ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч.вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1952), Мінскі пед.ін-т (1955). У жн.—ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦККПБ. Чл.ЦККПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНО́ЎСКІ ((Limanowski) Баляслаў) (30.10.1835, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1.2.1935),
польскі гісторык, сацыёлаг, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім (1854—58), Дэрпцкім (1858—60), Львоўскім (1872—73) ун-тах. За арганізацыю антыўрадавай маніфестацыі ў Вільні (1861) арыштаваны, у 1861—67 у ссылцы. З 1870 у Львове, устанавіў сувязь з першымі сацыяліст. гурткамі. З 1878 у эміграцыі, пераважна ў Швейцарыі. У 1881 заснаваў арг-цыю «Люд польскі». Адзін з ідэолагаў і арганізатараў (1892) Польскай сацыяліст. партыі (ПСП). Пасля расколу ў партыі (1906) падтрымаў яе рэв. фракцыю. У 1-ю сусв.вайну падтрымліваў дзейнасць легіёнаў польскіх і Ю.Пілсудскага. У 1922—35 сенатар. Даследаваў гісторыю польскага нац.-вызв. руху 19 ст. Сярод прац: «Аб рабочым пытанні» (1871), «Гісторыя польскай дэмакратыі...» (1901), «Гісторыя паўстання польскага народа 1863 і 1864 г.» (2-е выд. 1909), «Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць» (1916), «Сацыялогія» (ч. 1—2, 1919—21).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).
Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч.вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.—снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.—кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял.Айч.вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв.вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Польскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч.вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХЛЕ́ЎСКІ ((Marchlewski) Юльян Балтазар) (17.5.1866, г. Улацлавак, Польшча — 22.3.1925),
дзеяч польскага і міжнар.сацыяліст. руху, эканаміст, публіцыст. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Саюза польскіх рабочых (1889), Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893; з 1900 — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). У 1893—1904 і з 1908 у эміграцыі. У 1-ю сусв.вайну адзін з заснавальнікаў (1916) «Спартака саюза» ў Германіі. З 1918 у Сав. Расіі, чл.ВЦВК. Удзельнічаў у стварэнні Камуніст. Інтэрнацыянала. У 1920 узначальваў Часовы польскі рэв.к-т у Беластоку. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэктар Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду, першы старшыня ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (1923). Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, агр. пытанні: «Фізіякратызм у даўняй Польшчы» (1897), «Польскія буржуазныя праграмы па аграрным пытанні» (1908), «Антысемітызм і рабочыя» (1913) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1960). У Вял.Айч.вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кідрам. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял.Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч.вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЧЫ,
рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Валхва; чыг. станцыя на лініі Лунінец—Калінкавічы. За 54 км ад Лунінца, 282 км ад Брэста. 14,7 тыс.ж. (1998).
У 19 ст. вёска Ленінскай вол. Мазырскага пав. З часу пракладкі Палескіх чыгунак (1880-я г.) — мястэчка і буйная станцыя; пабудаваны Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр сельсавета ў Ленінскім раёне. У Вял.Айч.вайну з ліп. 1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 1950 цэнтр Ленінскага р-на. З 1960 у Лунінецкім р-не.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод), харч. прам-сці. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале. 3 сярэднія школы, гімназія, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.