частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-гатыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.
Літ.:
Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;
Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;
Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4;
Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1996. № 10;
Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;
Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.
Ю.М.Бохан.
Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
юрыдычная форма фактычнага валодання зямлёй. Права землеўладальніка вытворнае і залежнае ад права зямельнай уласнасці.
Аб’ектам гэтага права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца зямельны ўчастак, дадзены для мэт, замацаваных у заканадаўстве. Кодэкс аб зямлі замацоўвае 2 віды З.: пажыццёвае спадчыннае валоданне зямлёй грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаяннае валоданне калгасаў, саўгасаў, інш.дзярж., каап., грамадскіх прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, рэліг. арг-цый. Зямельныя ўгоддзі даюцца грамадзянам у пажыццёвае спадчыннае валоданне з мэтай вядзення сялянскай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома, дачнага буд-ва, садаводства, жывёлагадоўлі і традыц.нар. промыслаў. У законе ўстаноўлены найб. нарматывы плошчы зямельных участкаў для кожнай мэты (напр., для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 гас.-г. угоддзяў). У пастаяннае валоданне зямля даецца для 2 мэт — для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі. Ва ўсіх астатніх выпадках юрыд. асобам зямля даецца ў карыстанне або арэнду. Кожны землеўладальнік можа быць адначасова і землекарыстальнікам, але не наадварот. У адрозненне ад прыватнага ўласніка землеўладальнік пазбаўлены права распараджацца зямельным участкам. Паводле закону землеўладальнік мае права самастойна гаспадарыць на зямлі, мае права ўласнасці не толькі на пасевы і вырабленую с.-г. прадукцыю, але і на даходы ад яе рэалізацыі і, у выпадку адабрання зямлі або добраахвотнага адмаўлення ад зямельнага ўчастка, мае права атрымаць поўную кампенсацыю затрат на павышэнне ўрадлівасці глебы. У астатнім іх правы ідэнтычныя правам і абавязкам землекарыстальнікаў (гл.Землекарыстанне). Падставы ўзнікнення, пераходу і спынення права З. таксама адзіныя.
У феад. перыяд на Беларусі было шырока распаўсюджана ўладанне няўласнымі землямі (пасесія), формамі яго былі падараванне, арэнда, заклад (застава), пажыццёвае кіраванне (трыманне). У пасесійным уладанні, пераважна ў форме падаравання буйным феадалам, часта знаходзіліся дзярж. землі. У заклад і арэнду паступалі ў асноўным прыватнаўласніцкія землі — ва ўладанне магнатаў і найб. прадпрымальніцкай ч. буйной і сярэдняй шляхты. У ролі трымальніка зямель выступала і царква. У 16 ст ў ВКЛ прыватнае З. складала каля 65%, дзяржаўнае — 30, царкоўнае — 5%. У выніку пераразмеркавання ўладання зямлёй на Беларусі ў апошняй чвэрці 18 ст. на прыватнае З. прыпадала 79,8% зямельнай плошчы, дзяржавы — 7,6, царквы — 12,6%. Памешчыкі часта закладвалі зямлю ў крэдытных установах. Пасля рэформы 1861 уладальнікамі зямельных надзелаў сталі і сяляне, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці і пераведзеныя на выкуп. Купля-продаж і дарэнне зямлі былі моцна абмежаваны. Сялянам забаранялася закладваць надзельныя землі нават пасля выкупу. Яны былі абмежаваны і ў правах распрацоўкі нетраў на надзельнай зямлі. Абмяжоўвалася права сялян на надзельную зямлю, замацаваную ў асабістую ўласнасць у выніку Сталыпінскай аграрнай рэформы (продаж гэтай зямлі толькі сялянам, заклад яе толькі ў Сялянскім пазямельным банку). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 уласнікам зямлі з’яўлялася Сав. дзяржава, якая валодала і правам З. Грамадзяне і арг-цыі маглі валодаць зямлёй толькі ў выпадках, калі яе давалі ў карыстанне сав. органы. У сувязі з нацыяналізацыяй зямлі ў СССР у зямельных адносінах былі выключаны купля-продаж зямлі. Зямля не магла быць аб’ектам таварнага абароту, пазыкі, арэнды, дарэння і завяшчання; забараняўся абмен зямлі без ведама і дазволу дзяржавы.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ,
юрыдычны тэрмін у прававых дакументах ВКЛ 15—18 ст. (у 18 ст. ўжываўся рэдка), якім абазначаліся некалькі дзесяткаў розных катэгорый насельніцтва, часам вельмі вузкія групы. Найб. пашыраныя тэрміны: Л. народу хрысціянскага, пенежныя, простага стану, прыказныя, свавольныя, лёзныя.
