збо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.
2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.
3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.
4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.
5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.
6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.
2. Мыцца ў гарачай лазні з парай. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальн[і], а ў другой мыліся і парыліся. Колас. Цікава.. [Людвіку] было паглядзець, што за лазня ў беларускай вёсцы і як у ёй трэба парыцца. Кулакоўскі.
3. Разм. Знемагаць, знясільвацца ад духаты, ад спякоты. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Сташэўскі. З усіх, хто ў зале, бадай адзін.. [Веньямін] парыцца ў чорным пінжаку з вялікімі адвіслымі лацканамі. Навуменка. // перан. Доўга і старанна працаваць над чым‑н., што не ўдаецца. Парыцца над задачай. // перан. Марнавацца, пакутаваць. [Калатухін:] У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе! Мележ.
4. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла на што‑н. халоднае. Учора дождж.. прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца. Колас. — Парыцца зямля, — неяк летуценна кажа Пятрок. — Самая пара сеяць. Хадановіч.
5. Зал. да па́рыць (у 1–5 знач.).
пары́цца, ‑ры́юся, ‑ры́ешся, ‑ры́ецца; зак.
Рыцца некаторы час. Падбяжыць [Бадзюля], адкіне дзверцы, прысядзе, парыецца на ніжняй паліцы, зноў устане і курыць. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыры́, ‑ая, ‑ое.
1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.
2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.
3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.
4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.
•••
З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.
1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.
2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».
•••
Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.
[Ад ням. Turm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
град, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду рознай велічыні. Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Шамякін. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас.
2. перан.; чаго. Мноства чаго‑н. Яе [Любы] з’яўленне на полі жанкі зноў сустрэлі градам заўваг. Васілевіч. Некалькі мужчын, хто з канём, а хто без каня, уцякалі ў лес пад градам куль. Нікановіч.
3. у знач. прысл. гра́дам. У вялікай колькасці; патокам. З Кірылы ліўся пот градам, кашуля на целе была мокрай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Масіўны, цяжкі. Грузны стол. □ Пыл шэраю хмараю валіць З-пад грузных машын у бакі. Калачынскі. Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам. Глебка. // Тоўсты, непаваротлівы (часцей пра чалавека, яго цела). Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым.. тварам. Ракітны. Грузны, камлюкаваты Валак, па-старэчы цяжка перавальваючыся, тупае да грубкі. Васілевіч. // Цяжкі, марудны (пра крок, паходку і пад.).
2. Цяжка нагружаны. Я ўбачыў здалёк два вокі, і гэта быў поезд. Ён соп, калі падыходзіў, вельмі ж сярдзіта. І такі ж грузны, чорны ўвесь, як тоўстая вужака. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.
2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.
3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.
дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бла́зан і бла́зен, ‑зна, м.
Разм.
1. Пра непаўналетняга чалавека, хлапчука; блазнюк. [Старшыня:] — І хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслуж[а]нае імя няславіў і аўтарытэт падрываў? Быкаў.
2. Малады чалавек несур’ёзных паводзін. — Эт, блазан, ды і толькі! — абсек Дразда злосны Косця і пайшоў па вуліцы. Карпюк. // Той, хто сваімі паводзінамі любіць пацяшаць другіх. [Маша Славіку:] — Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі. Шамякін.
3. Уст. Асоба пры двары манарха ці феадала, якая павінна была весяліць гаспадара і гасцей. Покуль размову вялі яны з панам, блазан у бубен парнуў нечакана. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вяза́цца, вяжуся, вяжашся, вяжацца; заг. вяжыся; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н.; узгадняцца. Версія не вяжацца з фактамі. □ Гэта была праўда, але праўда гэтая не вязалася з душой жанчыны. Чорны. // Ладзіцца, атрымлівацца. Гаворка не вязалася. Лявону больш не было чаго казаць. Чарнышэвіч.
2. Прыставаць, прывязвацца, чапляцца. — А ты таксама не вяжыся вельмі да людзей! — параіла Вычыха. Кулакоўскі.
3. Зал. да вязаць (у 1, 3 знач.).
•••
Вязацца слатою — прыставаць, чапляцца да каго‑н.
Вязацца ў сварку — умешвацца, увязвацца ў сварку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гі́бкі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны лёгка гнуцца, згінацца і разгінацца. Гібкае дрэва. □ Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбная постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. // перан. Багаты адценнямі, выразны (пра голас, мову і пад.). Сінонімы — адзін з галоўнейшых стылістычных сродкаў, якія робяць мову дакладнай і гібкай і даюць магчымасць выражаць самыя тонкія адценні думак. Юргелевіч. [Байка] выпрацавала свой адметны верш, адточаны і эканомны, гібкі і маляўнічы. Казека.
2. перан. Які ўмела і хутка рэагуе на пэўныя ўмовы, абставіны. Гібкае кіраўніцтва. Гібкая палітыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)