Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз. стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял. Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕСЕНТУКІ́,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНКО́ВІЧ (Валянцін Паўлавіч) (н. 5.6.1937, Мінск),

бел. архітэктар і скульптар. Скончыў БПІ (1959), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (1960—70). Асн. работы: мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), Брэсцкая крэпасць-герой, «Кацюша», помнікі М.​Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы, К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1964), падпольшчыкам Асінторфа (1966) і інш. Аўтар помнікаў кулямётнаму разліку (1975) перад уваходам у музей «Белавежская пушча» (Камянецкі р-н), падпольшчыкам в. Лошыца 2-я (цяпер у межах Мінска, 1980), дэкар. кампазіцыі «Бег» на стадыёне «Дынама» (1980), абеліска «Мінск — горад-герой» (1985) у Мінску, манум.-дэкар. кампазіцыі «Ручнікі» (1983) каля Палаца культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

В.П.Занковіч.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІ́КА»,

народнае паўстанне ў сталіцы Візантыі Канстанцінопалі 11—17.1.532. Назва ад клічу-пароля ўдзельнікаў «Ніка!» («Перамагай!»). Рамеснікі, дробныя гандляры, бедната — члены т.зв. цыркавых партый венетаў і праксінаў — разам выступілі супраць падатковага цяжару, праследаванняў ератыкоў і язычнікаў з боку імператара Юстыніяна I. Яны нападалі на ўрадавыя ўстановы, падпалілі горад, аблажылі ў палацы імператара, які дарэмна спрабаваў пагасіць паўстанне частковымі ўступкамі (адстаўка вышэйшых чыноўнікаў). Да руху далучыліся некаторыя сенатары. Паўстанцы абвясцілі імператарам Іпація (пляменніка б. імператара Анастасія I). Урад здолеў шляхам подкупу кіраўніцтва венетаў раскалоць паўстанцаў і потым з дапамогай наёмных атрадаў готаў і герулаў задушыць «Н.»: 35 тыс. чал. забіты, Іпацій пакараны смерцю, многія апазіцыйныя сенатары сасланы.

Літ.:

Чекалова А.А. Константинополь в VI в.: Восстание Ника. 2 изд. СПб., 1997.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́Д НА РЫМ 1922,

палітычная акцыя італьян. фашыстаў на чале з Б.Мусаліні, у выніку якой яны прыйшлі да ўлады ў краіне. 16 кастр. на нарадзе фаш. кіраўнікоў у г. Мілан для арганізацыі паходу створаны «квадрумвірат». 24 кастр. ў Неапалі адкрыўся з’езд фаш. партыі (у горад прыбыло каля 40 тыс. фашыстаў), на якім Мусаліні паставіў ультыматум ураду, патрабуючы для сваіх прыхільнікаў 5 міністэрскіх пасад. 27 кастр. пачалася мабілізацыя фаш. дружын, якія 28 кастр. рушылі 4 калонамі на Рым (дасягнулі яго 30 кастр.). Апасаючыся грамадз. вайны, кароль Віктар Эмануіл III 28 кастр. адправіў у адстаўку ўрад Л.​Факці, а 29 кастр. прапанаваў Мусаліні сфарміраваць новы ўрад. 30 кастр. Мусаліні прыбыў у Рым і стаў прэм’ер-міністрам Італіі.

Літ.:

Гл. пры арт. Б.Мусаліні.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕА́ПАЛІС (Minneapolis),

горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота. Каля 380 тыс. ж., з г. Сент-Пол і агульнымі прыгарадамі 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна паміж воз. Мічыган і Скалістымі гарамі. Буйнейшая ў свеце збожжавая біржа. Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі. Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, электронных кампанентаў, быт. радыё- і тэлевізійнай апаратуры і інш.), эл.-тэхн., прыладабуд., аўтазборачная. Вытв-сць дарожна-буд., с.-г. машын, рознага прамысл. абсталявання. Ваенная, нафтаперапр., хім., папяровая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Ун-т. Планетарый. Музеі і маст. галерэі, у т. л. Ін-т мастацтва (з багатай калекцыяй еўрап. жывапісу і дакалумбавага мастацтва). Сімф. аркестр Мінесоты (з 1903).

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІР ДЖАЛА́Л (сапр. Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),

азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-р філал. н. (1947). Скончыў пед. ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял. Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб. вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.​Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.​Дж. пераклаў В.​Рабкоў.

Тв.:

Рус. пер.: — Куда ведут дороги. М., 1979.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧЭ́РА,

старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн. Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр. Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́Я,

горад у Японіі, на Пд цэнтр. часткі в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Айты. 3213 тыс. ж. (1998). Н. — ядро агламерацыі, якая ўключае 27 гарадоў, з насельніцтвам каля 6 млн. чал. (1998). Буйнейшы (пасля Токіо і Осакі) эканам. і культ. цэнтр краіны, адзін з асн. партоў у зал. Ісе Ціхага ак. (каля палавіны знешнегандл. грузаабароту Японіі). Прам-сць: разнастайнае машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; судна- і аўтамабілебудаванне, дакладнае прыладабудаванне; чорная і каляровая металургія, нафтахім., тэкст., харч., паліграф., фарфора-керамічная, мэблевая. Метрапалітэн. Ун-т. Маст. музей Такугава, Маст. галерэя прэфектуры Айты, Музей скарбаў замка Нагоя. Бат. сад. Сінтаісцкае свяцілішча Ацута (пачатак н. э.), храм Тафукудзі (8 ст.), замак Нагоя з паркам (17 ст.), Ваенна-марскі арсенал.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)