папа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. папа́ў, ‑па́ла; заг. пападзі́; зак.

1. у каго-што. Трапіць у цэль, дасягнуць якой‑н. мэты, кінуўшы, накіраваўшы што‑н. куды‑н. [Даша:] — У яго ўсю сям’ю забілі. Бомба проста ў дом папала. Асіпенка. Костусь апускае ногі і стараецца папасці ў свае старыя сляды. Лужанін. // на каго-што. Апынуцца, аказацца на кім‑, чым.‑н. (аб пырсках, кроплях і пад.). Кроплі дажджу напалі на белыя лісткі. Бядуля.

2. Пранікнуць, прайсці ўнутр чаго‑н.; апынуцца дзе‑н. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. [Міколка] смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці. Лынькоў.

3. Знянацку, выпадкова наступіць на што‑н. або трапіць куды‑н.; зачапіць што‑н. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка. Мележ.

4. у што, на што, пад што. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (пераважна ў непрыемных). Папасці пад суд. □ Амаль усё нязгрэбенае сена папала пад дождж. Місько. Васіль рэзка ўзяў убок, каб у цемнаце не папасці, чаго добрага, пад машыну. Кулакоўскі. Землякі не далі нам прайсці нават да стала, яны абступілі нас з роспытамі.. Нам здавалася, што мы папалі на нейкае свята. Скрыган.

5. у што, на што. Быць прынятым, прызначаным на работу, вучобу і пад. МТС ліквідуюць, ясна. Частка трактароў адразу пойдзе ў калгасы.. Добра, каб удалося Пракопу папасці на трактар у свой родны калгас. Ермаловіч. [Андрэй Давыдавіч:] — Бацьку і матку.. [Міхаські] фашысты спалілі, ён нейкім цудам выратаваўся, усю вайну пражыў у лесе.. Затым ужо, пасля перамогі, папаў у дзіцячы дом. Кулакоўскі.

6. безас. каму-чаму. Разм. Пра спагнанні, непрыемнасці, якія атрымае або можа атрымаць хто‑н. [Леў Раманавіч:] — Эх ты, футбаліст. Перапэцкаўся ўвесь, як маленькі. Пападзе нам з табой ад маці. Асіпенка.

7. пр. час ніякага роду папа́ла. У спалучэнні з папярэднімі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі «дзе», «куды», «што» і пад. абазначае няпэўнасць, выпадковасць чаго‑н., напрыклад: дзе папалаабы-дзе, дзе прыйдзецца; як папалаабы-як, у беспарадку. Геаграфічныя карты віселі дзе папала і як папала. Колас. Кот Базыль .. еў што папала, не перабіраючы, хлеб — хлеб, бульба — бульба... Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Папасці (трапіць) на лаву падсудных — тое, што і сесці (трапіць) на лаву падсудных (гл. сесці).

Папасці (трапіць) пальцам у неба — сказаць што‑н. неўпапад, недарэчы.

Папасці ў (самую) кропку — а) трапіць у цэль пры стрэльбе; б) здагадацца сказаць або зрабіць іменна тое, што патрэбна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́ха 1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха 2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ліп, ‑ла; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.), да каго-чаго. Прыставаць, прыліпаць. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару. Кавалёў. На лоб налазяць і ліпнуць мокрыя валасы. Скрыган.

2. Разм. Шчыльна прыціскацца да чаго‑н. Было.. [гразі на вуліцы] столькі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Мележ. // перан. Гарнуцца да каго‑н. Дзеці ліплі да дзеда. □ Як і даўней, хлопцы цураліся.. [Ігнася] і не любілі. Ігнась таксама не надта ліп да іх, больш адзін быў. Мурашка. // перан. Аблепліваць, усыпаць. Усё больш і больш назойліва лезлі да людзей камары. Яны ліплі да твару, да рук, да ног, усмоктваліся ў чалавечае цела. Галавач.

3. перан. Разм. Назойліва прыставаць да каго‑н. Вяртацца з пустымі рукамі было няёмка. Хоць што-небудзь ды трэба ўзяць. Абы для апраўдання, для адводу вачэй было. Каб не ліплі людзі, не выдумлялі лішняга. Кандрусевіч.

