пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЖАВО́З, ліхтэравоз,
судна для транспартавання грузаў у баржах — плывучых кантэйнерах. Эксплуатуюцца пераважна баржавозы двух тыпаў — з кранавай і гарызантальнай грузаапрацоўкай. На баржавозах першага тыпу баржы (да 83 баржаў з грузам да 450 т кожная) падымаюцца з вады, перасоўваюцца ўздоўж палубы і ставяцца ў трумы казловым кранам. На баржавозах другога тыпу баржы падымаюцца да ўзроўню грузавой палубы спец. пад’ёмнікам на карме і перасоўваюцца на цялежках да месца ўстаноўкі (да 38 баржаў водазмяшчэннем да 1000 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГІ́Т (ад грэч. augē бляск),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, самы пашыраны з групы піраксенаў (Ca, Na) (Mg, Fe2+, Fe3+, Al, Li) [(Si, Al)2O6]. Састаў вельмі зменлівы. Звычайна з прымесямі хрому, марганцу і інш.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, характэрны двайнікі, агрэгаты пласціністыя, зярністыя. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,2—3,6 г/см³. Вельмі пашыраны пародаўтваральны мінерал, пераважна ў магматычных асноўных (габра, базальты) і ультраасноўных (пірыты, перыдатыты) вывергнутых пародах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50°паўн. ш. і 35°паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),
нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЛЯМІ́ШАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),
рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.А.Рыцоні, 1902, А.І.Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.П.Боткіну ў Пецярбургу (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,
ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРДЭО́Н (франц. accordēon),
музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІНА́ВА,
самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс.мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІБІДЭМІ́Я (ад а... + лібіда),
поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.