будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл.Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелерыдаўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайнамінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.
Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ ДО́ШКА,
пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.Міцкевічу ў Навагрудку, У.Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.І.Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.А.Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.Глебку, А.Куляшову, М.Лынькову, А.Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.Малчанаву, Л.Александроўскай, Л.Ржэцкай, Г.Глебаву, Б.Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.Шырме; і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,
форма міжнар.эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш.юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп. сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫЯ жанр сярэдневяковага рэліг.т-ра 14—16 ст. Сюжэты засноўваліся на Бібліі, Евангеллі, жыціях святых. Паходзіць ад літургічнай драмы, ад інсцэнізацыі асобных эпізодаў літургіі. Пашырылася з ростам сярэдневяковых гарадоў, асабліва ў Францыі. Паказы наладжваліся звычайна на гар. плошчах, кірмашах ў час рэліг. свят на Вялікдзень і Каляды і працягваліся па некалькі дзён. Выканаўцамі, акрамя вядучага, які спецыяльна прызначаўся і звязваў у адно розныя падзеі, звычайна выступалі рамеснікі, цэхавыя майстры, а таксама вандроўныя акцёры скамарохі. У асн. тэксты ўстаўляліся інтэрмедыйныя камічныя сцэнкі свецкага, быт. характару. Выкананне было рознастылявым: рэліг. сцэны праводзілі падкрэслена ўзнёсла і патэтычна, быт. — з яркай камедыйнасцю, буфоннасцю. Узмацненне антырэліг. матываў прывяло да забароны М. ў большасці краін у 16 ст. На Беларусь М. прыйшла з Зах. Еўропы праз Польшчу ў 16 ст. Прапагандыстамі яе былі езуіты. М. ставіліся ў Полацку ў 1586, 1593 («Аталія») і 1603, у Навагрудку ў 1637 і інш. М. садзейнічала развіццю інш. драматургічных жанраў, заклала асновы прафес.т-ра. Найб. паўплывала на фалькл. драму, нар.т-р, у прыватнасці на батлейку.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—176.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.