•••

Ліпнуць смалой — настойліва, надакучліва прыставаць да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszyабы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыпе́ць ‘утвараць скрыпучыя гукі; рыпець’, ‘жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы’ (ТСБМ), скры́паць ‘тс’ (Байк. і Некр.). Укр. скрипі́ти, рус. скрипе́ть, ст.-рус. скрипати, польск. skrzypać, в.-луж. křipać, н.-луж. kśipaś, чэш. skřípati, славац. škripať, škripieť, серб.-харв. шкри́пати, славен. škrípati, балг. скрѝпя ‘тс’. Прасл. *skripati, *skripěti ‘скрыпець’. Фасмер (3, 657 і наст.), Махэк₂ (550) лічаць гукапераймальным. Параўноўваюць з лат. skripstêt ‘хрусцець, скрыпець, грымець’, kripš(k)êt ‘тс’, літ. krípštereti ‘ціха шамацець’, ст.-в.-ням. scrîan, screiôn ‘крычаць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 2, 280; Вальдэ-Гофман, 1, 291–292. Сной₁ (637) удакладняе, што гэта да і.-е. базы *(s)krei‑p, *krei‑k (параўн. крычаць, што азначала хрыплыя натуральныя гукі). Варбат (Этимология–1981, 16 і наст.) падцвярджае гіпотэзу Цупіцы (Gutturale, 126) аб роднасці слав. *skripati з групай ст.-ісл. hrīfa ‘рэзаць’ і далей з гняздом і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’ на матэрыяле паўднёваславянскіх дзеясловаў і імён са значэннем ‘шчыліна, расшчэп’, а таксама назваў пазоў, блокаў і г. д. Гл. яшчэ БЕР, 6, 799; Шустар-Шэўц, 701; Борысь, 555.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Удараць, стукаць далонню аб далонь або далонню па чым‑н. І тут перад.. [Васілём Андрэевічам] карціна: дзеці гуляюць у карагод, а Хамянок пасярэдзіне і ў далоні пляскае. Ракітны. Як малы, пляскае ў далоні Сяргей, лежачы разам з Вінцэсем Шастаком у густым шыпшынніку. Мікуліч.

пляска́ць 1, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак.

1. Удараць аб што‑н. з шумам, пляскам (пра ваду ці іншую вадкасць). Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Краўчанка. Уздыхае свабодна рака, Плешча хваляй у бераг няроўны. Астрэйка. // Удараць, стукаць чым‑н. па вадзе. Набываў надвячоркам на Доўгіх азёрах, паслухаў, як у ціхіх затоках плешчуць хвастамі раз’ятраныя шчупакі. Краўчанка.

2. Стукаць, удараць чым‑н. плоскім. Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешча моцна пранікам, а пырскі далёка раскідаюцца, і пранік выбівае «тахты»... Каваль.

3. Тое, што і пля́скаць. Зайка скача, плешча ў лапкі: — Я такой не бачыў шапкі! А. Александровіч. — Браты партызаны! Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі? Колас. Напружанасць спадае ў адно імгненне. Дырэктар плешча ў далоні. Вітка.

•••

Пляскаць языком — гаварыць многа і абы-што.

пляска́ць 2, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак., што.

Рабіць пляскатым, плюшчыць. Снарад такі ўгоніш у калодку абухом, а зверху на ім, на пяце, раўняй што хочаш, пляшчы канец, каб цвік той лепш у лагу лез, калі ты яго не наўскос адсек. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

hack

I [hæk]

1.

v.t.

1) сячы́, рэ́заць няро́ўна, абы-я́к

2)

а) матыкава́ць

б) зраза́ць каля́ ко́раня

2.

v.i.

1) спрычыня́ць рэ́заную ра́ну

2) ка́шляць сухі́м ка́шлем

3.

n.

1)

а) рэ́заная ра́на

б) засе́чка на дрэ́ве

2) прыла́да, сяке́ра f.; кі́рка, маты́ка f.

3) сухі́ ка́шаль

II [hæk]

1.

n.

1)

а) наёмны конь ці фурма́нка

б) informal таксі́ n., indecl.

2) верхавы́ ці запражны́ конь

3) кля́ча f.

4) літарату́рны падзёншчык, кампіля́тар -а m.

2.

v.i.

1) е́хаць ступо́ю

2) informal быць таксі́стам

3.

v.t.

1) рабі́ць бана́льным, зьбі́тым, шаблённым

2) informal піса́ць на кале́не

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)