АБДУ́Л-ХАМІ́Д II (21.9.1842—10.2.1918),
турэцкі султан [1876—1909]. Пад націскам Мідхата-пашы ў 1876 увёў канстытуцыю, аднак неўзабаве распусціў парламент і ўстанавіў дэспатычны рэжым. Інспіраваў армянскія пагромы, разню грэкаў на Крыце і інш., за што атрымаў мянушку Крывавы султан. Пасля Младатурэцкай рэвалюцыі 1908 быў вымушаны аднавіць канстытуцыю 1876. 27.4.1909 арыштаваны младатуркамі за ўдзел у контррэв. перавароце. Памёр у стамбульскай турме.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЧЫ́Л II (1647 — 27.2.1713),
цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт. зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМА́НЫ,
1) дынастыя турэцкіх султанаў
[1299 ці 1300—1922]. Заснавальнік Асман I [1299 ці 1300 — 1324]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Баязід I, Мехмед II, Селім I Явуз [1512—20],
Сулейман I Кануні, Селім III, Махмуд II, Абдул-Хамід II. Апошні асманскі султан Мехмед VI Вахідэдзін [1918—22] уцёк з Турцыі пасля ліквідацыі султаната (1.11.1922). З ліквідацыяй халіфата (3.3.1924) усе члены дынастыі выгнаны з краіны.
2) Турэцкае насельніцтва Асманскай імперыі.
т. 2, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),
у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).
т. 2, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (1112? — пасля 1127),
клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЭМАРЫ́Н (франц. garde-marine літар. марская гвардыя),
званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром I для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т (ад гастра... + энтэрыт),
вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯШКЕ́ВІЧ (Адам Станіслававіч) (1.11.1902, г. Орша Віцебскай вобл. — 12.9.1962),
генерал-лейтэнант авіяцыі (1959). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік абароны Масквы, Ленінграда, вызвалення Польшчы, баёў за Берлін. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, нам. нач. Ваенна-паветр. акадэміі.
т. 6, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБ,
у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.
т. 5, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)