Л. народу хрысціянскага — грамадзяне (абывацелі) хрысціянскай веры; насельніцтва ВКЛ, якое поўнасцю карысталася палажэннямі Статутаў 1529, 1566 і 1588. Спец. артыкул ва ўсіх Статутах забараняў нехрысціянам мець нявольнікаў-хрысціян. Купля хрысціяніна ці хрысціянкі ў няволю яўрэем, татарынам і «кождым бесурмяниным» лічылася незаконнай. Перавод з хрысціянства ў інш. рэлігію забараняўся і караўся аж да спалення на кастры.
Л. пенежныя (Л. «в пенязех») — катэгорыя сялян у 15—1-й пал. 16 ст., якія, пераходзячы да новых феадалаў, бралі ў іх пазыку і абавязваліся выконваць сял. службу да моманту яе выплаты. «Л. пенежнымі» наз. таксама і жаўнераў, наёмных салдат у войску ВКЛ у 15—16 ст., якія атрымлівалі за сваю службу грашовае жалаванне (пенязі). Тэрміны «Л. пенежныя» і «Л. служэбныя» сустракаюцца ў шматлікіх дакументах Літоўскай метрыкі. Л. служэбныя падзяляліся на Л. езных (конніцу) і Л. пешых (пяхоту).
Л. простага стану — мяшчане і сяляне ў ВКЛ. Тэрмін сустракаецца ўжо ў Статуце ВКЛ 1529. У Статуце ВКЛ 1566 у 1-м артыкуле 12-га раздзела ўпамінаюцца панцырныя і путныя слугі, бортнікі, цяглыя сяляне, парабкі. Часцей тэрмін «Л. простага стану» сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588, дзе пералічаны іх катэгорыі: «бояре панцерные, путные, мещане, або люди тяглые». 12-ы раздзел Статута ў загалоўку мае тэрмін «людзі простыя». Гэты тэрмін часта ўжываўся і ў інш.афіц. актах 16 ст.
Л. прыказныя (слугі прыказныя) служылі па вольным найме ці былі аддадзены на службу вотчыннікам. Юрыдычна былі ўраўнаваныя з Людзьмі «пахожымі» вольнымі. Таму ўжываўся і тэрмін «Л. вольныя, прыказныя, пахожыя».
Л. свавольныя — разбойнікі, якія хаваліся ў стэпах паўд. часткі ВКЛ, рабавалі маёнткі магнатаў і шляхты, нападалі на пагранічнае насельніцтва суседніх краін. Законы ВКЛ абавязвалі старостаў і гетманаў лавіць іх і караць смерцю. У дакументах 16—17 ст. тэрмін ужываўся і для абазначэння людзей лёзных, а таксама казакоў-паўстанцаў.
Л. лёзныя, люзныя, гультаі — сацыяльная і юрыдычная катэгорыя насельніцтва, якая існавала ў ВКЛ у 16—17 ст. Паходзілі пераважна з вольных сялян, людзей «пахожых», якія страцілі сваю гаспадарку і ў пошуках заробку пераходзілі з вёскі ў вёску, а ў канцы 16—17 ст. — з горада ў горад. Яны папаўнялі гарадскі плебс, выконвалі часовыя работы ў рамеснікаў ці гандляроў, наймаліся матросамі на гандл. судны. На перыяд жніва і сенакосу ці ў час вайны Л. лёзныя прымусова выкарыстоўваліся на с.-г. работах. У 1-й пал. 17 ст. Л. лёзныя складалі ў некат. гарадах Беларусі каля 10—13% насельніцтва (Слонім, Мінск, Чавусы, Слуцк, Магілёў, Віцебск, Полацк). Па меры запрыгоньвання сялянства катэгорыя Л. лёзных у 2-й пал. 17 ст. знікае.
Літ.:
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975. С. 221—223;
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 57—61.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),
выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл.Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв.фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.
Найб. стараж. М. вядомы з 3-гатыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г.бел. мастак Н.Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.Васняцова, Р.Гутуза, А.Дайнекі, Г.Клімта, Ф.Лежэ, І.Рабіновіча, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Б.Тальберга, М.Урубеля, Х.Эрні, архітэктара А.Гаўдзі і інш.
