ДЭГАЗАВА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя злучэнні, якія актыўна рэагуюць з атрутнымі рэчывамі і ператвараюць іх у нетаксічныя ці малатаксічныя злучэнні. Адрозніваюць Д.р. акісляльна-хларавальнага дзеяння (гіпахларыты — кальцыевыя і натрыевыя солі хларнавацістай кіслаты, хлораміны) і шчолачныя (сода, гідраксід натрыю, аміячная вада і інш.). Выкарыстоўваюць растворы Д.р. у вадзе ці арган. растваральніках (напр., дыхлорэтане, трыхлорэтане, тэтрахлорэтане, бензіне і інш.) пры дэгазацыі хім. спосабамі.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЗІСТЫ ВАДАРО́Д,

неарганічнае злучэнне ёду з вадародам, НІ. Бясколерны ўдушлівы газ, дыміць у паветры, tкіп -35,36 °C, шчыльн. вадкага 2860 кг/м³ (-50,8 °C). Добра раствараецца ў вадзе, водны раствор НІ — ёдзіставадародная кіслата. Моцны аднаўляльнік. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ёду і вадароду пры 500 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе і для атрымання ёдыдаў.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія маюць у малекуле кіслотныя групы: сульфагрупу SO3H, карбаксільную групу COOH. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі і трыфенілметанавыя фарбавальнікі. Вырабляюць К.ф. ў выглядзе натрыевых солей, якія пры дысацыяцыі ў вадзе ўтвараюць афарбаваныя аніёны. Выкарыстоўваюць для фарбавання бялковых (шэрсць, натуральны шоўк) і поліамідных валокнаў, а таксама скуры, паперы, вырабу чарніла.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЫ ((Corey) Эліяс Джэймс) (н. 1928, Метуен, штат Масачусетс, ЗША),

амерыканскі хімік-арганік. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1950). З 1954 у Гарвардскім ун-це (з 1959 праф.). Навук. працы па тэорыі і методыцы арган. сінтэзу. Распрацаваў прынцыпы рэтрасінт. аналізу і простыя агульныя метады атрымання складаных прыродных біялагічна актыўных рэчываў. Сінтэзаваў гіберэлавую к-ту (1978). Нобелеўская прэмія 1990.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАН (ад грэч. ladanon),

пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТМА́СА (ад лац. mortalis смертны, мёртвы + маса),

колькасныя адносіны масы мёртвых арганізмаў, адмерлых органаў, тканак раслін і жывёл да адзінкі паверхні або аб’ёму. У біяцэнозах знаходзіцца ў выглядзе адпаду (сухастой, амярцвелыя органы раслін), ападу (раслін, што ўпалі на паверхню глебы, трупы жывёл), торфу, подсцілу і дэтрыту (у водных экасістэмах). Разам з біямасай і гумусам складае арган. рэчыва біяцэнозу.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЦІНАМІ́Д,

амід нікацінавай кіслаты. Разам з гэтай к-той уваходзіць у групу водарастваральных злучэнняў (вітамін PP) пірыдзін-3-карбонавай к-ты і яе вытворных. У складзе нікацінаміднуклеінавых ферментаў многіх дэгідрагеназ прымае ўдзел у пачатковых этапах біял. акіслення вугляводаў, арган. к-т і інш. злучэнняў. Недахоп Н. выклікае пелагру. На Н. багатыя прадукты жывёльнага паходжання і дрожджы.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ДЭРСЕН ((Pedersen) Чарлз) (3.10.1904, г. Пусан, Рэспубліка Карэя — 26.10.1989),

амерыканскі хімік-арганік. Па паходжанні нарвежац. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1927). У 1927—69 у канцэрне «Дзюпон дэ Немур энд компані». Навук. працы па арган. сінтэзе. Атрымаў (1962) і распрацаваў метады сінтэзу макрагетэрацыклічных злучэнняў, названых ім краўн-эфірамі. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ж.М.Ленам).

Ч.Педэрсен.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, якія выкарыстоўваюць у асвятляльных ракетах, артыл. снарадах, авіябомбах для асвятлення вял. участкаў мясцовасці, для начных аэрафотаздымак. Пераважна сумесі парашкоў магнію і алюмінію (ці іх сплаваў) з акісляльнікамі (нітраты натрыю і барыю) і невялікай колькасцю арган. сувязных рэчываў (смолы, парафін, стэарын). Цеплата згарання ~6 МДж/кг, т-ра гарэння 2500—3000 °C, працягласць гарэння ад 8 с да 8 мін.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + лац. sexualis палавы),

поўная адсутнасць палавой зацікаўленасці ў дарослых людзей. Характарызуецца алібідэміяй і анаргазміяй. Прычынамі асексуальнасці могуць быць нейраэндакрынныя парушэнні, інтаксікацыя наркотыкамі, снатворнымі, нейралептыкамі і транквілізатарамі, солямі цяжкіх металаў, арган. захворванні галаўнога або спіннога мозга, гіпаплазіі палавога апарата, дэпрэсіўны стан; зрэдку неўсвядомленая гомасексуальная ўстаноўка, садысцкія або мазахісцкія тэндэнцыі і інш. Існуе прыроджаная канстытуцыйная асексуальнасць (у 0,5% жанчын).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)