А́АЛТАНЕН ((Aaltonen) Вяйнё Валдэмар) (8.3.1894, г. Марціла, Фінляндыя — 30.5.1966),
фінскі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (з 1958). Працаваў у галіне фігурнай пластыкі («Бягун Паава Нурмі», бронза, 1924, Хельсінкі), псіхал. партрэта («Ян Сібеліус», 1935), манум.-дэкар. скульптуры (помнік пісьменніку А.Ківі ў Хельсінкі, 1934; помнік фінскім перасяленцам у Дэлавэры, ЗША, 1938). За гранітны манумент у г. Лахты «Мір» (1952) узнаг. Залатым медалём Сусв. Савета Міру (1953). Вядомы як жывапісец і тэатр. дэкаратар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́СІЙ (грэч. gymnasion),
дзяржаўная навучальна-выхаваўчая ўстанова ў Стараж. Грэцыі і на эліністычным Усходзе. Атрымалі найб. пашырэнне ў 5—4 ст. да н.э. Першапачаткова прызначаліся для фіз. практыкаванняў, пазней сталі цэнтрамі зносін і месцамі мусічных і фіз. практыкаванняў моладзі. У гімнасій паступалі пасля палестры (прыватнай гімнастычнай школы) юнакі ва ўзросце 16 гадоў са знатных сем’яў і да 18 гадоў займаліся ў ім гімнастыкай, атрымлівалі літ., філас. і паліт. адукацыю. Найб. вядомымі гімнасіямі былі Акадэмія платонаўская, дзе вёў гутаркі са сваімі вучнямі Платон, і Лікей, засн. Арыстоцелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі на рэгіёны, якія адрозніваюцца складам глеб і характарам глебавага покрыва. Неабходна для вырашэння пытанняў спецыялізацыі і канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці, распрацоўкі занальных сістэм аховы і рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння іх прадукцыйнасці. На Беларусі вылучаны 3 глебавыя правінцыі, якія падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у складзе якіх 20 аграглебавых раёнаў. Назвы правінцый і акруг адпавядаюць іх геагр. становішчу, назвы раёнаў — назвам раённых цэнтраў краіны і пераважных глеб.
Літ.:
Смеян Н.И., Соловей И.Н. Почвенно-географическое районирование территории Белорусской ССР // Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАХРАНАЛО́ГІЯ (ад грэч. glōtta мова + храналогія),
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая займаецца выяўленнем хуткасці моўных змен, што служыць падставай для вызначэння часу аддзялення роднасных моў (гл.Роднасць моў) і ступені блізкасці паміж імі. Створана амер. лінгвістам М.Сводэшам у 1948—52. Грунтуецца на дапушчэнні, што ў мовах свету існуе універсальная ч. слоўніка (адлюстроўвае фундаментальныя паняцці), якая прыкладна ў аднолькавым тэмпе змяняецца ў розныя эпохі.
Літ.:
Сводеш М. Лексикостатистическое датирование доисторических этнических контактов: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШАКО́Ў (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДА́»,
газета, орган Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася з 1.5 да 11.6.1917 у Мінску на бел. мове. Рэдактар А.Смоліч. Змяшчала інфарм. матэрыялы, давала ацэнку грамадска-паліт. падзей у краіне, абмяркоўвала пытанні сацыяліст. светаўпарадкавання, будучага дзярж. будаўніцтва, асновы духоўнага жыцця народа. Пісала пра сац.-паліт. прычыны вайны, пра падзеі на фронце, заклікала да міру. Публікавала матэрыялы пра культ. жыццё ў Мінску, асобныя творы З.Бядулі, Л.Родзевіча, з запісаў А.Сержпутоўскага, рэв. песні. Выйшлі 4 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЛО́ВІЧ (Яўген Іосіфавіч) (29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),
рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.Панфілавым) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІ́ (сапр.Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч
(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),
татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.