ДАЙНЕ́КА (Аляксандр Аляксандравіч) (20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),
рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз.чл.АМСССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМСССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял.Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр.т-раСав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,
з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).
Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл.Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формыгеам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),
бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад.АНБССР (1947). Вучыўся ў Пецярб.АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм.т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян.арх. А.Паладыо (выд. 1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,
сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш.Асн. параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.
Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т. л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл.Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,
элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.
У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.
Літ.:
Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КЦЫЯў фізіялогіі,
дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́НЦЫЯ (італьян. cadenza ад лац. cadere падаць, заканчвацца),
каданс, 1) заключны меладыйны або гарманійны зварот, які надае муз. пабудове завершанасць. Маст. выразнасць К. грунтуецца на ўзаемадзеянні ладагарманійных, метрарытмічных, дынамічных, агагічных элементаў муз. мовы. Пачатковыя формы К. — меладыйныя канцоўкі ў нар. песнях, культавых песнапеннях. Тыповыя К. сфарміраваліся ў еўрап. музыцы 17—19 ст. Паводле месцазнаходжання ў муз. форме бываюць К. заключныя, сярэдзінныя і дапаўняльныя. Калі К. заканчваецца тонікай, яна наз. поўнай, калі інакш — палавіннай. Асобны від — перарваныя К., калі падрыхтаваная тоніка замяняецца інш. акордам. Паводле функцый акордаў К. падзяляюць на аўтэнтычныя і плагальныя. У музыцы 20 ст. адбываецца абнаўленне кадэнцыйных формул пры захаванні агульна-кампазіцыйных, лагічных функцый К.
2) Віртуознае сола ў вак. ці інстр.муз. творы. Асобны від К. — невял. фантазія на тэмы твора — склаўся ў інстр. канцэрце ў 18 ст. Спачатку К. імправізавалася выканаўцам. Пачынаючы з Л.Бетховена, К. ствараюцца і дакладна фіксуюцца ў нотным тэксце самім кампазітарам (напр., у інстр. канцэртах Бетховена, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева). У бел. музыцы развітыя, драматургічна абумоўленыя К. маюць інстр. канцэрты Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, У.Дамарацкага, Дз.Камінскага, П.Падкавырава, А.Соніна, Дз.Смольскага, К.Цесакова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),
1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.
2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).
3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.
У.М.Сацута.
Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТУ́КІ (Kentucky),
штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.