Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС УЗРО́ЎНЮ ЖЫЦЦЯ́,
паказчык, што адлюстроўвае якасныя адносныя змены матэрыяльнага дабрабыту, сац. і культ. кошту ўмоў жыцця насельніцтва ў сувязі са зменамі цэн на тавары і паслугі. Вызначаецца даходамі насельніцтва, якія падзяляюцца на сукупныя, намінальныя, распараджальныя, канчатковыя, рэальныя. Абагульняльным паказчыкам узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго матэрыяльных і духоўных патрабаванняў з’яўляюцца рэальныя даходы насельніцтва, што характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт, якія набыты на гэтыя даходы і выкарыстоўваюцца ў выніку атрымання платных і бясплатных паслуг. Іх узровень залежыць ад памераў канчатковых даходаў насельніцтва, што атрымліваюцца за пэўны прамежак часу (сукупных даходаў за вылікам з іх падаткаў, розных грашовых збораў, узносаў і інш. абавязковых плацяжоў) і цэн на прадметы спажывання і паслугі. Пры росце даходаў і нязменным узроўні цэн рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца, а пры нязменным памеры даходаў і росце цэн зніжаюцца. Змяненне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва вымяраецца індэксам рэальных даходаў насельніцтва, які вызначаецца суадносінамі памераў гадавых рэальных даходаў насельніцтва ў цэнах базіснага перыяду. У выпадках, калі грашовыя расходы насельніцтва на пакупку тавараў, аплату паслуг павялічваюцца больш хуткімі тэмпамі, чым рэальныя даходы, мае месца рост цэн і, як вынік, зніжэнне І.у.ж. Павелічэнне расходаў на падтрыманне фіксаванага ўзроўню жыцця выклікае неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер, што выяўляецца ў індэксацыі даходаў. Гл. таксама Індэкс кошту жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Камчацкай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс.км². Нас. 33 тыс.чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п.Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт.Камчацкая вобласць).
Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.
Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс.т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНО́ ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.
Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).
А.І.Болсун.
Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял.колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКу мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел.літ. мовы не характэрныя.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,
буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.І.Сапега, у 1736—72 М.Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.М.Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.П.Ярмолаву (4445 душ), В.Я.Чычагову (3997), А.А.Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб.колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.