На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.Стальмашонак, В.Даўгала), «Інстытут культуры» (В.Чайка, С.Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.Самсонаў) і інш.
А.М.Пікулік.
Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.Да арт.Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.Да арт.Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,
халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-гатыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),
расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас.сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл.Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ.«Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.
Тв.:
Соч.Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;
Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.
Літ.:
Тютюкин С.В. Г.В.Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 28.9.1937. Пл. 178,2 тыс.км². Нас. 2743 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Новасібірск. Найб. гарады: Бердск, Іскіцім, Куйбышаў, Барабінск, Татарск, Карасук. Займае паўд.-ўсх.ч.Зах.-Сіб. раўніны, паміж рэкамі Об і Іртыш. Большая ч. тэрыторыі — Барабінская нізіна, на Пн забалочаная Васюганская раўніна, на У адгор’і Салаірскага кража (выш. да 498 м). У цэнтр. і паўд. частках — рэльеф грывісты; «грывы» выш. 6—10 м, выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ. Паніжэнні паміж імі заняты балотамі і азёрамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, торф, буд. матэрыялы. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -16 °C (на Пд) і -20 °C (на Пн), ліп. 18—20 °C. Ападкаў ад 250 мм на ПдЗ да 500 мм на Пн і У вобласці. Гал. рака — Об з прытокамі Бердзь і Іня, на ПнЗ прытокі Іртыша Ом і Тара. Рэкі Карасук, Чулым, Каргат і інш. ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры. Больш за 3 тыс. азёр, найб. Чаны, Сартлан, Убінскае. Новасібірскае вадасховішча на р. 06. Шмат балот. Глебы падзолістыя, шэрыя лясныя, чарназёмныя. Лясы займаюць каля 11% тэрыторыі. На Пн — забалочаная тайга (піхта, елка, хвоя, кедр з дамешкамі бярозы, асіны), на У хваёва-бярозава-асінавыя лясы, на Пд — лесастэпы з бярозавымі колкамі. на ПдУ участкі стэпаў.
Вядучае месца ў прам-сці належыць машынабудаванню і металаапрацоўцы (вытв-сць станкоў, гідрапрэсаў, самалётаў, прылад радыёэлектронікі, сродкаў сувязі, у т. л. касмічных, энергет. машын і абсталявання, у т. л. для атамнай энергетыкі, с.-г. машын, абсталявання для тэкст. прам-сці і інш.). Развіты чорная і каляровая металургія, хім. і хіміка-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр., лёгкая, харч.прам-сць. Па вытв-сці мяса, малака і кандытарскіх вырабаў Н.в. уваходзіць у лік вядучых рэгіёнаў Расіі. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Новасібірская ГЭС (на р. Об) і Барабінская ДРЭС (г. Куйбышаў). Н.в. — важны с.-г. раён Сібіры. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,6 млн.га, у т. л. ворныя землі 4 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень, авёс) і зернебабовых культур пераважна ў паўд. раёнах. З тэхн. культур вырошчваюць лён і сланечнік, з кармавых — кукурузу і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней. Развіта птушкагадоўля. Пчалярства. Асн. значэнне мае чыг. транспарт (каля 90% грузаабароту). Даўж. чыгунак 1,5 тыс.км. Гал. чыгункі: участак Транссібірскай магістралі, Новасібірск—Кузбас, Новасібірск—Барнаул, Татарск—Карасук—Кулунда. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,6 тыс.км. Суднаходства па р. Об (497 км). Нафтаправод Башкірыя—Омск—Новасібірск—Іркуцк з адгалінаваннямі. Курорт Карачы.
