ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),

адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТАРА́К,

нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЕ́СКА, пячоначніца (Hepatica),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і на У Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — П. высакародная, або звычайная (H. nobilis). Трапляецца ў лясах, на палянах, узлесках. Вырошчваюць як дэкар. расліны П. высакародную і вуглаватую (H. angulosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лопасцевае (нагадвае печань, адсюль другая назва), скурыстае, доўгачаранковае. Кветкі адзіночныя, правільныя. сінявата-ліловыя або белыя. Плод — шматарэшак. Лек., дэкар. расліны.

Пералеска высакародная.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСМЕ́ШКІ (Hippolais),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах, хмызняках, парках, садах, скверах. На Беларусі 1 від — П. зялёная, або пеначка-перасмешка (H. icterina). Звычайны пералётны і пралётны від. Гнёзды на дрэвах ці кустах.

Даўж. да 16 см, маса да 15 г. Гукі песень самцоў запазычаны ў інш. птушак (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, ягадамі. Адкладваюць да 6 яец.

Перасмешка зялёная.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ХІЙ (грэч. pyrrhichios ад pyrrhichē ваяўнічы танец),

1) у антычным вершаскладанні стапа з двух кароткіх складоў (◡◡), самастойна не ўжывалася.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні — умоўная назва пропуску націску на рытмічна моцным складзе ў ямбе ці харэі:

І вось надарыцца часамі
Мароз над усімі маразамі
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе.
(Я.​Колас. «Новая зямля»)

Сустракаецца ў пачатку і ў сярэдзіне вершаванага радка (акрамя апошняй стапы), часцей у шматскладовых словах.

А.​А.​Майсейчык.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ НАМЕ́СНІЦТВА,

афіцыйная назва Полацкай губерні з 12.5.1778 да 12.12.1796. Створана паводле ўказа ад 10.1.1778, разам з Магілёўскім намесніцтвам кіравалася адным царскім намеснікам — ген.-губернатарам. Падзялялася на Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі і Суражскі паветы. На час утварэння ў П.н. было 11 гарадоў, 9 мястэчак, 3446 сёл, 8732 вёскі, пражывала 585,2 тыс. чал. У 1796 П.н. скасавана, яго тэр. ўвайшла ў склад Беларускай губерні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́М,

легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.​І.​Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАРТЫМ’Е́НТА (ад ісп. repartimiento размеркаванне),

тэрмін, які ў ісп. калоніях Лац. Амерыкі з канца 15 ст. абазначаў размеркаванне паміж іспанцамі зямель, ваен. здабычы, тавараў і г.д. Найб. часта ўжываўся як назва прымусовай працоўнай павіннасці індзейцаў, паводле якой прыватныя асобы з іспанцаў мелі права з дазволу калан. адміністрацыі браць штогод у энкам’енду вызначаную колькасць індзейцаў пэўнага раёна для працы на плантацыях, у рудніках і інш. Гэта было прычынай масавай смяротнасці і хуткага скарачэння індзейскага насельніцтва.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САНКТ-ПЕТЕРБУ́РГСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

газета. Выдавалася ў 1728—1917 у Пецярбургу як працяг першай рус. газеты «Ведомости» (з 1914 выходзіла пад назвай «Петроградские ведомости»). Да 1874 выдавалася пры АН, з 1875 пры Мін-ве нар. асветы. Сярод рэдактараў М.​В.​Ламаносаў (1748—65). Асвятляла ўнутр. і знешнія паліт. падзеі, навуку, мастацтва, прам-сць, гандаль і інш. Выдавала дадатак «Месячные исторические, генеалогические и географические примечания в Ведомостях» (1728—42, першы рус. часопіс, назва мянялася).

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)