галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.
Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст. — пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц.т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.
Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн.м² тканін (у 1990—94 млн.м²).
Г.С.Смалякоў.
Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАІНАЗНА́ЎСТВА,
геаграфічная дысцыпліна, якая комплексна вывучае мацерыкі, краіны і рэгіёны з мэтай выяўлення на пэўных тэрыторыях агульных заканамернасцей, абумоўленых фіз. і эканам. геаграфіяй. Вылучаюць 2 кірункі К.: фіз.-геагр. і эканоміка-геаграфічны. Грунтуецца на звестках геамарфалогіі, геалогіі, кліматалогіі, гідралогіі, геаграфіі расліннага і жывёльнага свету, глеб, насельніцтва, прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту, паліт., сац.-эканам. геаграфіі і інш.
К. ўзнікла з практычных патрэб людзей у звестках пра розныя краіны. Першыя краіназнаўчыя працы стварылі стараж.-кіт. (з 7 ст. да н.э.) і стараж.-грэч. вучоныя (Герадот у 5 ст. да н.э., Страбон у 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.). Для расійскага К. вял. значэнне мелі працы, складзеныя пад рэд. П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага. «Жывапісная Расія» (т. 1—12, 1881—1885), у т. л.т. 3 пра Беларусь, напісаны А.К.Кіркорам («Літоўскае Палессе, Беларускае Палессе», 1882); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны» (т. 1—19, 1899—1914), у т. л.т. 9, прысвечаны Беларусі («Верхняе Падняпроўе і Беларусь»), У 1930—60-я г.вял. ўклад у развіццё К. ў СССР зрабіў М.М.Баранскі, які распрацаваў метадалагічныя асновы, сфармуляваў задачы і даў узорную структуру краіназнаўчых прац.
На Беларусі да ліку першых краіназнаўчых прац належаць кнігі П.М.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1858), А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (1919). Краіназнаўчую характарыстыку замежных краін упершыню ў бел. геаграфіі зрабілі М.В.Азбукін («Геаграфія Еўропы», 1924) і Смоліч («Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў», 1925). Найб. значныя працы па бел. К.: «Геаграфія Беларусі» (1965), «Беларусь» (1967) з серыі «Савецкі Саюз», «Рэспублікі Прыбалтыкі. Беларусь. Украіна. Малдова» (1984) з серыі «Краіны і народы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-рфілал.н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж.выд-ваБеларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АНБеларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел.нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.У.Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.Р.Шырму, з І.К.Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.І.Гарэцкага, з І.В.Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.В.Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.В.Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;
Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;
Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.Драздовіча. Мн.,1984;
Песню — у спадчыну. Мн., 1989;
Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД»
(«Lud», «Народ»),
польскі этнагр. часопіс; орган Польскага нарадазнаўчага т-ва. Засн. ў 1895 мовазнаўцам і этнографам А.Калінай. Выдаецца як штогоднік (у 1907—38 штоквартальнік), спачатку ў Львове, пазней у Вроцлаве і Познані. Асвятляе актуальныя пытанні тэорыі і метадалогіі культуры, гісторыі этнаграфіі, стану і праблематыкі этнагр. даследаванняў і інш. Этнаграфіі Беларусі прысвечаны публікацыі: пад ініцыяламі B. J. K. «Ужыванне цымбалаў у музыцы і беларускіх песенек на польскіх дварах у 1710 г.» (1905, т. 11), В.Брухнальскага «З «Помніка» М.Маркса, віцябчаніна» (1922, т. 21), С.Малевіча «Батлейка на Белай Русі» (1924, т. 22), Ю.Галомбака «Беларускія дзяды» (1925, т. 24), Ч.Пяткевіча «Гігіена ў жыцці палешукоў» (1931, т. 30), В.Бандарчыка «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў XIX ст.» (1967, т. 51, ч. 1), «Этнаграфія Беларусі пасляваеннага перыяду» (1973, т. 57), Ф.Сяліцкага «Беларускія народныя бяседна-радзінныя песні з вёскі Мікуліна гм. Даўгінава былога Вілейскага павета» (1979, т. 63), «Беларускія жніўныя і палявыя песні з ваколіц вёскі Мікуліна былой гміны Даўгінава Вілейскага павета» (1982, т. 66), «Легенды, прытчы і апавяданні аб з’явах на Вілейшчыне ў міжваенны перыяд» (1983, т. 67), «Вясеннія і летнія гадавыя звычаі ў былым Вілейскім павеце» (1985, т. 69). Апублікаваў рэцэнзіі на працы А.Багдановіча, М.Доўнар-Запольскага, М.Федароўскага, Ч.Пяткевіча, К.Машынскага, Я.Карскага, М.Чурак, М.Раманюка, А.Лакоткі, на тамы серыі «Беларуская народная творчасць», кнігі «Беларускае народнае мастацтва» (1956, т. 42, ч. 2), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1987, т. 71) і інш., энцыклапедыю «Этнаграфія Беларусі» (1992, т. 75). Выйшла 80 тамоў (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд.Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — крас. 1941),
бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел.дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел.АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.
Тв.:
Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.Мн., 1994.
Літ.:
Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах.Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр.Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах.Беларусі скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗБеларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр.Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБЯ́НІКІ,
1) бліны з бульбы, тое, што дранікі.
2) Традыцыйная бел. страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІКЕ́ЕЎ Саўка, майстар разьбярскай і сталярскай справы 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў крэслы, куфэркі, сталы для царскага двара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 111 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне. Амаль цалкам каналізаваная.