Беларусы ў Новасібірскай вобласці. Масавыя міграцыі з Беларусі на тэр. сучаснай Н.в. адбываліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Паводле перапісу 1911 у Каінскім пав. было 1113 гаспадарак беларусаў — выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губ. Перасяленцы з Магілёўшчыны і Міншчыны заснавалі ў 1906 в. Аляксандраўка (цяпер Балотнінскі р-н), якая ў 1916 налічвала больш за 100 двароў. У 1-ю сусв. вайну ў рэгіёне асела частка бел. бежанцаў, у 1917—18 у в. Казлоўка — стараверы з Мінскай губ. У 1920—30-я г. з Беларусі сюды дэпартавалі раскулачаных, рэпрэсіраваных і інш. Паводле перапісу 1926 у г. Новасібірск жыло 433, у Новасібірскай акрузе — 37 439, у Барабінскай — 26 270 беларусаў. Яны вырошчвалі лён на адваяваных у тайгі землях, займаліся рамёствамі, традыц.нар. творчасцю. Паводле перапісу 1939 у Н.в. жыло 41 713 беларусаў. Тут адбываў ссылку бел. пісьменнік Т.Лебяда. У Вял.Айч. вайну ў Новасібірск эвакуіравана 141 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. калектыў Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Пасля вайны ў Н.в. ехалі жыхары Беларусі па вярбоўцы, на новабудоўлі, па размеркаванні выпускнікі ВНУ. Паводле перапісу 1959 у Н.в. 11 684 беларусы (пераважна ў гарадах). На 1989 іх стала 13 137 чал.Бел. фальклор, маст. самадзейнасць, дэкар.-прыкладное мастацтва найб. захаваліся ў Кыштоўскім р-не, дзе сканцэнтравана да 30% нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў. Іх побыт, адзенне, культ. спадчыну адлюстроўваюць і экспанаты краязнаўчых музеяў у с. Кыштоўка і г. Новасібірск. Узоры нац. фальклору беларусаў Новасібіршчыны, сабраныя ў час 4 комплексных навук. экспедыцый 1985—92, увайшлі ў працу, якую выдае Сіб. аддзяленне Рас.АН (г. Новасібірск). У 1994 у Новасібірску ўзнікла культ.-асв.т-ва «Беларусы Сібіры» (старшыня У.Галуза). Т-ва правяло сустрэчу прадстаўнікоў бел. арг-цый з Омска, Томска, Барнаула, Кемерава, Новакузнецка, Краснаярска (1995), ініцыіравала абласны фестываль бел. культуры, грамадскія скарынаўскія чытанні, шэраг выставак, у т. л. фотавыстаўку памяці вучонага В.А.Капцюга (усе 1997). У 1997 у Кыштоўцы праведзены раённы фестываль бел. культуры з удзелам фалькл. гуртоў і калектываў маст. самадзейнасці з вёсак Залівіна, Камышынка, Каўбаса, Круціха, Мяжоўка, Пахомава. У 1998 бел. ансамбль «Азарычы» (маст. кіраўнік Н.Шпурык) адзначаны залатым медалём Сіб. кірмашу за «чысціню традыцый і нац. культуру ў рукатворных касцюмах». З 1995 у новасібірскай б-цы імя А.Чэхава існуе аддзел бел. л-ры, з 1998 на абл. тэлебачанні дэманструецца бел. праграма, адкрыта спецыялізацыя «бел. мова і л-ра» на філал. ф-це Новасібірскага дзярж.пед. ун-та. З 1997 у Новасібірску створаны і асвячоны абраз св. Ефрасінні Полацкай, блаславёна буд-ваправасл. царквы ў гонар прападобнай Ефрасінні. Фінансаванне т-ва забяспечваюць М.Сулкоўскі (з 1997 узначальвае т-ва «Беларусы Сібіры», ён жа адзін з фундатараў праграмы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» па стварэнні копіі крыжа св. Ефрасінні Полацкай) і інш. прадпрымальнікі бел. паходжання. У вер. 1997 зарэгістравана Грамадская арг-цыя новасібірскай рэгіянальнай нац.-культ. аўтаноміі беларусаў (прэзідэнт Галуза), якая ўваходзіць у нац.культ. аўтаномію «Беларусы Расіі» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Дэлегаты ад новасібірскіх беларусаў удзельнічалі ў працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), I і II з’ездаў беларусаў свету, нарадзе прадстаўнікоў замежных суполак (Мінск, 1995). Новасібірскія беларусы аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (напр., акадэмік А.Трафімук перадаў сваю Дзярж. прэмію Расіі на карысць бел. дзяцей-чарнобыльцаў, У.Драздоў ініцыіраваў стварэнне спец. фонду ўзаемадапамогі пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС). У 2000 у Новасібірску выдадзена сумесная праца вучоных ін-таў гісторыі Нац.АН Беларусі і Сіб. аддзялення Рас.АН — зб. «Беларусы ў Сібіры».
Літ.:
Фурсова Е.Ф. Традиционно-бытовые особенности культуры белорусов-переселенцев конца XIX — начала XX в. (по материалам этнографических экспедиций) // Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Лыч Л.М. Национально-культурное строительство в БССР и белорусская диаспора Сибири (1920-е — первая половина 1930-х гг.) // Там жа.