баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж.к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз.аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс.т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс.чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням.узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.
Літ.:
Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;
Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;
Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;
Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й (ад грэч. museion храм муз),
навукова-даследчая і культурна-асветная ўстанова, якая ажыццяўляе камплектаванне, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі і культуры, прыродных аб’ектаў. Паводле формы ўласнасці падзяляюцца на дзярж., грамадскія і прыватныя, паводле профілю — на гістарычныя (археал., этнагр., ваенна-гіст., нар. славы і інш.), прыродазнаўчыя, мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя, музычныя і інш. Прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя М.
Перадмузейныя зборы вядомы з глыбокай старажытнасці ў Афінах, Трэзене, Пергаме, Антыёхіі. Найб. вядомы стараж.Александрыйскі мусеян. У сучасным разуменні М. узнік у Фларэнцыі (Італія) у эпоху Адраджэння. У 16—17 ст.маст. і гіст. каштоўнасці зберагаліся ў Капіталійскім М. (Рым), «Антыкварыуме» (Мюнхен), Збраёўні герояў (замак Амбрас, Аўстрыя), Кунсткамеры (Дрэздэн) і інш. У 18 ст. вядомы Брытанскі музей (Лондан), Луўр (Парыж), Уфіцы (Фларэнцыя), Эрмітаж (С.-Пецярбург). Хуткае павелічэнне колькасці М. у 19 ст. абумоўлена развіццём навук і спецыялізацыі ведаў, культам нац. старажытнасцей. Адбываецца сістэматызацыя музейных збораў, утвараюцца новыя тыпы М (скансэн, музей-панарама і інш), іх профілі (навукі і тэхнікі, літ., мемарыяльныя і інш.). У 20 ст. павялічваецца ўрадавая фін. падтрымка, узмацняецца роля ўлад у каардынацыі дзейнасці М., адбываецца прафесіяналізацыя музейнай дзейнасці. З 1946 каардынацыяй М займаецца Міжнар. савет музеяў (ІСОМ). На мяжы 3-гатыс. ў свеце больш за 40 тыс. М. Найб. развітую сетку М. маюць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Італія і Францыя.
На Беларусі ў 14—15 ст. існаваў перадмузейны збор пры канцылярыі вял. кн ВКЛ, дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстраваліся вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты. Музейныя зборы мелі Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, некат. заможныя шляхціцы, мяшчане, навуч. ўстановы. Да 1-й сусв. вайны існавала больш за 50 М., якія ствараліся стат. к-тамі, навук. т-вамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (гл.арт. пра віцебскі, магілёўскі, мінскі, мсціслаўскі царк.-археал.М., Мінскі гарадскі музей, Магілёўскі музей). У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. Да пач.Вял.Айч. вайны працавала каля 60 М., дзейнасць якіх была звязана з краязн. рухам. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР музейны фонд БССР папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Беларускаму музею ў Вільні. Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнага будаўніцтва былі Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). У Вял.Айч. вайну музейны фонд панёс вял. страты. У пасляваенны час да 1950 працавала 20 М., асаблівая ўвага ў дзейнасці якіх аддавалася ваенна-паліт. тэматыцы. Пастановай ЦККПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуніст. выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог камуніст. будаўніцтва ў СССР, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. На канец 1999 на Беларусі 130 дзярж. М. сістэмы Мін-ва культуры (каля 3 млн. адзінак фонду). Дзейнічаюць таксама М. інш. мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасць дзярж. М. Мін-ва культуры. З 1997 існуе Бел. асацыяцыя М., якая накіроўвае дзейнасць М. усіх форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Гл. таксама Музеязнаўства, Музеі гістарычныя, Музеі літаратурныя, Музеі мастацкія, Музеі музычныя, Музеі прыроды, Музеі тэатральныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ16 ст.
Адбывалася ў 1566—1609 на тэр.гіст.Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст.капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц.гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;
Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,
1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн.га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн.га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-гаБел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + ...логія),
галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.
Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш.Вял.геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл.Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.М.Бэра, А.П.Багданава, Дз.М.Анучына, М.М.Міклухі-Маклая і развіты В.В.Бунаком, Ф.Боасам, Г.Ф.Дэбецам, Ф.Лушанам, Л.Нідэрле, Я.Я.Рагінскім, Г.А.Бонч-Асмалоўскім, М.Р.Левіным, М.М.Чабаксаравым, В.П.Аляксеевым, А.А.Зубавым і інш.
Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.А.Янчук, К.М.Ікаў, А.Н.Раждзественскі, А.Л.Здраеўскі, А.А.Піянткоўскі, Я.Мыдлярскі, Ю.Д.Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.А.Іваноўскі (1905), Я.М.Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.К.Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.М.Верамецкая, А.Я.Вішнеўская, А.А.Смірноў, Д.Н.Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г.антрапал. склад насельніцтва пач. 2-гатыс.н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АНСССР Дэбец, Т.А.Трафімава, потым В.В.Сядоў, Т.І.Аляксеева, М.С.Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.У.Вітоў, Р.Я.Дзянісава, Бунак, У.Дз.Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.І.Салівон, А.І.Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.І.Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.І.Цягака), размеркавання груп крыві і інш фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.І.Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.У.Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.
Літ.:
Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),
самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л.аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.
Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.
Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.
Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.
Літ.:
Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;
Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;
Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.
А.С.Рукцешэль.
Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).