Канава́л ’лекар без спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, які займаецца лячэннем і накладаннем коней і быкоў’, ’дрэнны ўрач, невук у медыцыне’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1; мазыр., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.). Укр.коновал, рус.конова́л, арханг., ленінград., наўг.конева́л. Ст.-рус.коневалъ, коновалъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск.konawał ’тс’ (Фасмер, 2, 311), якое з koń ’конь’ і walić ’паваліць’, напр. рус.вали́ть (каня, быка) ’пакладаць’ з першаснага значэння ’той, хто валіць (кладзе) каня перад пакладаннем’. Аднак Слаўскі (2, 426) гэту лексему адносіць у разрад прасл. (паўн.-слав.) konovalъ. І Трубачоў (Эт. сл., 10, 194) разглядае яе як прасл. разам з іншымі, падобнымі да яе: konoderъ ’каналуп’, konokradъ ’канакрад’, konopasъ ’канапас’, konoščipъ ’мядзведка, Grillotalpa vulgaris’ konovęzь ’канавязь’, konovodъ ’канавод’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Мята́ць1, мята́цца ’мільгаць блізка, перад вачыма’ (Юрч.), укр.мета́ти, рус.мета́ть (мечу́), польск.miotać ’кідаць’, палаб.micĕ ’шпурляе’, н.-луж.mjetaś, в.-луж.mjetać, чэш.metati, славац.metať, славен.méȧti, metáti, серб.-харв.мѐтати, ’кідаць’, ’падаваць’, макед.метка се ’кідацца, мільгаць, матляцца’, мета, балг.метка ’кіну’, ст.-слав.метати ’кідаць’. Прасл.metati. І.‑е. адпаведнікі: літ.mèsti ’кідаць’, лат.mest ’тс’, mets ’куча збожжа’ (Бернекер, 2, 41; Траўтман, 183; Фасмер, 2, 614). Дапускаецца роднаснасць з ме́сці (гл.). Іншая ступень вакалізму — motati > матаць (гл.). Сюды ж мята́льнік ’фокуснік’, мята́льніца ’жанчына, якая бегае без толку’, ’непаседа’, ’якая ўмешваецца не ў свае справы’ (Нас.), мяту́цца ’кінуцца ў якім-небудзь напрамку’ (ТСБМ, Растарг.).
Мята́ць2, міта́ць ’месці’ (мін., КЭС). Да ме́сці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пеляні́ца ’цеста (з пшанічнае мукі)’ (рэч., Мат. Гом.). Відаць, няправільнае тлумачэнне ў арыгінале: Што мы захацелі, тое і зрабілі: із мукі пеляніцу, а із дзеўкі — маладзіцу. У такім выпадку — да паляніца (гл.). Пе‑ замест па‑, магчыма, пад уплывам пеклява́ная мука ’мука дробнага памолу’. Пелені́ца ’праснак’ (ТС). З пале́ніца ’праснак з кіслага цеста’, спечаны перад полымем (там жа). Параўн. пале́нік ’тоўсты блін’ (Касп.), паляні́ца ’праснак’ (Касп.), пазней — ’булка з пшанічнай мукі’ (Бяльк.), подполо́нык, пудполо́нэк ’тоўсты блін з хлебнага цеста (Сл. Брэс.), подпа́ленік, подпа́льнік (ТС), ополонык ’корж з хлебнага цеста, які пяклі ў печы пры полымі’ (драг., Вешт.), параўн. подпалок: напэкла подпалків пэрэд полумнем на сніданне (малар., Сл. Брэс.). Усе — да по́лымя (⁺поломніца/⁺пламеніца, ⁺подпламеннік, о‑поломнык, подполомнік > подпаленік) і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пра́віла ’палажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць’, ’норма паводзін, прывычка’ (ТСБМ), праві́ло ’ачэп’ (ганц., Сл. ПЗБ), правы́ло ’тс’ (бяроз., Шатал.), праві́ла ’тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне’ (в.-дзв., Шатал.). Рус.пра́вило ’правіла’, прави́ло ’руль, лінейка’, укр.прави́ло ’руль; частка шавецкай калодкі’, польск.prawidło ’правіла; частка шавецкай калодкі і да т. п.’, чэш., славац.pravidlo ’правіла’, в.-луж.prawidło, н.-луж.pšawidło, серб.-харв.пра̏вило, славен.pravilo, балг.правило ’правіла’. Прасл.*pravidlo. Як сведчаць значэнні слова ў рус. і інш. славянскіх мовах, першапачаткова гэта было nomina instrumenti з суф. ‑dlo ад praviti (гл. правіць). Адцягненае значэнне з’явілася ў выніку пераносу ’тое, што вызначала прыладай’, параўн. лац.rēgula ’лінейка’ і ’правіла’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ржо́нне ’іржышча’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3; лаг., Шатал.; смаляв., лаг., маладз., ДАБМ), утварылася ад прыметніка *rъž‑ь‑nъ ’жытні’, у якім ‑ь‑ перайшло (пасля страты рэдукаваных) у ‑e‑, а апошняе пад націскам і перад наступным цвёрдым зычным змянілася ў ‑ó‑ (як дзень > дзённы), — пры дапамозе суф. *‑ьje, які спарадычна сустракаецца ў назве поля пасля сабраных раслін: ячанне, ячменне (ДАБМ), гуркоўе, маркоўе, буракоўе, бручкоўе, бабоўе і бабаўё (ЛА, 2). Аналагічную мену ‑ь‑ > ‑о‑ можна бачыць у маладз.аржо́нка ’іржышча’, аржо́нішча (паўн.-гродз., івян., дзярж., мін., ДАБМ, камент., 852) пры наяўнасці ў гаворках ржа́нішча і ржы́нішча (там жа), а таксама ў слуц., бабр.ржоўнік (там жа; жлоб., светлаг., Мат. Гом.) ’тс’ з *rъž‑ьv‑ь‑nъ ’жытні’. Да іржа́2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Супаста́т старое ’вораг, непрыяцель’, лаянк. ’разбойны, злачынец, ліхадзей’ (ТСБМ), ’упарты чалавек’ (чэрв., Жд. 2), ’тс’, ’варожы воін’ (Бяльк.), ’супраціўнік, нягоднік’ (Рам. 1; рас., Сл. ПЗБ), супуста́тка, лаянк. Укр., рус.супоста́т, ст.-рус.супостатъ ’праціўнік; д’ябал’, ст.-слав.сѫпостатъ ’вораг, непрыяцель, праціўнік’. З *sǫ‑po‑statъ, дзе *sǫ‑ і *po‑ прыстаўкі; *‑statъ утворана з суф. *‑tъ ад *stati, *stanǫ ’стаць’, гл. Слаўскі, SP, 2, 37; ESJSt, 14. 863 (< *sъ‑po‑stati ’паставіць аднаго супраць другога’); параўноўваюць з літ.stótas ’той, які пастаўлены’, авест.stāta ’той, які стаіць’, лац.praestātus ’пастаўлены’; гл. Траўтман, 283; Мее, 302; Фасмер, 3, 805. Паводле Львова (Этимология–1972, 112–113), дакладная калька грэч.ύπ‑εν‑αντίος < ύπο‑ ’з’, έν‑ ’перад, па’, ‑άντίος ’той, які знаходзіцца насупраць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я, бактэрыяльная зброя,
зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл.Засцярога ад зброі масавага знішчэння).
Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,
перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс.чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перадпарт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.