брус, ‑а; мн. брусы, ‑оў; м.

1. Бервяно, апілаванае або ачасанае з чатырох бакоў. І заўсёды пасля.. работы [пільшчыкаў] вырасталі высокія штабелі шпал, цалёвак, светлых брусоў, бэлек. Паслядовіч.

2. Прадаўгаваты прадмет, кавалак чаго‑н. чатырохграннай формы. Брус мыла. □ У адной руцэ.. [чалавек] трымаў лусту хлеба, у другой брус сала. Чорны.

3. Тое, што і брусок (у 2 знач.).

4. толькі мн. Гімнастычная прылада з дзвюх круглых паралельных перакладзін, замацаваных на стойках. Практыкаванні на брусах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

важда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга займацца якой‑н. справай; корпацца. Косця кінуў важдацца каля сваёй разбітай гарматы і заспяшаўся наперад — камбат паслаў яго даганяць батарэю. Карпюк. Адной рукой.. [Вялічка] доўга важдаўся з жытнім коласам, пакуль дастаў з яго некалькі зярнят. Чорны. // Многа часу аддаваць каму‑, чаму‑н. Столькі.. [хлопцы] важдаліся з.. [Славікам], столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду. Шамякін. [Герасім:] — Не прывык, ды і не ўмею я з паперкамі важдацца... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; незак., каго.

Разм.

1. Тармасіць, тузаць. Нехта схапіў.. [Засмужца], вывалак на бераг, валтузіў, каб вярнуць к жыццю. Мележ. // Тузаючы, штурхаючы, біць каго‑н. Накінуліся жаўнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас.

2. перан. Бесперастанку турбаваць. — Хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дачыне́нне, ‑я, н.

Сувязь з кім‑, чым‑н., адносіны да каго‑, чаго‑н. Адвярнуўшыся, хлопец убачыў Люську, якая, мабыць, мела нейкае дачыненне да камсамольскага камітэта. Навуменка. Ермаліцкі больш за ўсіх меў дачыненне да касы, і ўсе гэтыя заўвагі да некаторай ступені прымаў і на сябе. Скрыган.

•••

У дачыненні да каго-чаго — ужываецца ў значэнні прыназоўніка, які паказвае накіраванасць дзеяння. — А ў тваіх словах у дачыненні да мяне і да маіх ідэалаў няма нічога жандарскага? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Цвёрдасць металу, якая дасягаецца гартаваннем; уласцівасць загартаванай рэчы. Сталь высокага гарту.

2. перан. Стойкасць, вынослівасць, набытыя ў барацьбе з цяжкасцямі, неспрыяльнымі ўмовамі; сіла волі. Бальшавіцкі гарт. □ Вайна — вялікае выпрабаванне гарту людзей і чыстаты, трываласці пачуццяў. Мележ.

3. перан. Стан найбольшага напружання, узбуджэння, хвалявання. Смутак часамі ападаў да лёгкай журбы, пасля зноў даходзіў да найвялікшага гарту. Чорны.

4. Сплаў свінцу, волава і сурмы для адліўкі друкарскіх шрыфтоў.

[Ад ням. hart — цвёрды.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабрата́, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

1. толькі адз. Спагадлівасць, чуласць у адносінах да людзей. Хваліць за дабрату, за сардэчнасць. □ [Сярго:] Якой цудоўнай дабраты народ! Калі палюбіць ён каго душой, Аддасць яму і кроў сваю і сэрца. Глебка. // Прыветлівасць, ласкавасць. У рысах твару.. свяцілася заклапочаная дабрата і ветлівасць. Чорны.

2. толькі мн. (дабро́ты, ‑рот). Тое, што служыць задавальненню чалавечых патрэб, дае матэрыяльны дастатак. Мінаюць стагоддзі.., новыя пакаленні ствараюць свае матэрыяльныя даброты, перабудоўваюць паселішчы і гарады. Крывіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

данасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; заг. данасі; зак., каго-што.

1. Скончыць насіць што‑н., перанесці поўнасцю з аднаго месца ў другое. Данасіць дровы ў хлеў.

2. Знасіць зусім, поўнасцю (адзенне, абутак і пад.). Данасіць чаравікі. // Скончыць насіць што‑н. паношанае. Данасіць братаў касцюм.

3. Нарадзіць не раней, як закончыцца нармальны тэрмін цяжарнасці. — Гэта цяжка раджаць?.. — Большай пакуты мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняпа́сці, ‑непаду, ‑непадзеш, ‑непадзе; ‑непадзём, ‑непадзяце; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ва ўпадак; збяднець (звычайна пра якую‑н. галіну грамадскага жыцця). А гаспадарка заняпала, Давала мала, вельмі мала На тым адсталым рубяжы. Бялевіч.

2. Страціць здароўе, зрабіцца слабым, хваравітым. Быў.. [хлопчык] вельмі ж слабенькі: як заняпаў змалку, дык ніяк і паправіцца не можа. Якімовіч. [Стафанковічу] пачало здавацца, што ён даўно ўжо заняпаў здароўем і не заўважаў таго. Чорны.

•••

Заняпасці духам — замаркоціцца, засумаваць, адчаяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запустава́ць, ‑туе; зак.

1. Прыйсці ў стан заняпаду, зрабіцца пустым; апусцець. За гады вайны.. [зямля] запуставала, пакрылася купкамі зарасляў. М. Ткачоў. Ужо і яблыкі знялі, і агароды запуставалі, і лес распранаецца. Лупсякоў. // Астацца пустым, незасеяным (пра ўчастак зямлі, ніву і пад.). Не бойся, людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць. Не запустуе, не згуляе. Колас.

2. Апусцець, абязлюдзець. Дзве брыгады рабочых перабраліся ў баракі, па той бок лесу, цэглу рабіць будуць. Хаты запуставалі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

Развеяць чый‑н. неспакой, хваляванне, узбуджанасць; прывесці ў стан спакою; супакоіць. Азаркевіч захваляваўся, ён баяўся, каб .. [абсталяванне] не паіржавела, але стары яго заспакоіў, што нічога не здарыцца, бо ён сам упакоўваў. Гурскі. Старалася .. [Агата] перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сэрца. Чорны. // Суняць, зменшыць (смагу, боль і інш.). Пякучы боль і гнеў мы толькі помстай заспакоім, каб вораг больш не смеў таптаць наш край ніколі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)