у час «рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.І.Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл.Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл.Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс.чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл.Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав. тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт.Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). У партыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс.чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс.чал., больш за 400 тыс.чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс.км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал.Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс.бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
СПІС ДА КАРТЫ
Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)
Партызанскія брыгады
Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».
Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».
Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».
Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦККП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».
Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.
Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.
Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».
Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».
Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.
Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.
Партызанскія атрады
Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.
Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.
Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».
Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цэнтр, ‑а, м.
1.Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.
2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.Бядуля.Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.Шамякін.// Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані.Колас.Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык.Васілевіч.
3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы.«Звязда».//перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты.Бугаёў.— Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч.Рамановіч.// Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група.Скрыган.
4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.
5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай.Калачынскі.// У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр».«Маладосць».
6.Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.
7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота».Ленін.
8.Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.
•••
Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.
Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.
Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.
Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.
(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.
[Лац. centrum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. У выніку жыццёвага працэсу павялічвацца, станавіцца большым, даўжэйшым, вышэйшым і пад. (пра жывыя істоты, арганізмы). Быў чэрвень, Калі ўсё расло і цвіло...Броўка.А ракіта тая як расці ды расці, — вырасла да самага неба.Якімовіч.Платон Назаравіч адхіляецца, адступае на крок; аглядае Алеся так, як бацька сына, якога доўга не бачыў, кажа з ухвалай: — А ты расцеш, хлопча.Шамякін.// З’явіўшыся, павялічвацца, падаўжацца (пра валасяное покрыва, поўсць). Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы.Кулакоўскі.Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне.Крапіва.// Станавіцца больш сталым, дарослым. [Самоцька:] — Я яго б’ю, катую, ушчуваю. Гэтак мой дзед вырас .., гэтак і маё дзіця расце.Чорны.// Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады. Расці ў вёсцы.
2.(1і2ас.неўжыв.). Павялічвацца колькасна, у памерах, у аб’ёме. Хутка расце новы дом. Расце народны дабрабыт. Растуць надоі малака. □ Буданы хутка раслі адзін пры адным.Мележ.Вялізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек.Лынькоў.А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў.Краўчанка.// Падыходзіць, паднімацца (пра цеста). // Узмацняцца, мацнець. Дружба паміж сябрамі расла і мацнела.Гамолка.«Арцель .. [Вольга Апалонаўна] збіраецца карміць ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка.Навуменка.// Станавіцца больш гучным; мацней гучаць. Крык шырыўся, рос, палату ўсе двары, усю вуліцу.Лынькоў.
3.перан. Удасканальвацца, развівацца. [Капітан:] — Зайздрошчу ўрачам у шпіталі. Людзі там сапраўды працуюць, растуць.Алешка.[Сцяпан Рыгоравіч] працаваў у гандлі, працаваў і рос ад радавога прадаўца да старшыні райспажыўсаюза.Кірэйчык.
4.(1і2ас.неўжыв.). Распаўсюджвацца, існаваць (пра расліны, калі ідзе гутарка аб раёне іх пашырэння). У возеры растуць водарасці. Сасна расце на пясчаніках.// Знаходзіцца, быць (пра расліны ў працэсе росту). Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні.Колас.[Абапал дарожкі] густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі.Ваданосаў.На ўбітай дарозе трава не расце.Прымаўка.
•••
Вялікі расці! — ужываецца як адказ дарослых на падзяку дзяцей.
На вярбе грушы растуцьукагогл. груша.
Расці на лес гледзячы — а) пра хуткі рост; б) пра гадаванне дзяцей без нагляду, без бацькоўскай навукі. Мікодым — удавец, мае дваіх дзяцей, якія ў як кажуць, растуць на лес гледзячы, бо бацька не вельмі іх даглядае.Марціновіч.
Расці як грыбы (пасля дажджу) — узнікаць хутка і ў вялікай колькасці.
У роце расце — а) пра адсутнасць апетыту, жадання есці; б) пра непрыемную на смак страву.
Хоць трава не расці — пра поўную абыякавасць да чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрадыЗах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.